Скрын відэа

Скрын відэа

Відэа на Youtube Юрый Дудзь назваў «Размова з тым, хто падтрымлівае войска Расіі».

Прадстаўляючы героя, Дудзь кажа, што даўно хацеў зрабіць інтэрвʼю з прыхільнікам вайны, але ніхто не згаджаўся.

Рэзанансу інтэрвʼю дадала неверагодная алагічнасць выказванняў 48-гадовага Кучэры, поўны спектр выкарыстання ім прапагандысцкіх штампаў і хаатычнасць іх ужывання.

Кучэра, напрыклад, падтрымлівае Пуціна і войска Расіі, але сцвярджае, што выступае супраць вайны. Паводле яго, сам ваяваць ён пойдзе, як прызавуць, але не хоча, каб на вайну пайшлі яго дарослыя дзеці. Тых, хто зʼехаў пасля пачатку вайны, Кучэра «разумее», а тых, хто пакінуў краіну пасля пачатку мабілізацыі, лічыць здраднікамі (Кучэра — бацька 5 дзяцей, 4 з якіх — непаўналетнія, так што яму мабілізацыя не пагражае, хоць падчас гутаркі ён зрабіў выгляд, што для яго гэта навіна).

Кучэра доўга пераконваў Дудзя, што Расія не ставіла сваёй мэтай заваяванне тэрыторый Украіны («Я ўпэўнены абсалютна»).

— Што тады адбылося, калі Расія абвясціла, што Данецкая, Луганская, Херсонская і Запарожская вобласці — гэта РФ? Што гэта, калі не заваёва? — спытаў Дудзь.

— Заваёва, — пагадзіўся суразмоўца.

Кучэра, які шмат падарожнічаў па свеце, распавядаў Дудзю, што эканоміка ЗША блізкая да краху, там людзі галеюць, жудаснае падзенне нораваў.

Дудзь просіць нагадаць, дзе жонка Кучэры нараджала малодшае дзіця. Той адказаў, што ў ЗША.

— Вы зрабілі сыну пашпарт ЗША? — пытаецца Дудзь.

— Так, вядома. Глупствам было б не зрабіць! Я лічу, хто не зрабіў бы гэта — проста дурань. Як мінімум, з гэтым пашпартам яму не трэба будзе рабіць візы, каб лётаць па свеце. Калі наогул у чалавека з расійскім пашпартам будзе магчымасць далей лётаць па свеце.

 

Кучэра шмат абвінавачваў Захад у тым, што той не прадухіліў вайну: «Чаму нельга было сказаць: стоп, хлопцы, спыніцеся, давайце, каб не паміралі людзі». Дудзь нагадаў, што і да, і пасля пачатку вайны «і Макрон прылятаў, і Шольц сядзеў і па тэлефоне размаўляў, і ўсё астатняе».

— Можа быць, Пуцін проста адмаўляўся і не даваў сябе пераканаць? — задаў пытанне Дудзь.

— Давай так. Ты рэальна лічыш, што Пуцін звар'яцеў? Мне хочацца зразумець… То-бок, ты лічыш, што мы маем справу з варʼятам? Ты лічыш, што Уладзімір Пуцін хоча проста забраць сабе тэрыторыю ўсёй Украіны або, не ведаю, вось гэтую Херсонскую вобласць, Запарожскую вобласць, Данбас? Проста забраць, каб… У нас сваіх праблем няма? Нам яшчэ карміць трэба [анексаваныя тэрыторыі]? Ці там вялікія, незлічоныя багацці, без якіх мы пражыць не можам? Ну, проста растлумач мне, калі ласка… — намацваў здагадку Кучэра.

Дудзь заўважыў, што Пуцін сам адказаў на гэтае пытанне, калі сказаў, што Азоўскае мора стала нарэшце расійскім, пра што яшчэ Пётр I марыў.

— Я, напэўна, тады, як чалавек, спадзяюся, разумны, не магу ў гэта паверыць проста. Таму што гэта нейкая недарэчнасць, — заявіў Кучэра.

Часам здавалася, што суразмоўца Дудзя можа зрушыцца са сваёй пазіцыі. Але 18 студзеня ён пракаментаваў гэта інтэрвʼю. Ён заявіў, што пагадзіўся на гутарку, бо, «акрамя ліберальна настроеных таварышаў, якім сорамна, што яны рускія, павінна гучаць і іншае меркаванне».

«Не чакаў, што будзе столькі падтрымкі. А тое, што падтрымліваю нашых хлопцаў, дык гэтым магу толькі ганарыцца. Ну і лепш быць дурнем, чым падлюгаю», — сказаў вядучы.

Інтэрвʼю стала галоўнай тэмай абмеркавання ў сацсетках.

Клас
27
Панылы сорам
16
Ха-ха
93
Ого
7
Сумна
10
Абуральна
20