Дзякуючы неабыякавым людзям удалося закупіць будматэрыялы для пераробкі цалкам усяго даху «Макар-клуба»

Дзякуючы неабыякавым людзям удалося закупіць будматэрыялы для пераробкі цалкам усяго даху «Макар-клуба»

З «нам усе павінны» на «хто, калі не мы?»

Андрэй прызнаўся, што яму было балюча глядзець, як месца, з якім у яго звязана шмат прыемных успамінаў, памірала.

«Спачатку закрылі школу, потым «разабралі» стаматалогію, самы стары будынак у вёсцы — краму 1922 года пабудовы — расцягалі на дровы. Людзей станавілася ўсё менш і менш. З 600 жыхароў у Касарычах засталося 30. Я зразумеў, што калі тут не будзе людзей, то неўзабаве вёска памрэ. І вырашыў паспрабаваць аб'яднаць жыхароў, якія засталіся, каб адрадзіць Касарычы, зрабіць вёску папулярнай».

Пачалі з таго, што прыбралі парк, які за дваццаць гадоў густа зарос. Потым вырашылі паставіць там арт-лаўкі. Конкурс эскізаў правялі сярод студэнтаў Брытанскай школы дызайну ў Маскве. Грошы на канструкцыі збіралі праз інтэрнэт на краўдфандынгу («народнае фінансаванне»). Каб паставіць дызайнерскія лаўкі, правялі чарговы суботнік, у выніку кожны ахвотны мог паўдзельнічаць у агульнай справе.

Цяпер арт-аб'екты — папулярнае месца для адпачынку і фотазоны ў Касарычах. У 2017 годзе ў ноч на Івана Купалу касарычане ператварылі ў арт-аб'ект аўтобусны прыпынак. Прысвяцілі яго Максіму Багдановічу, продкі якога з гэтай вёскі. Такім чынам заклалі традыцыю на Купалле не разбураць і ламаць, а ствараць штосьці новае.

Будынак клуба ў пачатку 1980-х

Будынак клуба ў пачатку 1980-х

«Мне хацелася змяніць мысленне вясковых жыхароў з «нам усе павінны» на «хто, калі не мы?», — кажа Андрэй. — Ідэя была ў тым, каб у вёсцы з'яўляліся новыя праекты, але пры гэтым каб ініцыятывы сыходзілі ад розных людзей. І што вы думаеце, атрымалася. Цяпер касарычане не чакаюць, калі хтосьці прыйдзе і зробіць штосьці за іх. Сваімі сіламі паставілі паклонны крыж, уладкавалі валейбольную пляцоўку. На чарзе — дзіцячая пляцоўка і поле для міні-футбола, творчыя і сувенірныя майстэрні, аднаўленне царквы.

Планаў па развіцці вёскі вельмі шмат. Я пакуль што жыву на дзве краіны. Калі прыязджаю з Масквы ў Касарычы і бачу, што тут з'явілася штосьці новенькае, радуюся. Значыць, мая тактыка — пачаць з сябе і заахвоціць іншых — аказалася жыццяздольнай».

«Платы, ліштвы — вялізная каштоўнасць»

За апошнія гады ў Касарычах пабудавана ці прыведзена ў парадак каля 10 дамоў. Сярод іх і хата дзеда Макара, у якую Андрэй прыязджаў у дзяцінстве на канікулы.

«Дзед Макар пабудаваў яе яшчэ ў 1944 годзе. Я адрэстаўраваў з любоўю, у памяць пра сваіх продкаў. Новы дах зрабіў з трыснягу. Там усё аўтэнтычна: клямкі, замкі тых часоў, печка… Убачыўшы станоўчыя змены ў вёсцы, многія таксама пачалі рамантаваць старыя хаты бабуляў і дзядуль. Гэта вынік, якога я хацеў дасягнуць. Каб людзі не з'язджалі, не кідалі свае сядзібы. Некалькі чалавек мне сказалі: «А я не буду дом прадаваць, бо вёска адраджаецца».

Радыя ў Касарычах і новым жыхарам. У вёскі ёсць нават свой сайт. Там клапатлівыя вяскоўцы сабралі інфармацыю з фотаздымкамі пра дамы, якія выстаўленыя гаспадарамі ці сельсаветам на продаж.

«Людзі купляюць дамы і прыводзяць у парадак закінутыя ўчасткі. Гэта вонкава мяняе вёску ў лепшы бок. А калі новыя суседзі яшчэ і актыўныя, з цікавымі захапленнямі — гэта наогул цудоўна. Хочацца, каб Касарычы далей жылі і развіваліся. Каб у людзей, якія мараць купіць ці пабудаваць дамок у вёсцы, Касарычы былі на слыху, стаялі ў першых шэрагах у спісе прыцягальных месцаў Беларусі», — дзеліцца Андрэй.

Маленькі Андрэй разам з прадзедам Макарам і прабабуляй Домнай

Маленькі Андрэй разам з прадзедам Макарам і прабабуляй Домнай

Дамы ў вёсцы ў асноўным пасляваеннай пабудовы, ім па 50—70 гадоў. Вясковыя платы, ліштвы на вокнах — усё гэта мае вялізную каштоўнасць. На жаль, пакуль не ўсе людзі гэта разумеюць.

Андрэй Уфімцаў заўсёды прыводзіць прыклад:

«Вось прыязджаеце вы ў швейцарскую ці італьянскую вёсачку — і захапляецеся: як прыгожа. Вы ж не бачыце там кіламетровых платоў з прафнасцілу, там усё вытрымана ў адным стылі. У нас у Касарычах таксама ёсць свой самабытны стыль. Калі нам удасца яго захаваць, то гэта будзе цудоўна.

Я не кажу, што ўсім трэба жыць па-даўнейшаму, можна будаваць сучасныя дамы, але ўсё адно вытрымліваць агульны стыль беларускай вёскі. У Галандыі яшчэ ў ХVІІ стагоддзі вяскоўцаў вучылі гэтаму, нават курсы праводзіліся. Там чалавек не можа паставіць агароджу без уліку меркавання суседа».

Фільм Феліні на плёнцы ды музей індзейца…

Адзін з самых буйных і важных праектаў у вёсцы — гэта стварэнне суседскага культурнага цэнтра. У 2018 годзе Андрэй Уфімцаў выкупіў напаўразбураны будынак касарыцкага клуба. Раней у яго сценах праходзілі вясковыя сходы і канцэрты, па вечарах круцілі фільмы, нават быў свой хор і вучылі іграць на акардэоне ды баяне.

Апошнія 10 гадоў будынак стаяў закінуты, за гэты час яго так расцягалі, што не засталося ні печак, ні падлогі, ні вокнаў.

«Макар-клуб» — месца для творчых сустрэч вяскоўцаў і іх гасцей

«Макар-клуб» — месца для творчых сустрэч вяскоўцаў і іх гасцей

«Было зразумела, што калі не выкупіць і штосьці з гэтым не зрабіць, то ўсё разбурыцца. Спачатку былі грандыёзныя планы: мы правялі сярод архітэктараў конкурс праектаў на рэканструкцыю клуба, але ў сувязі з пандэміяй нам не ўдалося сабраць грошы на іх рэалізацыю, інвестарам было не да таго. Па дагаворы выкуплены будынак трэба было прывесці ў парадак на працягу трох гадоў. Таму вырашылі не чакаць з мора пагоды, а зрабіць рамонт з улікам таго бюджэту, які ў нас быў (прыватныя інвестыцыі трох чалавек)».

6 чэрвеня 2021 года адноўлены будынак клуба адчыніў свае дзверы. Назвалі яго ў гонар Андрэевага прадзеда — «Макар-клуб».

«Думалі назваць на сучасны манер «Макар-сlub», але зразумелі, што больш правільна захаваць традыцыю. Бо мясцовыя жыхары, колькі сябе памятаю, заўсёды называлі будынак клубам, нават калі ён стаяў у закінутым стане. Дзед Макар быў паважаным чалавекам, прыкладным сем'янінам, меў траіх дзяцей, не піў, не курыў, пражыў сто гадоў. Таму старажылы вёскі яго памятаюць».

На больш як 200 квадратных метрах «Макар-клуба» размясціліся тры музеі, каворкінг (калектыўны офіс, людзі з задавальненнем тут працавалі летам), сучасная бібліятэка, бук-кросінг (абмен кнігамі), грамадская гасціная, куды можна прыйсці пагуляць у даміно, шахматы, кіна-канцэртна-выставачная зала. І ўсё гэта для жыхароў вёскі і іх гасцей абсалютна бясплатна.

За паўтара года ў сценах «Макар-клуба» прайшло шмат цікавых мерапрыемстваў, майстар-класаў для дзяцей і дарослых. У прыватнасці, у адноўленым кінатэатры летась сумесна з Гомельскім кінаклубам правялі першы фестываль плёначнага кіно «Без папкорну», падчас якога ладзіліся ў тым ліку і паказы мультфільмаў. Каб паглядзець фільм Федэрыка Феліні ў плёначным варыянце, у Касарычы прыязджалі людзі з розных гарадоў.

Сям'я Андрэя мае калекцыю кінатэхнікі і фільмаў ХХ стагоддзя і з радасцю дзеліцца гэтымі скарбамі з усімі ахвотнымі.

У падтрымку кампаніі па аднаўленні даху «Макар-клуба» сябра вёскі Дзмітрый Васілеўскі ўвасобіў вобраз дзеда Макара ў метале

У падтрымку кампаніі па аднаўленні даху «Макар-клуба» сябра вёскі Дзмітрый Васілеўскі ўвасобіў вобраз дзеда Макара ў метале

У «Макар-клубе», акрамя музея кінатэхнікі ХХ стагоддзя, ёсць яшчэ два музеі. У гістарычным музеі вёскі захоўваюцца фотаздымкі, якія ўдалося выратаваць з закінутых дамоў.

«На жаль, яны там валяліся проста на падлозе. Алічбоўваем іх і развешваем арыгіналы ў рамачках на сценах клуба. Хочам сабраць інфармацыю па кожным доме ў Касарычах, гісторыі сем'яў, архіў дакументаў. Такім чынам захаваць памяць пра вёску таго часу і людзей, якія жылі ў ёй».

Акрамя таго, у «Макар-клубе» ёсць музей індзейца з артэфактамі, прывезенымі Андрэем і яго сябрамі-антраполагамі з экспедыцый з Бразіліі, Перу, Мексікі, Гватэмалы, і літаратурай на гэтую тэму. Аналагаў яму няма ў Беларусі нават у горадзе. Таму, кажа Андрэй, менавіта гэта для кагосьці можа стаць нагодай, каб прыехаць у Касарычы.

З самага першага дня «Макар-клуб» пазіцыянуецца як адкрытая грамадска-культурная прастора для падтрымкі творчых ініцыятыў. Любы ахвотны можа сюды прыехаць са сваёй праграмай, правесці лекцыю, выставу ці майстар-клас.

«Мы даём памяшканне «Макар-клуба» ў арэнду на бясплатнай аснове, — удакладняе Андрэй. — У нас не камерцыйная дзейнасць, мы на гэтым не зарабляем, праект цалкам сацыяльны».

Паўтара года таму, калі рамантавалі будынак клуба, у ідэале трэба было і дах мяняць, але бюджэт быў абмежаваны.

«Тым больш будаўнікі, узмацніўшы дах у праблемных месцах, запэўнілі, што ён праслужыць яшчэ шмат гадоў. Так і было б, але… Таму што ў снежні намяло шмат снегу, які спачатку пачаў раставаць, а потым, калі рэзка падмарозіла, ператварыўся ў лёд, то дах не вытрымаў і паехаў… І такая бяда напаткала не толькі нас, у раёне шмат дахаў абвалілася.

Клуб пабудаваны ў 1950 годзе. І цяпер, калі будаўнікі разабралі дах, выявілася старая праблема: апошні рад бярвенняў, аказваецца, не быў умацаваны. Добра хоць, што ён толькі над кіназалай абваліўся. Дзякуй богу, бібліятэка з рэдкімі кнігамі ды экспанаты нашых музеяў не пацярпелі».

Адразу пасля абвалу даху Андрэй кінуў кліч аб дапамозе ў сацсетках вёскі. Прыязджалі валанцёры з Масквы, Мінска, Бабруйска, Гомеля. Дапамаглі разабраць завал, вынесці мэблю і рэчы з клуба.

«Акрамя таго, мы з хлопцамі падперлі столь у кіназале, каб яна не рухнула, расчысцілі снег-лёд, які ляжаў на даху. Мясцовая жыхарка цётка Ганна гатавала для валанцёраў гарачую дамашнюю ежу. Усё, што маглі зрабіць сваімі сіламі на гэты момант, зрабілі. Далей павінны працаваць спецыялісты. Дзякуючы неабыякавым людзям з Расіі і Беларусі, якія адгукнуліся і пераводзяць нам грошы, удалося закупіць будматэрыялы для замены цалкам усяго даху».

Будаўнікі ўжо ўсталявалі кроквы над кіназалай. Засталося знайсці грошы на тое, каб заплаціць будаўнікам і на само дахавае пакрыццё. У будучыні «Макар-клубу» яшчэ спатрэбіцца самая розная дапамога, у тым ліку, хутчэй за ўсё, давядзецца сваімі сіламі перакладаць падлогу ў кіназале, якая пашкодзілася ад вады і снегу. Сачыць за навінамі можна ў інстаграме ці ў фэйсбуку kоsаrісhі.bу.

«Мы ўдзячныя ўсім, хто падтрымаў «Макар-клуб», — кажа Андрэй. — З такой падтрымкай няма сумневаў, што агульнымі намаганнямі ў нас атрымаецца аднавіць дах, і летам мы абавязкова правядзём у «Макар-клубе» другі фестываль плёначнага кіно і іншыя мерапрыемствы для жыхароў вёскі і іх гасцей».

Клас
36
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
4