Усё адбылося 9 студзеня каля абеду. Па мамінай просьбе Даніла адправіўся ў краму. Туды ж зайшоў неаднаразова судзімы 31-гадовы жыхар Крычава, які да таго ж быў п’яны.

«Падыходзячы да крамы, я ўбачыў, як адтуль выбягае мужчына, а за ім — прадавец, — успамінае падлетак. — Я спытаў, што адбылося — аказалася, той скраў прадукты.

Я пабег следам, але, як толькі нагнаў уцекача, ён стаў вельмі агрэсіўным, лаяўся і нецэнзурна выказваўся, аднак я не адступіў. Калі мы забеглі ў пусты завулак, ён дастаў нож і кажа: калі не адстанеш, я цябе зарэжу.

Калі шчыра, я не моцна спалохаўся, стараўся трымаць бяспечную дыстанцыю. Ён забег за вугал, і я спыніў пагоню. Не магу сказаць, што гэты чалавек выглядаў як тыповыя злачынцы з фільмаў і серыялаў — звычайны мужчына, па якім было відаць, што ён часта выпівае».

Калі юнак адправіўся ў пагоню за зламыснікам, работнікі крамы выклікалі міліцыю. Хлопец вярнуўся назад і супрацоўнікам батальёна патрульна-паставой службы, якія прыехалі на выклік, падрабязна распавёў пра тое, што адбылося, апісаў мужчыну, які збег.

Міліцыянеры адправіліся на пошукі зламысніка, але Даніла вяртацца дадому не стаў. «Я ўспомніў, што не купіў таго, што прасіла мама, і зноў пайшоў у краму, — кажа школьнік.

— Вырашыў прайсціся тым жа маршрутам — з’явілася думка, а раптам зноў сустрэну гэтага мужчыну. І маё прадчуванне спраўдзілася. Я падышоў да яго і зноў пачуў у свой адрас паток абраз, але тут падаспела дапамога — праваахоўнікі хутка яго затрымалі. Аказалася, у гэты час за мной ехала міліцэйская машына».

Цяпер у дачыненні да мужчыны заведзена крымінальная справа. Міліцыя ўпэўненая, што шмат у чым зламысніка ўдалося затрымаць дзякуючы смеласці Данілы, яго адказнай грамадзянскай пазіцыі. 

Клас
13
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2