Паводле Садоўскага, факт адмовы аказаць абавязковую консульскую дапамогу свайму грамадзяніну вынікае з паліцэйскага пратакола і даведкі пра факт смерці. Паводле іх, грамадзянін Беларусі N. (прозвішча не называецца з этычных меркаванняў) быў знойдзены мёртвым у сваім пакоі ў сумесна арандаванай кватэры суседам, які вярнуўся пасля навагодніх святкаванняў 2 студзеня 2023 года. Гэты чалавек патэлефанаваў у паліцыю і паведаміў, што здарылася.

Службоўцы па справах надзвычайных здарэнняў (у ФРГ гэта пажарная служба з медэкспертам) правялі макраскапічныя працэдуры і канстатавалі факт смерці чалавека без магчымасці сфармуляваць прычыну, якая да яе прывяла.

Пасля таго, як гэта прадугледжана міжнароднымі пагадненнямі аб аказанні консульскіх паслуг, да якіх Рэспубліка Беларусь далучылася яшчэ на пачатку 1990-х гадоў, паліцыя звязалася з консульскім аддзелам амбасады Беларусі з мэтай атрымання консульскай падтрымкі (прысутнасць пры аглядзе дакументаў, высвятленне ўзаемадачыненняў з працадаўцам, наяўнасць крэдытных і банкаўскіх картак, грошай, маёмасці, працэс апячатвання жытла, складанне пратакола, магчымая аплата першасных дзеянняў у правядзенні мікраэкспертызы, транспартаванне нябожчыка на малую адлегласць і г. д.).

Амбасада, паводле сведчання сваякоў нябожчыка, катэгарычна адмовілася выконваць свае службовыя абавязкі. У выніку нябожчык знаходзіўся ў моргу з позняга вечара (23:59) 2-га да 11-га студзеня (9 гадзін раніцы), калі ў моргу інстытута было зроблена медыцынскае заключэнне без правядзення ўскрыцця цела, дзе канстатавалася няяснасць прычыны смерці.

Усе немалыя выдаткі панеслі сваякі памерлага, аплаціўшы прыватнай беларускай фірме за перавозку нябожчыка ды іншыя фармальнасці. Аўтапсія была праведзена толькі праз некалькі дзён і выпісана адпаведна новае патолагаанатамічнае заключэнне. Пахаванне па месцы жыхарства ў Беларусі адбылося толькі 19 студзеня. З дня смерці да пахавання прайшло 17 дзён. Дагэтуль справа да канца не высветленая і не скончаная.

Абыякавыя адносіны беларускай консульскай службы да сваіх абавязкаў, сцвярджае Пётра Садоўскі, наклалі свой адбітак і на дзеянні нямецкага боку.

Паводле яго, першая даведка пра смерць і макраэкспертыза (да правядзення аўтапсіі) аформленыя з парушэннямі інструкцыі. Паводле яе, усе запісы ў рубрыках павінны ўносіцца разборліва блокшрыфтам, у той час як у нямецкім арыгінале пратакола агляду цела нябожчыка спецыялістамі службы надзвычайных сітуацый ёсць некалькі зусім нечытэльна накрэмзаных слоў, якія не маглі расшыфраваць нават носьбіты мовы.

Сваякі нябожчыка будуць звяртацца ў МЗС з адпаведнай заявай, Пётра Садоўскі, карыстаючыся сваім правам як амбасадар у адстаўцы, таксама мае намер звярнуцца ў беларускае МЗС з адпаведным запытам. 

Чытайце таксама:

«Без беларускіх пашпартоў яны пачнуць звярэць і паднімуць Ціханоўскую на вілы». Дзеля чаго Лукашэнка пазбаўляе «беглых» грамадзянства

Клас
6
Панылы сорам
18
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
7
Абуральна
62