Мікола Дзядок. Фота: сацсеткі

Бацька палітвязня распавёў, што таму дазволілі званок.

«Мікола тэлефанаваў, яму дазволілі 5 хвілін размовы. Я пачуў яго голас, адчуў ягоны настрой. Хачу сказаць, Мікола ў нас проста вялікі чалавек! Нават у гэтых абставінах з ім застаецца пачуццё гумару. Размова была, як звычайна, даволі сумбурная, бо шмат што хочацца сказаць, але стараліся паспець вымавіць адзін аднаму самае патрэбнае.

У Міколы ўсё добра. Праўда, нядаўна адсядзеў сем сутак у ШІЗА, пакуль не ведаю, за што. Але цяпер усё ў парадку. Сядзіць ён у камеры, чытае кніжкі. Са здароўем крыху ёсць праблемы, але мы рыхтуем для яго медыцынскую перадачу, з мясцовым доктарам ён яе ўзгадніў», — падзяліўся Аляксандр.

У лістах Мікола піша, што досвед няволі для яго — спосаб самаўдасканалення.

Бацька прызнаецца, што не атрымлівае дастатковай падтрымкі з боку беларусаў і міжнароднай супольнасці.

«Ніякай. Я стараюся заўсёды быць у сацсетках, усё чытаць… Але пра Міколу даўно нічога не чытаў.

Пра матэрыяльную падтрымку не кажу, патроху самі спраўляемся, нам гэта не ў навінку. Але маральнай падтрымкі вельмі не хапае», — адзначыў ён.

Палітыку ў лістах абмяркоўваць нельга, таму навіны пра тое, што адбываецца ў краіне і свеце, Мікола чуе па беларускім радыё.

«Але Мікалай разумны чалавек, ён усё бачыць, усё правільна аналізуе. Што самае галоўнае — ён хоча, каб людзі жылі ў міры, дабрыні і шчасці! Таму тое, што адбываецца, для Міколы адназначна непрымальна», — кажа бацька.

Нагадаем, Мікалай Дзядок атрымаў 5 гадоў пазбаўлення волі. ГУБАЗіК катаваў хлопца пры затрыманні. У ліпені 2022-га палітвязня перавялі з калоніі на турэмны рэжым.

Клас
12
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
65
Абуральна
14