Фота тут і далей: Ліза Паўлава

Фота тут і далей: Ліза Паўлава

У расійскім палоне…

Увесну 2022 года Аляксандра асудзілі на 2 гады «хіміі» за «абразу Лукашэнкі». Два месяцы яго ўтрымлівалі пад вартай, а па агучванні выраку адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Пад забаронай выезду аказалася і Наталля.

Пра пераслед яны паведамілі праваабаронцам, калі былі ўжо ў Расіі. Іх эвакуацыяй займаліся «Байсол» і Беларускі дом у Варшаве.

Аляксандр і Наталля спадзяваліся з Расіі прарвацца ў Грузію, а з яе — у Еўропу. На расійска-грузінскай мяжы высветлілася, што Наталля ў спісах невыязных.

Марнымі аказаліся іх спробы трапіць у Грузію праз Абхазію. Так яны засталіся ў Расіі на тры месяцы.

«Вырашылі з Расіі прарывацца ва Украіну. Я дапускаў, што ахова мяжы падчас ваенных дзеянняў дастаткова ўмоўная, — гаворыць Аляксандр. — Паехалі ў Белгародскую вобласць. Мясцовасць вывучаў па картах у інтэрнэце. Да мяжы не дайшлі 150 метраў. Нас схапілі».

Больш за 12 гадзін беларусы прабылі ў палоне ў расійскіх вайскоўцаў. Аляксандр кажа, што там нацярпеліся здзекаў ды пагроз.

«Вайскоўцы лічылі, што мы ўкраінскія карэкціроўшчыкі, снайперы, шпіёны», — адзначае суразмоўца.

Наталля расказвае, што ноччу яны ішлі лясной дарогай. Раптам выскачылі салдаты. Крыкам заставілі легчы на зямлю. Над галовамі стралялі з аўтаматаў.

«Стрэлы мяне напалохалі. Было страшна. Нам не дазвалялі падымацца і наогул варушыцца. Усе рэчы выкінулі з заплечнікаў. Затым запхнулі ў машыну. Завезлі ў турму, дзе развялі па розных камерах», — згадвае жанчына.

«Салдаты прымусілі распрануцца і адзін з іх аблапаў мяне»

Наталля кажа, што вайскоўцы, якія яе дапытвалі, даганяліся алкаголем. У камеру заходзілі з півам.

«У камеры са мною спачатку застаўся вайсковец, які нармальна выпытваў, адкуль мы, чаго хадзілі ля мяжы, — расказвае яна. — Потым заляцеў іншы. Гэты быў неадэкватны. Ён забягаў у камеру да мужа. З яе я чула лямант, крыкі, а потым урываўся да мяне».

Па словах Наталлі, салдаты ад яе патрабавалі, каб яна казала тое, што яны хочуць чуць.

«Пагражалі, што калі не буду таго гаварыць, то дзве гадзіны будуць біць майго мужа, і я буду гэта чуць і вар’яцець, а затым прыйдуць да мяне, і ўжо муж будзе слухаць, што яны будуць рабіць са мною. Яны паводзілі сябе, як маньякі. Мае валасы накручвалі сабе на рукі. Раўлі ў вушы і страшылі, што хочуць рабіць са мной бутэлькай з-пад піва», — апавядае яна.

На расійска-ўкраінскай мяжы, Белгародская вобласць. Ілюстрацыйнае фота: sq.com.ua

На расійска-ўкраінскай мяжы, Белгародская вобласць. Ілюстрацыйнае фота: sq.com.ua

Жанчыну прымусілі раздзецца. Калі яна ўмаляла злітавацца, крычалі і пагражалі.

«Не раздзецца было немагчыма. Яны маглі са мною зрабіць, што захочуць. Трое мужчын назіралі, як я раздзявалася, а потым стаяла перад імі аголенай. Адзін з іх аблапаў мяне. Разглядаў цела, шукаючы татуіроўкі», — расказвае Наталля.

Ад зняволенай патрабавалі, каб выцягнула рукі. Жанчына думала, што будуць ламаць пальцы. Затым разглядалі ключыцу. Увесь час прымушалі трымаць рукі на каленях. Не дазвалялі апускаць вочы долу.

«Потым мяне прыкулі наручнікамі на расцяжку. Я апынулася амаль у падвешаным стане. Дамагаліся, каб я прызналася, што наводчыца ці снайпер», — апавядае яна.

«Накінулі мяшкі на галаву і вывезлі»

Па словах Аляксандра, за кожнае пярэчанне салдаты яго білі.

«Страху за сябе не было. Баяўся за жонку. Гэта асабістае, але ў мяне ў жыцці больш нікога няма. Я ім казаў: калі з ёю нешта зробяць, то кожнага з іх знайду і буду грызці. За тое атрымліваў адразу па мордзе. Але мае пагрозы падзейнічалі».

Як кажуць суразмоўцы, допыты скончыліся, калі вайскоўцы пераканаліся, што палонныя — «бяскрыўдныя беглыя», і загадалі адпраўляцца назад у Расію.

«Раніцай вайсковец, які больш за іншых здзекаваўся, сказаў, што прыйдуць людзі, і каб не думала скардзіцца, што крычалі на мяне, аблаплівалі. Калі не паслухаюся, то дрэнна будзе. Каб падпісала паперы і сказала, што са мною абыходзіліся па-людску», — згадвае Наталля.

Па яе словах, вайскоўцы, якія прыехалі па іх, накінулі ёй і Аляксандру на галовы мяхі ды завезлі ў нейкае паселішча. Узялі грошы на аплату нібыта штрафу. Затым падвезлі да іхняй машыны і адпусцілі.

У Беларусі мелі невялікі бізнэс

Аляксандр кажа, што пакуль яны з жонкай хаваліся ў Расіі, іх абвясцілі ў вышук. Яны вымушаныя былі з усімі, акрамя дачкі, якой удалося трапіць у Грузію, перапыніць сувязь. Вяртацца ў Беларусь не выпадала.

Аляксандр і Наталля былі фермерамі. У іх працавалі 5 наёмных работнікаў, якія зараблялі па 900 і больш рублёў за месяц. Бралі на працу сезонных работнікаў. Ім плацілі за дзень па сто рублёў.

«На падпрацоўку да нас была чарга, а працы хапала. Плацілі работнікам па вясковых мерках неблагія грошы», — тлумачыць Аляксандр.

Па яго словах, праблем з уладай не было.

«У нас быў невялікі бізнэс. Яго даходы дазвалялі жыць. Праца была цяжкая. Дзевяць гадоў не быў у водпуску, — расказвае суразмоўца. — Працэнт ад бізнэсу ўладзе мы не плацілі, як тое рабілі некаторыя вялікія прыватныя арганізацыі. Чыноўнікі час ад часу прасілі ў нас бясплатна нашу прадукцыю».

«Было пасіўнае непрыняцце ўлады»

Аляксандр — адстаўны афіцэр. Звольніўся з войска, не выслужыўшы пенсіі. Кажа, што гэта было асабістае жаданне.

«Рэч у тым, што я афіцэр савецкага гарту і працэнтаў на 70 матывацыя для звальнення была ў тым, што я не мог глядзець спакойна, што рабілася з Узброенымі сіламі. Сядзець на жабрацкім заробку, чакаючы пенсіі, мне не дужа хацелася. Нават займець сваё жытло спадзеў быў ілюзорны. Таму вырашыў пайсці на вольныя хлябы», — тлумачыць ён.

Аляксандр з 1994 года не хадзіў на выбары. Па яго словах, большасць асабовага складу часці, дзе ён служыў, прагаласавала за Вячаслава Кебіча. Пра гэта сведчылі вынікі падліку галасоў на закрытых участках.

Па звальненні Аляксандр займаўся розным бізнэсам з рознай ступенню паспяховасці.

«У 2005 годзе стала бачна, што краіна пачала каціцца пад адхон. На жаль, тады палітычнай актыўнасці я не выяўляў. Было пасіўнае непрыняцце ўлады», — прызнаецца ён.

«Мне не было абыякавым тое, што адбывалася ў краіне, — удакладняе суразмоўца. — За палітычным жыццём я сачыў, але погляды актывістаў апазіцыі ўспрымаліся мною, як погляды блажэнных. Гэтыя людзі былі сумленнымі, але іхняя барацьба бачылася мне безнадзейнай».

«Арышт Бабарыкі выклікаў шок. Спадзяваўся, што Расія націсне»

У палітычныя працэсы Аляксандр і Наталля зазірнулі глыбей у 2020 годзе. Паводле іх, тады ўжо ўвесну быў відавочным агульны грамадскі ўздым і адчувалася, што людзі жывуць чаканнем перамен.

«Уразіла фігура Віктара Бабарыкі. Па сёння лічу, што ён, стаўшы прэзідэнтам, мог выправіць становішча ў краіне.

Яго арышт выклікаў шок. Спадзяваўся, што яго вызваляць, усё ж «Газпрам» і Расія на Лукашэнку націснуць…» — згадвае суразмоўца.

Аляксандр удзельнічаў у мітынгах, хоць і не верыў, што мірныя пратэсты дадуць плён. 

«Мяне забанілі ва ўсіх рэсурсах. Называлі радыкалам і правакатарам. Таму што заклікаў не мірна вырашаць праблему ўлады, а радыкальна. Я даводзіў, што шлях рэвалюцыі — гэта ўзброенае звяржэнне ўлады, і быў супраць міралюбнасці», — даводзіць ён.

«Гаспадзін афіцэр, сваю ж*** ці пацягнеце на прагулку»

Аляксандра забралі проста з рынку 18 сакавіка 2022 года. За два месяцы няволі ён пабываў «на сутках», у следчым ізалятары Гродна ды Баранавічаў. 19 мая яму прысудзілі два гады «хіміі» за знявагу Лукашэнкі ды вызвалілі з-пад варты.

Найбольш непрыемным месцам няволі для яго быў ізалятар часовага ўтрымання. Там міліцыянты не абмяжоўвалі сябе ў здзеках з палітычных, кажа ён.

«Я сядзеў у камеры з крымінальнікам. Ён ляжыць і храпе, а я абавязаны дзень сядзець. Прычым садзіцца на ложак ці абапірацца на скручаны матрац забаранялася, — расказвае ён. — Не ведаю, якім чынам, але праз два дні жонцы ўдалося перадаць пасылку. Прапусцілі цыгарэты, чай, адзенне…»

Аляксандр кажа, што ў следчым ізалятары гродзенскай турмы палітычным адводзяцца койкі верхняга яруса, якія ніколі не пустуюць. Усіх палітычных «робяць схільнымі да экстрэмісцкай дзейнасці», а на іх нары вешаюць таблічку.

У СІЗА яму сядзелася «крыху прасцей», чым на «сутках», але ўмовы былі такія ж паршывыя: антысанітарыя, тараканы, бруд. 

«Ежа невыносная, каб не перадачы, то было б сумна, але з іх кралі. Як паскардзішся, што пачак соку прапаў або плітка шакаладу, — гэта дарога наўпрост у ШІЗА.

Кажуць, што гэта адзін у аднаго крадзеце. Калі ж ты паскардзіўся, то цябе караем штрафным ізалятарам. Пошта практычна не даходзіла. Атаварка, асабліва для палітычных, калі пашанцуе, то раз на два тыдні», — расказвае Аляксандр.

Паводле яго, у СІЗА асабліва не здзекаваліся, але ахоўнікі мелі своеасаблівае пачуцце гумару. Ён неяк папрасіў аднаго з іх гаварыць ветлівей, бо «перад ім афіцэр».

«Маё афіцэрскае званне стала лішняй нагодай для падколак. Лепей бы я пра яго не казаў. Калі, напрыклад, на прагулку трэба было ісці, дык яны: «Гаспадзін афіцэр, сваю ж*** ці пацягнеце на прагулку», — згадвае Аляксандр.

Сядзеў з палітвязнем Сянько

У гродзенскім ізалятары Аляксандр сядзеў з палітвязнем Аляксеем Сянько. Яго арыштавалі за каментары ў інтэрнэце па справе Андрэя Зельцэра. У зняволенні Аляксея ўтрымліваюць з верасня 2021 года.

Аляксей Сянько. Фота: сацыяльныя сеткі

Аляксей Сянько. Фота: сацыяльныя сеткі

«Мяне ўразіла мужнасць гэтага чалавека. Мы з ім за пяць тыдняў здружыліся. У пачатку красавіка яго павінны выпусціць», — апавядае Аляксандр.

«Чалавек кожны дзень паголены, займаецца спортам, пастаянна на пазітыве.

А якія лісты слаў сыну. Не ведаю, ці змог бы я за паўгода застацца вось такім шчырым, добрым чалавекам. Ад яго я быў рэальна ў захапленні».

З Гродна Аляксандра этапавалі ў Баранавічы. Там, паводле яго, парадку было паболей. Як афіцэр запасу, ён сядзеў са зняволеным міліцыянтам.

«У Баранавічах строга, дысцыпліна жалезная. Стаўленне да палітычнага ці крымінальніка аднолькавае. Правілы ўнутранага распарадку выконваюцца. Койкі запраўляюцца, як у казарме.

Садзіцца ці класціся на койку ўдзень нельга. Ежа лепшая, чым у Гродне. Раз на тыдзень прыносілі кнігі. У Гродне тое было цудам. Раз на тыдзень была атаварка. Новыя пасцеля і матрацы. У Гродне ўсё парванае», — расказвае ён.

«Ад бізнэсу засталіся галавешкі»

Пакуль Аляксандр сядзеў, пераслед зазнала жонка і дачка. Іх цягалі на допыты, паказвалі фотаздымкі з пратэстаў. У жонкі ўзялі падпіску аб нявыездзе. У кватэры правялі вобшук.

Па словах Аляксандра, ад сямейнага бізнэсу «толькі галавешкі дыміліся». Яго абклалі штрафамі.

«Адбыўся звычайны расстрэл бізнэсу. Мы яшчэ выбудоўвалі планы, як я з «хіміі» буду кіраваць, а жонка, якая і так была ў курсе, як працуе гаспадарка, будзе выконваць парады. Партнёрскія адносіны былі наладжаныя. Работнікі былі прафесіяналамі. Але пазней зразумеў, што бізнэс не выратаваць, бо ён забіты».

«Недагледжаная краіна з прыгнечаным насельніцтвам»

У Расіі Аляксандр і Наталля параўноўвалі беларусаў і расіян. Ім давялося пабываць у Маскве і расійскай глыбінцы: на Урале, у Валгаградзе, Смаленску, Уладзікаўказе.

«У Расіі мы жылі хаваючыся, — расказвае Наталля. — Баяліся, што нас выкрыюць як беглых. Мне раней даводзілася быць у Расіі. Паўгода працавала ў Маскве, і мне тады здавалася, што Расія — вялікая краіна з мноствам магчымасцяў. Беларусь жа падавалася правінцыяй».

Убачанае ў расійскай глыбінцы жанчыну шакавала. Па яе словах, гэта «брудная, недагледжаная краіна з прыгнечаным насельніцтвам, якое бязбожна п'е». 

Плакат на адной са школ расійскага Южнаўральска. Фота: сацыяльныя сеткі

Плакат на адной са школ расійскага Южнаўральска. Фота: сацыяльныя сеткі

«У горадзе Южнаўральску на школе напісана: цвярозым нарадзіўся — цвярозым жыві. У сельскай мясцовасці палі зарослыя баршчэўнікам», — згадвае Наталля.

Аляксандр дадае, што яны вымушаныя былі пераязджаць з месца на месца. Спачатку жылі на свае зберажэнні. У Чалябінску, дзе перабывалі ў даўняй радні, за бесцань прадалі машыну. Да канца верасня грошай хапіла. Быў у іх і недатыкальны запас сродкаў.

Аляксандр знаходзіў падпрацоўку без афіцыйнага афармлення. За дзень зарабляў да 10 даляраў.

Уладкаваўся быў падсобнікам на будоўлю, але на трэці дзень гаспадар папрасіў прынесці ксеракопію пашпарта — больш на працу выходзіць не рашыўся.

«Падумаў: лепей буду галодным, але на волі», — тлумачыць ён.

«Для расіян вайна ў тэлевізары, радыё, газетах…»

Аляксандр кажа, што краі, дзе давялося пабываць, аддаленыя ад фронту, і там людзі не ведаюць, што Расія творыць ва Украіне. Яны чулі, што ідзе вайна, бо прыходзяць параненыя, але для іх яна далёкая.

«Я добра памятаю часы Афганскай вайны за савецкім часам. Тады ведалі, што ідзе вайна, але яе людзі не адчувалі. Цяпер у Расіі адбываецца тое ж самае. Вайна для іх у тэлевізары, радыё, газетах. У некага гінуць родныя, але большасць гэта не кранае. Там шмат машын з сімволікай агрэсіі, дзеці ходзяць у Z-майках, але па сутнасці гэта не мяняе сітуацыі», — лічыць Аляксандр.

Суразмоўцы назіралі ў Валгаградзе за пікетам, на якім збіралі грошы для параненых расійскіх салдат.

«Удзельнікі ў вайсковай форме, музыка патрыятычная — «Мы за цаной не пастаім», — плакат з надпісам, на што збіраюцца грошы, — апавядае Аляксандр. — Людскі паток пікет абцякаў з двух бакоў. За 15 хвілін ніхто не ахвяраваў ні рубля. Прыехала машына, згарнулі пікет і з'ехалі. Для мяне гэта было паказальна. Расіянам пляваць на вайну».

Па словах Аляксандра, расіяне часам пыталі, чаго яны прыехалі. З недаверам ставіліся да адказу, што на заробкі. Рэагавалі, што ў Беларусі «ў бацькі ўсё ў парадку і стабільна, людзі задаволеныя».

Аднойчы сутыкнуліся былі з землякамі-гастарбайтарамі.

«Гэта было дарогай у Чалябінск. Беларусам гастарбайтарам пляваць на Беларусь. Яны маюць 70—80 тысяч расійскіх [2,5 тысячы беларускіх рублёў], і больш іх нічога не цікавіць. У Польшчы мне даводзілася сустракацца з украінцамі, якім гэтак жа напляваць на Украіну», — апавядае Аляксандр.

«Чэсна скажу: на карачках на радзіму не папаўзу»

Суразмоўцы пазбягаюць гаварыць, як вырваліся з Расіі. Кажуць, што ім удалося звязацца з «Байсолам» і Беларускім домам у Варшаве, якія прыдумалі варыянт эвакуацыі і сабралі на яе грошы.

Наталля прызнаецца, што ясных перспектыў адносна будучыні не мае, і сумняваецца, што найбліжэйшым часам ім удасца вярнуцца на радзіму. Да заклікаў Лукашэнкі вяртацца жанчына ставіцца скептычна.

«Калі я прачытала яго словы, то ў адным з рэсурсаў пакінула каментар: «Бягу, і валасы назад». Ніхто ж не дае гарантый, што, прыехаўшы, не трапіш у турму. Кажуць, прыязджайце, а мы паглядзім», — тлумачыць яна.

Аляксандр дапускае, што па вяртанні ў Беларусь паспрабаваў бы аднавіць загублены бізнэс. Але, на яго погляд, дарога на радзіму закрытая надоўга.

«Я люблю сваю радзіму, але калі пройдзе больш часу, то баюся ўстаць на ногі ў Беларусі мне не ўдасца, — падсумоўвае гутарку ён. — Перамены, жыццёвае пераломванне — усё гэта для майго ўзросту рэчы не простыя. Чэсна скажу: на карачках на радзіму не папаўзу. Заявіўшы такое, гэта будзе няпраўдаю».

Калі Наталля з мужам была ў бяспецы, у Беларусі ад інсульту памерла яе маці. 72-гадовую кабету сталі даймаць міліцыянты з роспытамі, дзе дачка.

«Мы ўпэўненыя, што ўсё гэта стала прычынаю інсульту. Цешча была актыўнай жанчынай, з раніцы на нагах. У яе шмат унукаў, праўнукаў. Для ўсіх яе хапала», — кажа Аляксандр.

Ён адзначае, што цешча мела праблемы са здароўем, але падкасілі яе апошнія тыдні. 

«Міліцыянты дасылалі незразумелыя паперы, прыходзіў участковы з пытаннямі, з якіх вынікала, што нас дэпартуюць. Пасля гэтага цешчы стала дрэнна,

— расказвае Аляксандр. — Зразумела, Наталля не змагла быць на пахаванні. Перажытае ў Расіі, а цяпер смерць маці і немагчымасць развітацца з ёю сталі для жонкі моцным ударам».

Даследаванне: Расія набывае характэрныя рысы дыктатуры

Былы вагнеравец папрасіў прабачэння ва ўкраінцаў

«Лукашэнка занадта «палітычная жывёліна», каб звяртаць увагу на такія дробязі». Украінская рыторыка і беларуская рэакцыя

Клас
23
Панылы сорам
14
Ха-ха
8
Ого
19
Сумна
137
Абуральна
78