Сустрэча расійскіх «патрыётаў» у Беларусі. Фота: avtoprobegi_zaedinuybelarus / Telegram

Сустрэча расійскіх «патрыётаў» у Беларусі. Фота: avtoprobegi_zaedinuybelarus / Telegram

«Самыя «чырвоныя кхмеры» старанна вышукваюць лайкі 2019 года ў Instagram і лічаць гэта падставай патрабаваць крыві, не саромеючыся рамкамі закона ў сваіх выразах і абвінавачаннях. І зусім жа напляваць, што чалавек робіць і рабіў карыснага для краіны проста цяпер», — піша канал «Кібер граф Віленскій».

Аўтар саркастычна заўважае, што «паміж вельмі важнымі і гучнымі выкрыццямі забытых лайкаў, некаторыя персанажы прасоўваюць усяго толькі антыдзяржаўны парадак».

Ён піша, што ідэі, якія прасоўваюцца пад прыкрыццём заўзятай патрыятычнасці, «крыху больш, чым цалкам, пра адсутнасць беларускай дзяржаўнасці, мовы, гісторыі, ідэалогіі і нават народа як такога».

Аўтар не называе імёнаў «патрыётаў», але піша, што яны «агітавалі ў мінулым годзе супраць рэферэндуму, Канстытуцыі, Дня народнага адзінства, беларускай мовы, а цяпер супраць кіраўніцтва Брэсцкай крэпасці і нават музея Вялікай Айчыннай вайны», а таксама распальваюць скандалы і хайпуюць не толькі на поп-культурных, але і на палітычных тэмах, «якія нібыта ўжо ўстаяліся».

«Ніякай аб’ектыўнасцю там і не пахне. Усе совы нацягнутыя на глобус згодна з жаданым вынікам. Эклектычнасць метадаў прама карэлюе з эклектычнасцю ўспрымання некаторай часткі аўдыторыі, якая аддае перавагу таму, каб гэтага не заўважаць», — з’едліва піша аўтар.

Ён звяртае ўвагу на тое, што такая прапаганда можа адбіцца на маладых беларусах.

«Новая, маладая і нейтральная аўдыторыя больш патрабавальная. І калі яна наткнецца на «праўладных» каналах на кантэнт аб неіснаванні Беларусі, дзяржаўнасці ці мовы, на цемрашальства, нянавісць, прававы нігілізм, неадэкватнасць, шарыкаўшчыну, рэакцыянерства і цкаванне — не цяжка прадказаць, якія высновы будуць зробленыя. І якія праблемы гэта можа абяцаць у будучыні», — піша ён.

Пасля 2020 года ўлады распачалі масавыя рэпрэсіі. Адначасова пачалася кампанія ўзмоцненай русіфікацыі: шматлікія кнігі па гісторыі Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі, вокліч «Жыве Беларусь» быў забаронены, нават краязнаўчыя суполкі і беларуская лацінка апынуліся пад ударам

Канал «Кібер граф Віленскій» трымаецца ў рэчышчы агульнага лукашэнкаўскага курсу, але лічыць рэпрэсіі празмернымі і перыядычна звяртае ўвагу на тое, што грамадства не ўспрымае ідэалогіі расійскага шавінізму, якая стала мэйнстрымам дзяржаўнай прапаганды і каналаў, звязаных з Міністэрствам унутраных спраў. Раней з аналагічнай крытыкай «інфаказачкі Бондаравай» выступіў шэраг журналістаў дзяржаўных СМІ і кіраўніца «Белай Русі» ў Гродзенскай вобласці.

Клас
11
Панылы сорам
13
Ха-ха
55
Ого
14
Сумна
0
Абуральна
8