Фота: AP Photo/Eric Risberg

Фота: AP Photo/Eric Risberg

У 2022 годзе двухбаковы тавараабарот паміж ЗША і Кітаем перавысіў рэкордныя 690 мільярдаў даляраў. Пра гэта 7 лютага паведаміла выданне Politico са спасылкай на свежую інфармацыю ад Міністэрства гандлю ЗША. 

Такія высокія паказчыкі былі дасягнутыя, нягледзячы на ​​напружаныя палітычныя адносіны паміж дзвюма краінамі. 

Як піша выданне, гэта стала вынікам посткавіднага сусветнага гандлёвага ўсплёску, і не толькі Кітай, але і ЗША дасягнулі новага максімуму ў гандлі з іншымі 90 краінамі свету на чале з Мексікай, Канадай і Японіяй. Аднак амерыкана-кітайскі выпадак адметны тым, што гандаль паміж дзвюма краінамі працягвае расці на фоне прыкладання вялікіх намаганняў з абодвух бакоў па памяншэнні залежнасці адно ад аднаго. 

«Рашэнні спажыўцоў і бізнэсу ўсё яшчэ дамінуюць над інтарэсамі ўрадаў. Абмежаванні прытоку тавараў не маюць пераважнага ўплыву, ці, прынамсі, дагэтуль не мелі», — сказаў Эд Грэсэр, былы памочнік прадстаўніка ЗША па гандлёвай палітыцы і эканоміцы.

Нягледзячы на ​​жаданне ЗША «ссадзіць» эканоміку з кітайскай іголкі, імпарт кітайскіх тавараў у краіну ў 2022 годзе склаў амаль 540 млрд даляраў (амаль 1,5 трыльёна беларускіх рублёў). А экспарт у Кітай склаў 153,8 млрд даляраў (крыху больш за 400 млрд бел. руб.).

Прытым ён у асноўным складаўся з сельскагаспадарчых тавараў, што робіць амерыканскіх фермераў і адпаведныя кампаніі аднымі з галоўных прыхільнікаў супрацоўніцтва з Кітаем.

«Я думаю, што разрыў з Кітаем быў бы жахлівай памылкай. Што сапраўды трэба зрабіць, дык гэта забяспечыць захаванасць нашых інтэлектуальных правоў, камерцыйных таямніц ды іншай стратэгічна важнай інфармацыі», — паведаміў выданню Джон Бод, прэзідэнт амерыканскай Асацыяцыі перапрацоўшчыкаў кукурузы (CRA) і член Кааліцыі фермераў за свабодны гандаль.

Замест поўнай адмовы ад кітайскага рынку многія амерыканскія кампаніі распрацоўваюць стратэгію «Кітай+1», якая мае на ўвазе частковы або поўны перанос вытворчасці на суседнія з Кітаем краіны для захавання лагістычных ланцужкоў і інтэлектуальнай уласнасці.

Нагадаем, што менавіта гэта стала падставай для пачатку гандлёвай вайны паміж ЗША і Кітаем яшчэ ў 2018 годзе падчас прэзідэнцтва Дональда Трампа, якая закранула двухбаковы тавараабарот на сотні мільярдаў даляраў.

Пачалася яна з прычыны таго, што кітайская практыка допуску замежных кампаній да свайго рынку змушае апошніх дзяліцца сваёй інтэлектуальнай уласнасцю, што дазваляе Кітаю капіяваць замежныя тэхналогіі рознага прызначэння. Адміністрацыя цяперашняга прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў сваю чаргу захоўвае гэту тэндэнцыю Трампа па кантролі экспарту амерыканскіх тэхналогій у Кітай, якія асабліва тычацца вайсковай сферы.

Нядаўняе здарэнне з кітайскім аэрастатам-шпіёнам у паветранай прасторы ЗША, летні візіт былога спікера амерыканскай Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі на Тайвань выклікалі вялікія эмоцыі ў дзвюх краінах. Але Кітай паказальна ўстрымаўся пры галасаваннях у ААН аб уварванні Расіі ва Украіну. І, што самае важнае, не пастаўляе ў Расію ўзбраенняў.

Чытайце яшчэ:

Амерыканцы паказалі, як ловяць у моры рэшткі кітайскага аэрастата ФОТА

Мясцовыя СМІ: Лукашэнка прыязджаў у Зімбабвэ па літый 

Клас
8
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
4