Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Як патлумачыў «Нашай Ніве» адзін з прадстаўнікоў івэнт-сферы, такі спіс існаваў яшчэ з 2020 года, але цяпер ён значна пашырыўся. У атрыманым ад Мінкульта пераліку, зразумела, ёсць беларускія выканаўцы, якія выступалі супраць гвалту і рэжыму Лукашэнкі: напрыклад, гэта N.R.M, Navi Band, Ганна Шаркунова, «Ляпіс Трубяцкі», гурт Litesound (чальцы апошняга цяпер палітвязні).

Ёсць у спісе і Макс Корж.

Забаранілі таксама ўкраінскіх і расійскіх выканаўцаў, якія выказваліся супраць вайны: у чорны спіс трапілі, акрамя іншых, ДДТ, Ціна Караль, браты Канстанцін і Валерый Меладзэ, гурт «Машына часу».

Праўда, некаторыя імёны складана патлумачыць. Напрыклад, Дзмітрыя Калдуна, які дагэтуль выступае ў Расіі. Ці амерыканскіх зорак Шэр і Лэдзі Гагу.

Спіс забароненых артыстаў, выкладзены Беларускай радай культуры. Такі ж атрымаў і суразмоўца «НН» з івэнт-сферы

Спіс забароненых артыстаў, выкладзены Беларускай радай культуры. Такі ж атрымаў і суразмоўца «НН» з івэнт-сферы

З пачатку гэтага года ў Беларусі забаронена правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў арганізатарамі, не ўключанымі ў адпаведны рэестр. Як расказвае суразмоўца, пасля Новага года, калі арганізатары мерапрыемстваў павінны былі скончыць працу па ўключэнні ў рэестр, да іх пачалі званіць з Міністэрства культуры. «Нам сталі на словах казаць, што ёсць выканаўцы, якіх нельга прайграваць», — кажа суразмоўца.

Што будзе, калі парушаць санкцыі? Афіцыйнай забароны на артыстаў са спіса няма, але, як дзеліцца суразмоўца, пакаранні ўсё роўна строгія: «Калі грае забароненая песня, установа ў гэты ж дзень выключаецца з рэестра і не можа падавацца на вяртанне туды, здаецца, на працягу года. Артыст таксама атрымоўвае забарону на выступы на некалькі гадоў. Плюс ёсць вельмі вялікія штрафы — як мне казалі, ад 50 да 200 базавых. То-бок, калі ты сабраў сяброў на дзень нараджэння, наняў дыджэя і кавер-бэнд і нехта цябе здаў, то будуць такія штрафы і ўстанове, і артысту. Прыклады ўжо ёсць».

Калі ва ўстанове будзе гучаць забароненая песня, арганізатараў імпрэзы могуць аштрафаваць «за адступленне ад гастрольнага пасведчання». Калі ж загадзя ўпісаць у гастрольнае пасведчанне забароненую песню, то такую імпрэзу не дазволяць. 

Для некаторых устаноў, лічыць суразмоўца, чорны спіс музыкаў можа стаць сапраўднай праблемай, бо ў пераліку хапае папулярных артыстаў: напрыклад, той жа Макс Корж з яго хітамі. 

Па меркаванні Беларускай рады культуры, спіс мог складацца з удзелам КДБ.

«КДБ заўжды меў дачыненне да кантролю над эфірнай палітыкай і гастрольнай дзейнасцю, але адказвала за гэта Адміністрацыя. Кажуць, цяпер КДБ кіруе ўсёй ідэалогіяй у краіне і больш актыўна ўключыўся ў кантроль, каб не дапусціць вальнадумства», — пракаментаваў кіраўнік Рады Сяргей Будкін.

Гурт «Дай дарогу!» выпусціў новы трэк — для ўсіх смелых беларусаў

«Кветка расце ў рэбрах»: Syndrom Samazvanca выдаў экзістэнцыяльны альбом «Востраў скаргаў»

Pussy Riot выпусцілі новую антываенную песню «Мама, не глядзі тэлевізар»

Клас
5
Панылы сорам
49
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
27