Польскі пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю з 10 лютага прыпыніць сваю працу. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.

«З-за важных інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі я вырашыў прыпыніць … з 12:00 10 лютага гэтага года рух на польска-беларускім пагранпераходзе ў Баброўніках», — паведаміў ён. 

З беларускага боку на гэтым пераходзе знаходзіцца пункт пропуску «Бераставіца». 

З лістапада 2021 года праз мігранцкі крызіс не працуе і пераход «Брузгі — Кузніца».

Такім чынам, у Гродзенскай вобласці не застаецца пагранпераходаў з Польшчай. Каб трапіць з Гродзенскай вобласці ў суседнюю краіну, цяпер трэба ехаць або праз Брэст, або праз пераходы на мяжы Беларусі і Літвы (Беняконі, Прывалка). Гэта моцны ўдар па эканоміцы рэгіёна і прыватных кантактах.

Учора, 8 лютага, быў абвешчаны прысуд журналісту і актывісту польскай нацыянальнай меншасці Андрэю Пачобуту — 8 гадоў узмоцненага рэжыму.

Клас
62
Панылы сорам
16
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
14
Абуральна
16