Фота: Newsmaker.md

Фота: Newsmaker.md

«Эканоміка і бяспека краіны маюць патрэбу ў новым жыцці. Новы ўрад павінен павысіць узровень бяспекі і захаваць Малдову ў свеце свабодных краін. [ … ] Я правяла кансультацыі з парламенцкімі фракцыямі і вылучыла Дорына Рэчана кандыдатам у прэм'ер-міністры», — сказала Мая Санду.

Фракцыя кіруючай партыі «Дзеянне і салідарнасць» (PAS) падтрымала кандыдатуру прэзідэнта, сказаў спікер парламента Ігар Гросу.

Дорын Рэчан, у сваю чаргу, заявіў, што неадкладна пачне падрыхтоўку праграмы новага кабінета міністраў. Ён назваў тры асноўныя прыярытэты.

«Першае — парадак і дысцыпліна ў дзяржінстытутах, яны павінны абслугоўваць грамадзян і бізнэс. Так, ёсць супраціў, але мы яго пераадолеем. Другое — даць новае жыццё эканоміцы. Гэта значыць даць больш рэсурсаў для інвестыцый у бізнэс, малыя і сярэднія прадпрыемствы. Гэта шлях да стварэння працоўных месцаў, вялікіх заробкаў. Трэцяе — мір і стабільнасць. Мы павінны кансалідаваць сектар бяспекі, каб усе людзі адчувалі сябе ў бяспецы», — сказаў Рэчан.

Асаблівым пунктам праграмы новага ўрада ён вылучыў інтэграцыю ў ЕС.

«Мы павінны паскорыць працэс гарманізацыі заканадаўства, выканаць усе ўмовы, але, увага, — не для таго, каб паставіць птушачку, а забяспечыць дабрабыт у краіне», — адзначыў Рэчан.

Прэм'ер Наталля Гаўрыліца 10 лютага абвясціла, што сыходзіць з пасады. Яна не паведаміла прычыну такога рашэння, запэўніўшы толькі, што застанецца «на службе ў народа». «Увесь свет цяпер праходзіць складаны перыяд. Я веру ў Малдову, веру, што мы перажывём гэтыя часы», — заявіла Гаўрыліца.

Пасля гэтага прэзідэнт Мая Санду правяла кансультацыі з парламенцкімі фракцыямі, каб вызначыць кандыдата на пасаду прэм'ера.

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0