…Дні праходзяць то скарэй, то павольней — але праходзяць. Во ўжо і 2022-ы аддаляецца. Для мяне ён таксама скора праляцеў — засталося хіба некалькі ключавых сюжэтаў у памяці. Галоўны, канечне, — спатканні з Табой і бацькамі — у Мінску, пасля суда, потым ваш нечаканы прыезд у Магілёў. Ужо забываецца памалу, як гэта — месяцамі не бачыць родных людзей. Цяпер мы на крок бліжэй. А будзем скора, дасць Бог, і зусім разам.

…На Новы год было, як і летась у Мінску, адчуванне, што аднойчы ўсё гэта застанецца за спінаю, ва ўспамінах — і пейзажы, і людзі, і абставіны. Я, калі гадзіннік біў 12, у думках усіх вас павіншаваў, загадаў жаданне. Святкавалі ўвогуле з пэўным каларытам, ёсць што прыгадаць, незвычайна было. Святы тут успрымаюцца па-іншаму. Маё свята — гэта вы, вашы лісты, фоткі, размовы, думкі пра вас і кожны пражыты дзень, які набліжае нашу сустрэчу.

…Сказалі, што памёр Кікабідзэ. Было яму 84, але мысліў ён, здаецца, вельмі адэкватна. Пад уплывам яго фільму «Міміно» я ў дзяцінстве хацеў быць верталётчыкам. Там вельмі душэўна паказана, як у тых грузінскіх гарах верталёт замест раённага аўтобуса — на ім з вёскі ў вёску едуць людзі з курамі ў кошыках і г. д. Увогуле, фільм, здаецца, пра тое, як чалавек у выніку складанага жыццёвага выбару вырашае — ці не вырашае, а проста застаецца сабой.

…Ты разважала неяк пра сум. Я прыняў для сябе, што адзіная даступная мне цяпер праява любові — думаць пра вас, пісаць. Астатняе — будзе, трэба толькі дачакацца. Таму на ўсім недаступным зараз стараюся не засяроджваць увагу.

…Пішаш пра мемуары прынца Гары — я пра іх таксама чуў па тэлевізары. Уразіла, наколькі ён (фота на вокладцы) падобны да Генрыха VIII. Толькі Генрых, у адпаведнасці з модай эпохі, быў таўсцейшы істотна. Прычым яны ж, здаецца, не сваякі, належаць да розных дынастый. У саміх мемуарах, мяркуючы па тым, што ты пішаш і што кажуць, нічога звышнатуральнага няма. Вось калі б Генрых VIII напісаў…

…У Ірвіна Ялома злавіў ідэю, што, спрабуючы старанна захоўваць дэкарацыі мінулага, чалавек падсвядома імкнецца да бессмяротнасці. Маўляў, вяртаючыся ў «старыя месцы», ён нібыта трапляе ў маленства з яго адсутнасцю трывогі і адчуваннем вечнасці наперадзе. Сапраўды, успамінаюцца прыклады, калі людзі спрабуюць схавацца ад дарослых праблем ва ўспамінах дзяцінства.

…Пра Чукоўскага неяк думаў: у кожнай сям’і ёсць свая фразеалогія, ідыяматыка (нават міфалогія). Ён, адчуваецца, вельмі многа прыдуманага разам з дачкой пераносіў у творы. Імёны цацак, гульнявыя сітуацыі, цэлыя сюжэты, татошы і какошы ўсякія.

…Злавіў сябе на тым, што пачаў з вялікай цікавасцю чытаць прадмовы і пасляслоўі да кніг, і яны часам выяўляюцца цікавейшымі за самі кнігі. Вельмі не стае нашых кухонных абмеркаванняў (дамашні кніжны клуб), а таксама сядзення-ляжання сумеснага з кніжкамі. Але ўсё будзе.

…Успомніў яшчэ харошае слова «днушка» — у нас так называюць дошачку, на якой рэжуць хлеб ці сала на кухні. А калі кідаеш у ваду каменьчык, каб ён некалькі разоў падскочыў на паверхні, гэта называецца «пускаць жабак».

…Як жа хочацца далучыцца да вашых гульняў, мае харошыя. Веру, што скора так і будзе — калі б тое «скора» ні было. Сапраўды, назбіранае намі за гады цяпло грэе нас, мы жывём шчасцем быць адно ў аднаго.

Вітанне і падзяка суседзям і сябрам, часта думаю пра іх.

Клас
14
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1