Гэта пацвярджае паведамленне цэнтра «Дасье» пра тое, што кіраўнік расійскай дзяржавы ў апошні час стаў часцей карыстацца цягніком, а не самалётам.

Рэзідэнцыя Пуціна на Валдаі

Увосень 2022 года карэспандэнт «Праекта» выявіў на тэрыторыі Валдайскага нацыянальнага парку ахоўную чыгуначную станцыю з верталётнай пляцоўкай побач з вёскай Доўгія Бароды — гэта найбліжэйшы населены пункт да любімай Пуціным Валдайскай рэзідэнцыі. Трое мясцовых жыхароў паведамілі, што станцыя і спецыяльная чыгуначная галіна да яе пабудаваныя толькі для кіраўніка дзяржавы, а ахоўнік прагнаў карэспандэнта, калі ён паспрабаваў падысці да плота ахоўнай станцыі.

«Раней ля Валдая чыгунка была ў жахлівым стане, па ёй можна было ехаць не больш за 15-25 км/г. Калі пачалі рыхтаваць чыгунку да рэзідэнцыі на Валдаі, то частку існуючых шляхоў, па якіх павінен быў прайсці састаў Пуціна, адрамантавалі, а тыя ўчасткі, куды яму не трэба, рамантаваць не сталі», — распавёў «Праекту» былы машыніст, які працаваў на маршруце паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам і не раз, па яго словах, бачыў спеццягнік прэзідэнта Расіі. Згодна са спадарожнікавымі здымкамі, станцыя і чыгунка для Пуціна на Валдаі былі пабудаваныя ў 2019 годзе.

Нова-Агарова

Згодна са спадарожнікавымі здымкамі, станцыя ў Нова-Агарове з'явілася ў 2015 годзе — яна размешчаная за 400 метраў ад рэзідэнцыі Пуціна ў Маскоўскай вобласці. Зямля пад станцыяй была канфіскаваная з прыватнай уласнасці на карысць федэральнай службы аховы рашэннем тагачаснага прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева. Сама спецстанцыя разлічаная на невялікую колькасць вагонаў і схаваная за высокім плотам, на якім праз кожныя 10 метраў устаноўленыя камеры назірання.

Сочы

Для спынення цягніка ў сочынскай рэзідэнцыі «Бачараў ручай» у раёне 2017 года з'явілася і новая платформа, і тупіковая чыгуначная галіна, прыхаваная ад шляхоў, па якіх ходзяць электрычкі, высокім плотам.

Спеццягнік Пуціна не раз трапляў у аб'ектыў трэйнспотэраў і работнікаў чыгункі. Напрыклад, у лістападзе 2018 года або ў красавіку 2020 года. Па словах былога машыніста, з якім паразмаўляў «Праект», бронецягнік Пуціна базуецца ў дэпо на станцыі «Масква-Каланчоўская», дзе знаходзіцца закрыты вакзал для віп-персон. Гэты спецвакзал, як пераканаўся карэспандэнт «Праекта», і цяпер функцыянуе — высокі плот дадаткова ўмацаваны калючым дротам. У 2017 годзе проста да перона віп-вакзала на Каланчоўцы паклалі новую аўтадарогу для картэжу. Спеццягнік прэзідэнта належыць кампаніі «Гранд-сэрвіс экспрэс», якая была звязаная з блізкім сябрам Пуціна Юрыем Кавальчуком.

Верагодна, спеццягнік Пуціна. Скрыншот відэа

Верагодна, спеццягнік Пуціна. Скрыншот відэа

Учора расійскія СМІ паведамілі, што Пуцін мог пачаць аддаваць перавагу бронецягніку з меркаванняў бяспекі. У адрозненне ад самалётаў, цягнік складаней адсачыць, таму што сэрвісаў для трэкінгу пасажырскіх цягнікоў у рэжыме рэальнага часу няма.

Акрамя таго, дзве рэзідэнцыі Пуціна, куды ён наведваецца, размешчаныя на ўзбярэжжы Чорнага мора, дзе палёты абмежаваныя праз вайну.

У бронецягніку ёсць вагон са спальняй і працоўным кабінетам, вагон для суправаджальнага персаналу і вагон для спецсувязі.

Вонкава бронецягнік падобны на звычайны, толькі замест чатырох восяў у яго шэсць, замест аднаго лакаматыва — некалькі, а на даху размешчанае спецабсталяванне.

Клас
7
Панылы сорам
10
Ха-ха
17
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
15