Побач з Эміратамі — Індыя, якая вельмі моцна дэмпінгуе»

На шляху ў Эміраты ў Аляксандра і яго жонкі быў прыпынак у Грузіі. Яны перабраліся туды ў сакавіку мінулага года. «Кампанія пушыла, што: «Давайце, пераязджайце», плюс я тады прахварэў досыць моцна, а ў Батумі — мора, гаючае паветра. Было вырашана ехаць», — тлумачыць гэтае рашэнне Аляксандр.

Але, нягледзячы на прыгожую прыроду і пастаянныя падарожжы ў кампаніі з калегамі, Аляксандр не мог прадставіць сваю будучыню ў гэтай краіне. Яму не падабалася сярэдняя якасць сэрвісу, праблемы з арэндай жытла, пастаянныя перамены настрояў у грамадстве, нестабільнасць у рэгіёне і блізкасць Расіі. «Я зразумеў, што не хачу вучыць грузінскую мову. Не было жадання асімілявацца. У маім разуменні Грузія — краіна на перакур: абдумаць, куды далей», — кажа суразмоўца.

Сярод варыянтаў «куды далей» была Польшча, але да яе ў Аляксандра не ляжала душа. У рэшце рэшт ён спыніўся на ААЭ.

«Даўней я ўжо быў у Эміратах. Гэта спакойная бяспечная краіна, знаходзіцца далёка ад цэнтра канфлікту. І калі ўжо дзесьці і перачакаць гэты час, дык тут. Я вырашыў дзейнічаць з меркантыльнага гледзішча — што лепш зарабіць і захаваць больш грошай», — дадае Аляксандр.

Першым крокам стаў пошук новай працы з вышэйшым заробкам. Усе кантакты з рэкруцёрамі ў Аляксандра праходзілі толькі праз яго знаёмых. «Побач Індыя, якая вельмі моцна дэмпінгуе, — тлумачыць ён. — Такога, каб як у Беларусі — выклаў рэзюмэ на сайт, і на цябе наляцелі рэкруцёры — не. Я спрабаваў штосьці шукаць такім чынам, але былі стандартныя адпіскі, што «мы інфармацыю ўспрынялі, запомнілі, да пабачэння». Рынак меншы, чым у Беларусі, Еўропе». У выніку Аляксандр з дапамогай сябра знайшоў месца ў эмірацкай прадуктовай кампаніі. 

Перад ад’ездам ён разам з жонкай падлічыў прыкладныя выдаткі на год і параўнаў іх з выдаткамі ў Грузіі.

— У мяне сябры ў Эміратах, то я ўяўляў, колькі выдаткуем. Напрыклад, як мы прыкладна падлічылі кошт прадуктаў: жонка зайшла на сайт эмірацкага Carrefour і накідала ў кошык прадуктаў. Пра камуналку і кошт арэнды расказалі сябры. Выйшла, што на жытло прыйдзецца выдаткаваць на год не менш за 17 тысяч долараў, на камуналку — 2400, а на ежу — 12 тысяч долараў. Пазней яшчэ былі карэктавальныя падлікі, і выявілася, што на прадукты мы заклалі крыху больш, чым трэба ў рэальнасці. Усё ж крупы і макароны за адзін раз не расходуюцца, а расцягваюцца. Наогул, у ААЭ велізарная разнастайнасць прадуктаў, у цэлым, мы пачалі харчавацца правільней.

Плюс мы падлічылі нашы траты-выдаткі ў Грузіі. І выявілася, што гэта такая разгульная краіна: трацішся, калі выходзіш кудысьці ўвечары або ў выхадныя з сябрамі. Атрымліваецца, што ў Эміратах у нас атрымліваецца больш адкладваць.

Заробкі — па 5-20 тысяч даляраў (у залежнасці ад пасады і стажу)

Пералёт абышоўся прыкладна ў $200 на дваіх у адзін бок. Паводле слоў Аляксандра, усім працэсам пераезду і легалізацыі занялася яго цяперашняя кампанія: яна проста дасылала сканы, якія трэба было запоўніць, падпісаць і адправіць назад. Адзінае, што Аляксандру і яго жонцы давялося асабіста з’ездзіць здаць адбіткі пальцаў і прайсці медагляд (аналіз крыві і флюараграфію) для атрымання рэзідэнцкай працоўнай візы. 

Плюс у Аляксандра прасканавалі сятчатку вока. Так што ў наступны раз, калі ён будзе ў аэрапорце, зможа скарыстацца смарт-гейтам (спосаб перасячэння мяжы без мытніка).

Цяпер айцішнік — «на экватары» выпрабавальнага тэрміну. У Эміратах ён доўжыцца 6 месяцаў, прычым, калі ты сыдзеш да заканчэння гэтага тэрміну, то мусіш пакрыць працадаўцу ўсе выдаткі на свой пераезд. 

Тут добра развітыя службы дастаўкі, у крокавай даступнасці — прадуктовыя крамы і гандлёвы мол з велізарным Carrefour. Паводле слоў суразмоўцы, у Эміратах кавярні, рэстараны і кава даражэйшыя, чым у той жа Грузіі. Але затое і якасць лепшая. 

— Шмат свежай гародніны, шмат мясцовых брэндаў. У цэлым, прадукты даражэйшыя за мінскія. Напрыклад, тут курынае філе каштуе 12 долараў за кілаграм, а ў Беларусі — дзесьці 3-5. Але тут і зарплаты вышэйшыя, і можна знайсці штосьці на акцыях. У цэлым, мы закладвалі на харчаванне тысячу долараў на месяц, а насамрэч атрымліваецца 700. 

Цэны на бытавую тэхніку і электроніку значна меншыя. Amazon — наша ўсё, дастаўка да дзвярэй. Напрыклад, у Беларусі навушнікі JBL каштуюць 90 долараў, а тут — 60. А на Apple Watch розніца склала не менш за 150 даляраў.

«Унутры прадаюцца немусульманскія прадукты, такія як свініна або мармеладкі Haribo»

Пытаем, ці трэба жонцы Аляксандра прытрымлівацца мусульманскага дрэс-коду. На што той смяецца і кажа, што не. Нават наадварот, тут стае людзей еўрапейскай знешнасці, якія ходзяць у даволі адкрытай вопратцы.

У гэтым плане Дубай крыху наперадзе. Абу-Дабі трохі кансерватыўнейшы, але, у прынцыпе, гэта не стварае ніякіх нязручнасцей. 

— Магчыма, некаторыя ўнутрана абураюцца, але я не бачыў, каб хтосьці на кагосьці лаяўся. У мяне быў прыклад, калі я купляў машыну, і мне трэба было зайсці ў дзяржаўны будынак. Але я быў у шортах, а ў шортах у такія месцы нельга. Так што былы ўладальнік машыны дамовіўся з ахоўнікам, што я хуценька ўвайду, падпішу, аддам грошы і выйду. 

У астатнім — усё як звычайна. У офіс — штаны, кашуля або майка без абразлівых прынтаў. З мясцовых асаблівасцей — толькі што нельга крытыкаваць мусульманскія законы. І нельга здымаць людзей без дазволу. Некалькі гадоў таму хтосьці запісаў на відэа канфлікт на дарозе, выклаў у сеціва, і яго пакаралі. Я пытаўся наконт відэарэгістратара, ці можна яго ставіць, і сышліся на тым, што можна, але запісы з яго лепш паказваць толькі ў паліцыі. 

Алкаголю няма ў агульным доступе, але мне гэта нават падабаецца. Ён прадаецца толькі ў спецыялізаваных крамах. Свініна ёсць у сетцы White Rose. Там такі пакойчык, дзе напісана «non-Muslim», ты націскаеш кнопачку, дзверы адчыняюцца, і ты заходзіш. Унутры прадаюцца немусульманскія прадукты, такія як свініна або мармеладкі Haribo (мармелад, які змяшчае жывёльны жэлацін, не з’яўляецца халяльным, — dev.by). 

Ну і ўмовы крэдытавання або тарыфы на мабільную сувязь адрозніваюцца для мясцовых і прыезджых. Ты заходзіш на сайт мабільнага аператара, а там пакет для мясцовых, «эміраці», і для рэзідэнтаў. Разбежкі ў цане, здаецца, асабліва няма, але бонусы налічваюцца па-рознаму.

Мы неяк абмяркоўвалі гэта ў кампаніі і прыйшлі да высновы, што так і мясцовым ёсць магчымасць жыць нармальна, і прыезджыя могуць зарабіць і пажыць тут.

«З найвялікшых мінусаў — надвор’е. Спякота ўлетку будзе неймаверная»

— Што мне тут падабаецца, дык гэта лічбавізацыя дзяржапарату. Практычна ўсё можна зрабіць анлайн. Раскажу на прыкладзе машыны: я яе купіў, аформіў дакументы, і яны тут жа падцягнуліся маім Emirates ID у сістэму. Я прайшоў аналаг тэхагляду і аддалена аформіў страхоўку. Страхоўка таксама падцягнулася. Потым я зайшоў у праграму, выбраў «Зарэгістраваць машыну», заплаціў за нумары і забраў іх зранку. І не трэба было сядзець, як у Беларусі, у чарзе ў ДАІ. Шмат сэрвісаў, дзе ты ўсё або амаль усё робіш анлайн.

Дарэчы, нашы беларускія пасведчанні тут не прызнаюцца. Калі ты становішся рэзідэнтам, у цябе маюць быць мясцовыя дакументы. Калі ты, дапусцім, грамадзянін Брытаніі або Украіны, то можаш абмяняць свае старыя правы на новыя ў аддзяленні паліцыі. А грамадзянам Беларусі і Расіі трэба здаваць экзамен.

Але ў Абу-Дабі ёсць такая рэч як golden chance. Калі ў цябе ўжо ёсць сваё лакальнае пасведчанне, то ты толькі здаёш тэорыю, потым праходзіш 6 гадзін абавязковай практыкі і здаёш горад. У Дубаі такога няма.

Тут англійская практычна паўсюль. Аднак не факт, што чалавек, які цябе слухае, усё разумее або размаўляе па-англійску нармальна (я сутыкнуўся з такім падчас куплі машыны). Але часам ловіш сябе на думцы, што, магчыма, мне было б цікава павучыць арабскую.

На цяперашнім этапе мяне нічога асабліва не раздражняе. Хіба што таксісты, якія любяць разганяцца, а потым рэзка тармазіць. І яшчэ тут штрафы вялізныя, за перавышэнне хуткасці ў тым ліку. Напрыклад, калі перавышэнне не большае за 20 км, то штраф — 300 дырхамаў (ледзь не 80-85 долараў). Але калі заплаціць у першы месяц пасля атрымання штрафу, то зніжка — 30%.

У Беларусі і Грузіі я не парыўся наконт трафіку. А тут за гадавы пакет жонцы (6 гігабайт на месяц) аддалі дзесьці 200 долараў. Памесячна — яшчэ даражэй. А хатні інтэрнэт — парадку 120 долараў на месяц. 

І з найвялікшых мінусаў — надвор’е. Спякота ўлетку будзе неймаверная. Гэта складана апісаць, яе проста трэба адчуць.

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1