Ад выбару футболкі з арганічнай бавоўны да куплі красовак, зробленых з перапрацаваных пластыкавых бутэлек, — многія з нас выбіраюць плаціць больш у надзеі, што наша пакупка будзе больш якаснай або дапаможа людзям і планеце. Аднак, калі справа даходзіць да тэкстылю, мы не заўсёды атрымліваем тое, за што, як мяркуем, заплацілі.

Так, у 2016 годзе амерыканскі рытэйлер Target разарваў адносіны з вытворцам тэкстылю Welspun India пасля таго, як выявіў, што 750 тысяч просцін і навалачак з маркіроўкай «Егіпецкая бавоўна» не былі на 100% егіпецкія. Праз год пасля інцыдэнту Асацыяцыя бавоўны Егіпта падлічыла, што 90% сусветных паставак было падроблена.

У 2020 годзе Глабальны стандарт арганічнага тэкстылю (Gots) заявіў, што 20 тысяч тон індыйскай бавоўны было памылкова сертыфікавана як арганічная, што склала каля шостай часткі ўсёй вытворчасці краіны. А ў 2017-м в'етнамскі шаўковы брэнд прызнаў, што палова яго шоўку насамрэч трапляе з Кітая.

Даныя пра сапраўдныя маштабы тэкстыльнага махлярства ва ўсім свеце цяжка атрымаць, але ёсць прыкметы таго, што праблема выходзіць за рамкі некалькіх асобных інцыдэнтаў.

«Я б сказаў, што пераважная большасць бавоўны, якая падаецца спажыўцам як арганічная, на самай справе не ёсць арганічнай», — кажа Крыспін Арджэнта, кіруючы дырэктар Sourcery — амстэрдамскай кампаніі, якая дапамагае брэндам атрымліваць арганічную бавоўну непасрэдна ад вытворцаў.

Сінтэтычныя матэрыялы таксама ненадзейныя. Waste2Wear — кампанія, што тэсціруе тканіну, нібыта вырабленую з перапрацаваных пластыкавых бутэлек, паведамляла, што праведзеныя ёй тэсты сведчылі пра тое, што прадукцыя насамрэч была зроблена з першаснага пластыку.

Ланцужкі паставак

Тыповы ланцужок паставак у тэкстыльнай прамысловасці можа быць неверагодна складаным. Бавоўна, сабраная ў Егіпце, можа быць адпраўлена ў Індыю для вырабу пражы на адным прадпрыемстве, перапляценні ў тканіну на іншым, а затым накіравана ў Партугалію для раскрою і пашыву, а потым прададзена ў краме ў Лондане. Такім чынам, прадмет праходзіць праз сотні рук, перш чым трапляе да спажыўца.

Часта самі рытэйлеры і брэнды не ведаюць дакладна, адкуль тканіна ў іх прадуктах. Даследаванне UNECE 2019 паказала, што толькі траціна з сотні вядучых кампаній па вытворчасці адзення адсочвае свае ланцужкі паставак, а палова збірае інфармацыю толькі пра непасрэдных пастаўшчыкоў.

У дадатак да ўсяго, сістэмы адсочвання могуць быць відавочна старой школы. «У некаторых выпадках літаральна ёсць фізічны ліст паперы, які перамяшчаецца па ланцужку паставак. І па ім правяраюць, адкуль тавар, або туды дадаюць нейкія даныя», — кажа Кэтлін Рэдаман, дырэктар інавацыйнай платформы Fashion for Good, якая працуе над тым, каб зрабіць моду больш экалагічнай. «Але ў вас няма лічбавай праверкі, няма базавай фізічнай праверкі, каб пераканацца, што ўсё валакно — з той краіны, якая пазначана на этыкетцы», — дадае яна.

Ёсць і іншыя складанасці. Так, у справаздачы за 2021 год Лаўры Мэрфі з Універсітэта Шэфілд-Халам, Вялікабрытанія, гаворыцца, што міжнародныя брэнды могуць ненаўмысна набываць тавары з бавоўны, вырабленай у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне Кітая, дзе паведамлялася аб шырока распаўсюджаных парушэннях правоў і аб прымусовай працы. У рэгіёне вырабляецца 85% бавоўны ў Кітаі і 20% у свеце. «Механізмы, якія хаваюць крыніцы бавоўны ў Сіньцзяне, могуць працаваць менавіта таму, што канчатковыя пакупнікі не ведаюць пра тое, адкуль трапляе адзенне», — пішуць аўтары.

Спосабы адсочвання

Каб праверыць сапраўднасць сваёй прадукцыі, фірмы звяртаюцца да тэхналогій, якія могуць адсочваць валокны ад поля фермы да цэха.

Напрыклад, ізатопны аналіз — гэта стварэнне ўнікальнага экалагічнага адбітка валакна для праверкі яго геаграфічнага паходжання. Калі расліны і жывёлы растуць, яны паглынаюць ізатопы ў тых жа суадносінах, у якіх гэтыя ізатопы ёсць у навакольным асяроддзі. Калі вымераць узроўні ізатопаў і мікраэлементаў у сыравіне з канкрэтнай фермы, то можна стварыць індывідуальны адбітак для пэўнага валакна. Пазней узоры тканін, узятыя з ланцужка паставак, можна прааналізаваць і параўнаць з захаванымі адбіткамі.

Аднак такі ізатопны аналіз могуць дазволіць сабе не ўсе кампаніі, бо для гэтага трэба ствараць велізарныя базы даных, напрыклад, узяць узоры глебы з усіх буйных бавоўнавых фермаў свету.

З сінтэтычнымі тканінамі працуюць штучныя абазначэнні для адсочвання тканіны падчас яе перамяшчэння па ланцужку паставак. Звычайна да валокнаў дадаюць штучную ДНК або пігменты, якія дзейнічаюць як «нябачнае чарніла».

Ёсць таксама спосаб, які не адсочвае тканіну, але дапамагае заўважыць махлярства: акселератар арганічнай бавоўны распрацаваў метад атрымання ДНК з бавоўны і яе далейшага скрынінгу на наяўнасць генетычных мадыфікацый. Так як арганічная сертыфікацыя патрабуе выкарыстання не геннамадыфікаванага насення, то высокае ўтрыманне геннамадыфікаванага матэрыялу ў партыі «арганічнай» бавоўны азначае, што нешта не так.

Аднаўленне ланцужкоў

У 2018 годзе стакгольмская кампанія па вытворчасці адзення Asket паставіла за мэту цалкам адсочваць увесь свой асартымент. «Мы пачалі працаваць паступова па ланцужку, задавалі ўсе гэтыя пытанні, і гэта сапраўды турбавала і раздражняла нашы фабрыкі», — кажа сузаснавальнік Asket Агюст Бард Брынгеус. Прадпрыемствы неахвотна дзяліліся інфармацыяй і непакоіліся, што кіраўніцтва хоча іх звольніць.

Asket плануе перайсці на арганічную бавоўну ва ўсім сваім асартыменце, але пакуль не ведае дакладна, з якіх ферм яна трапляе. Па словах уладальнікаў, дадаванне фізічнага індыкатару, які мог бы адсачыць бавоўну з моманту яе збірання, забяспечыла б дадатковы спакой і прыдало б некаторай упэўненасці, якой у кампаніі сёння няма.

Аднак, хоць фізічныя індыкатары могуць быць карысныя для праверкі дзейных сістэм сертыфікацыі, яны ніколі не змогуць скласці поўную карціну паходжання тэкстыльных вырабаў. Так, ізатопнае тэсціраванне не раскажа, як абыходзяцца з рабочымі і якія меры прымаюць на ферме па захаванні біяразнастайнасці.

«Вы павінны ведаць, хто ўваходзіць у ваш ланцужок паставак, падтрымлівае з імі адносіны і ўзаемадзейнічае з імі», — мяркуе Кэтлін Рэдаман.

Празрыстасць у тэкстыльнай галіне патрабуе не толькі тэхналагічных рашэнняў, але і радыкальнай адмовы ад звыклага вядзення спраў. Уладальнікі не дазнаюцца праўды, калі не зменяць спосаб вядзення бізнэсу.

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
0