Фота: АР

Фота: АР

Скардзіна: падтрымка народа і сямейнае шчасце

Першай на алімпійскую дыстанцыю выйшла Надзея Скардзіна. На першай стральбе ўраджэнка Пецярбурга адстралялася без промахаў, выкарыстала два дадатковыя патроны на стойцы. У выніку яна перадала наступнай беларусцы эстафету дзясятай.

Праз некалькі месяцаў пасля Пхёнчхана Скардзіна завяршыла кар’еру. Але і без спорту яна не сумавала: удзельнічала ў перадачах на беларускім ТБ, разам з Аляксандрай Герасіменяй працавала над праектам спартовага радыё «Спорт FM», але ідэя атрымала адмову ад Адміністрацыі Лукашэнкі. Надзея задумвалася пра трэнерскую кар’еру і нават гаварыла, што збіраецца кансультаваць лыжнікаў і біятланістаў праз інтэрнэт, але пайшла ў бок сям'і. У жніўні 2019 года яна выйшла замуж за швейцарскага біятланіста Марціна Ягера, а 10 лістапада нарадзіла сына. Хлопчыка назвалі Даніілам.

29 кастрычніка 2020 года Скардзіна стала 1000-й падпісанткай адкрытага ліста спартсменаў за сумленныя выбары. Яна выказвала салідарнасць пратэстоўцам, збітаму брату яе сяброўкі Дар’і Домрачавай і звольненай чэмпіёнцы свету па фрыстайле Аляксандры Раманоўскай. Калі пачалася вайна ва Украіне, Надзея выказалася за мір.

Цяпер алімпійская чэмпіёнка жыве з сям’ёй у Швейцарыі і трэніруе дзяцей у двух клубах: у адным займаецца з дзецьмі біятлонам, у другім — катаннем на лыжах.

Крыўко: невыразны працяг кар’еры і дэкрэт

Другой эстафету бегла Ірына Крыўко. Са стральбой на стойцы яна справілася без промахаў і пятай перадала эстафету калезе па камандзе.

Пасля Пхёнчхана, калі зборную пакінулі Скардзіна і Домрачава, Крыўко заняла месца лідаркі каманды. У міжсезонне Ірына выйшла замуж за сэрвісмена беларускай зборнай Арцёма Лешчанку, але кар’еру на паўзу ставіць не стала.

Сезон 2018/2019 прынёс ёй срэбра і бронзу чэмпіянату Еўропы, а таксама 15 месца ў агульным заліку Кубка свету. А вось наступны сезон, 2019/2020, атрымаўся для Ірыны менш удалым — у тым жа заліку КС яна дабралася толькі да 45 месца (праўда, мае два срэбра з эстафет на этапах у Аберхофе і Нове-Мяста).

Пасля выбараў біятланістка падпісала праўладны ліст спартсменаў. У сезоне 2020/2021 найлепшы вынік спартсменкі — 15 месца на спрынце ў фінскім Кантыялахці, у наступным сезоне яна не падымалася вышэй за 16 месца спрынту ў Аберхофе. Аднак яшчэ была срэбраная эстафетная гонка на этапе Кубка свету ў Эстэрсундзе, якую Ірына бегла разам з калегай па пхёнчханскім медалям Дзінарай Алімбекавай.

На зімовую Алімпіяду ў Пекін біятланістка, цяпер ужо пад прозвішчам Лешчанка, яшчэ з’ездзіла, а потым пачалася вайна ва Украіне, і беларускі біятлон трапіў пад бан на міжнародных спаборніцтвах. Лешчанка разам з калегамі па зборнай змяніла сусветна вядомыя трасы на турніры ў Расіі і ніякага незадавальнення на гэты конт не выказала.

У жніўні 2022 года стала вядома, што Ірына прапусціць сезон, бо пайшла ў дэкрэт. У снежні яна нарадзіла дачку.

Алімбекава — каралева расійскіх трас

Пасля Ірыны на дыстанцыю выйшла Дзінара Алімбекава, самая недасведчаная на той час спартсменка з эстафетнай беларускай каманды. Першыя два выстралы ў Дзінары праляцелі міма мішэняў, але саму гонку яна пачала вельмі добра, і ў выніку чацвёртай перадала эстафету апошняй з беларусак.

Цяпер Дзінара — адзін з твараў праўладнага беларускага спорту. Разам з мужам Антонам Смольскім біятланістка, цяпер таксама Смольская, удзельнічае ў тых турнірах, што ім засталіся, — размова пра беларускія і сумесныя з расіянамі турніры. Вядома, падпісантка праўладнага ліста не выказваецца ні супраць вайны ва Украіне, што пазбавіла яе сусветных трас, ні супраць рэпрэсій у Беларусі, затое з ахвотай прымае, напрыклад, букет, перададзены ёй Аляксандрам Лукашэнкам праз мужа Смольскага (з якім яна, верагодна, пачала сустракацца яшчэ падчас яго мінулага шлюбу, што звязваюць з канфліктам у жаночай зборнай).

Цяпер Дзінара — лідарка беларускай зборнай.

Раскажам трохі пра даваенныя выступы Дзінары. Пасля золата ў Пхёнчхане яна атрымала стабільнае месца ў першым складзе зборнай, найлепшы вынік за 2018/2019 год — 13-е месца ў спрынце ў Эстэрсундзе. У наступным сезоне Алімбекава не падымалася вышэй за 33-е месца ў індывідуальнай гонцы ў тым жа Эстэрсундзе, а вось у сезоне 2020/2021 нарэшце пайшла ўверх: узяла золата спрынту ў Хахфільцэне і тры срэбры на этапах Кубка свету. У наступным сезоне Дзінара паспела ўхапіць срэбра мас-старту ў Антхольцы, а потым была вайна — і далей вы ўжо ведаеце.

Домрачава: пераехала ў Манака

Тую славутую эстафету-2018 Дар’я Домрачава бегла апошняй — і, магчыма, калі б не яе досвед і здольнасці, золата б і не было. Пасля Алімпіяды Домрачава, як і яе сяброўка Надзея Скардзіна, скончыла кар’еру. У верасні 2019 года яна ўзначаліла жаночую зборную Кітая па біятлоне, а яе муж, тытулаваны нарвежскі біятланіст Уле-Эйнар Б’ёрндален, стаў галоўным трэнерам мужчынскай зборнай.

Верагодна, задача зацягнуць кітайскіх біятланістаў на алімпійскі п’едэстал аказалася для Домрачавай і яе мужа непад'ёмнай: на Гульнях у Пекіне зборная Кітая была далёкая ад медалёў, і Дар’я з мужам пакінулі свае пасады. Па апошніх даных, цяпер Домрачава жыве ў Манака, дзе яе дачка Ксенія пайшла ў школу.

Ад Домрачавай, як ад галоўнай зоркі беларускага біятлона, звыштытулаванай спартсменкі і ўладальніцы звання Герой Беларусі чакалі ў 2020 годзе падтрымкі народа. Але спартсменка адмяжоўвалася цьмянымі заклікамі «спыніць гвалт», адрасат якіх не быў зразумелы, і не надта змяніла рыторыку нават пасля таго, як сілавікі збілі яе роднага брата Мікіту.

Што да вайны ва Украіне, то Дар’я зноў выказалася даволі цьмяна: маўляў, яна за мір, але гэтак жа, як вайна, яе абурае спартовы бан для расійскіх і беларускіх атлетаў. Праз усё гэта Домрачава трапіла пад моцную крытыку і ў сацсетках, і з боку былых калег-спартсменаў, але мяняць сваё меркаванне не стала.

МАК патлумачыў, як рэпрэсаваныя беларускія спартсмены змогуць выступіць на Алімпіядзе-2024

«Балі і абдыманкі з Лукашэнкам — не палітыка?» Спыталі ў сумленных спартсменаў, ці варта зняць спартовы бан з Расіі і Беларусі

«Слава Украіне!» Гулец, якога Лукашэнка прасіў не збягаць з Беларусі, пераехаў ва Украіну

Клас
7
Панылы сорам
21
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
8
Абуральна
25