У інтарэсах усяго свабоднага свету — паражэнне Расіі ў вайне, вывад расійскіх войскаў з акупаваных тэрыторый Украіны, Грузіі і Малдовы, калапс палітычнага рэжыму, асуджэнне расійскага імперыялізму. Упэўнены, што гэта павінна стаць платформай антыпуцінскіх сіл і ўнутры самой Расіі.

Часта можна пачуць крытыку ў бок гэтых самых антыпуцінскіх сіл (напрыклад, Хадаркоўскага), што яны, гады, не хочуць распаду Расіі, хочуць захаваць яе ў міжнародна прызнаных межах 1991 года, без адарвання ад Расіі тэрыторый. А таму ўсе яны працуюць на Пуціна (ці нават горшыя за Пуціна — імперцы ў «ліберальнай» абгортцы).

І тут адразу бачна, наколькі людзі адарваныя ад рэальнасці, і наколькі ва Усходняй Еўропе ўсё кепска з памяццю пра постваенную Еўропу.

Ніякі палітык, у тым ліку антыпуцінскі, які прэтэндуе на высокую дзяржаўную пасаду (цяпер ці ў будучыні) у прынцыпе ніколі не будзе ставіць пытанне аб адарванні тэрыторый ад сваёй краіны ў міжнародна прызнаных межах. Гэта — нармальна. Бо любыя падобныя размовы сталі б для такога палітыка палітычнай смерцю. І Расія тут не ўнікальная.

Постваенная Нямеччына. У краіне пасля ваеннага паражэння і ганебнага агіднага гітлерызму адбываецца дэнацыфікацыя пад кантролем саюзнікаў. Краінай кіруе ХДС/ХСС пад кіраўніцтвам Конрада Адэнаўэра — прынцыповага, непахіснага крытыка Гітлера і нацызму з беззаганнай рэпутацыяй, практыкуючага католіка.

У выніку Другой сусветнай вайны Нямеччына страціла тэрыторыі, але ХДС (пад кіраўніцтвам антыгітлераўца Адэнаўэра) працягвала заяўляць пра магчымасць аб'яднання Нямеччыны ў межах… 1937 года! ХДС спакойна малявала Нямеччыну на сваіх постарах у старых межах ажно да 1980-х, праз дзесяцігоддзі (!!!) пасля таго, як Нямеччына прайграла ў вайне і страціла Сілезію, Прусію і Памеранію.

Было б дзіўна, калі б антыпуцінскія сілы ў Расіі паводзілі сябе неяк інакш. Тым больш, што да ваеннага паражэння Расіі яшчэ вельмі і вельмі далёка.

Тое, што гавораць антыпуцінскія сілы ў Расіі, яшчэ тысячы разоў можа нам не спадабацца, але гэта не падстава гэтыя сілы не падтрымліваць. Паміж Гітлерам і Адэнаўэрам трэба выбіраць Адэнаўэра.

Клас
41
Панылы сорам
12
Ха-ха
7
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
8