Мечахвосты на ўзбярэжжы. Фота: Breese Greg / Pixnio.com

Мечахвосты на ўзбярэжжы. Фота: Breese Greg / Pixnio.com

Мечахвосты захаваліся да нашых дзён амаль у нязменным з юрскага перыяду выглядзе. Іх целы пакрыты хіцінавым панцырам. А дарослыя асобіны могуць быць да 60 см у даўжыню і 4,5 кг вагой. У іх дзевяць вачэй, некаторыя з якіх шматлінзавыя. Гэтыя істоты могуць бачыць вакол сябе ва ўсіх кірунках — спераду, ззаду, абапал і зверху! Аднак асаблівымі іх робіць не толькі гэта, распавядае Medonet.pl.

Атлантычны мечахвост (Limulus polyphemus). Фота: Flickr

Атлантычны мечахвост (Limulus polyphemus). Фота: Flickr

Блакітная кроў ратуе жыцці

Мечахвосты ўнікальныя дзякуючы ўласцівасцям іх крыві. Па-першае, яна арыстакратычнага блакітнага колеру. А па-другое, кроў мечахвостаў мае ўнікальную здольнасць: яна згортваецца пры траплянні ў яе нават самай малой колькасці хваробатворных бактэрый ці іншых чужародных мікраарганізмаў, а дакладней, ператвараецца ў жэле. Такім чынам імунная сістэма жывёл абараняе іншыя органы ад паражэння.

Так як гэтая ўласцівасць дазваляе стоадсоткава дазнацца, ці ёсць у нейкіх прадметах або рэчывах бактэрыі, фармацэўты выкарыстоўваюць кроў мечахвостаў для тэставання лекаў, інфузійных вадкасцяў, эндапратэзаў і кардыястымулятараў. 

Мечахвосты нават паўдзельнічалі ў заваяванні космасу. Іх кроў выкарыстоўваецца для стэрылізацыі зондаў, адпраўленых у пазаземную прастору. Такім чынам навукоўцы хочуць пазбегнуць распаўсюджвання «нашых» мікробаў у іншыя месцы галактыкі.

Мечахвост — ахвяра пандэміі COVID-19?

Падчас распрацоўкі вакцыны супраць COVID-19 павялічыўся адлоў мечахвостаў для лабараторных мэт. Арганізацыі па ахове навакольнага асяроддзя б'юць трывогу, што больш шырокае выкарыстанне гэтых членістаногіх можа прывесці да вымірання віду. Тым больш, што арэал іх жыхарства паступова памяншаецца.

Аднак здабываецца гэтая кроў не самым гуманным чынам: у лабараторыі мечахвоста змяшчаюць на падстаўку, у тканку вакол сэрца жывёлы ўстаўляецца іголка, пасля чаго зліваецца кроў. Потым мечахвостаў адпускаюць, аднак каля 30% з іх не выжывае (і гэтая лічба — недакладная).

Фота: AkwariumGdynskie / Facebook

Фота: AkwariumGdynskie / Facebook

У допісе Акварыума Гдыні ў фэйсбуку за 2021 год пад назвай «Супергерой у крызісе» апавядаецца, як прыродаахоўнікі настойваюць на тым, каб біямедыцынская прамысловасць як мага хутчэй пачала выкарыстоўваць замест крыві мечахвостаў сінтэтычную альтэрнатыву, вядомую як рэкамбінатарны фактар C (анг. варыянт — rFC). Хоць rFC, распрацаваны ў 1980-х гадах, эквівалентны гемалімфе гэтых жывёл, існуюць нарматыўныя перашкоды, якія не дазваляюць яму адпавядаць высокім стандартам мечахвоста.

Акрамя гэтага, здабыццё крыві мечахвоста — вельмі прыбытковы бізнэс: літр каштуе каля 16 тысяч даляраў.

Клас
21
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
9
Сумна
96
Абуральна
30