Жыхара Гомеля Дзмітрыя Цімашэнку асудзілі па артыкуле аб гвалце ў дачыненні да міліцыянта (арт. 364 Крымінальнага кодэкса). Згодна з абвінавачаннем, Цімашэнка ўдарыў па руцэ міліцыянтку Наталлю Сінкевіч, якая здымала грамадзян, тэлефон выпаў у яе з рук і разбіўся.

19 лютага 2021 года суд прызнаў Дзмітрыя вінаватым і прызначыў 2,5 года пазбаўлення волі. Таксама яму прызначылі выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды «пацярпелай» міліцыянтцы 1000 рублёў.

Тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі № 17. Ён цалкам адбыў тэрмін і раніцай 4 сакавіка выйшаў на волю, пішуць праваабаронцы «Вясны». Вядома, што ў адным толькі лютым, перад самым вызваленнем, яго 20 сутак пратрымалі ў ШІЗА. У зняволенні ён адбыў 2 гады 3 месяцы і 15 дзён.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі пачаліся з 2020 года пасля таго, як на прэзідэнцкіх выбарах Аляксандр Лукашэнка, па ўсёй відавочнасці, прайграў хатняй гаспадыні, жонцы палітзняволенага блогера Святлане Ціханоўскай, якая, мяркуючы па пратаколах з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіраць за падлікам галасоў, набірала больш за 50 працэнтаў галасоў ужо ў першым туры галасавання.

З 2020 года ў Беларусі адбылося каля 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў. Заведзена каля 12 тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў, па якіх праходзяць дзясяткі тысяч людзей. Вялікая колькасць людзей вымушаная была пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій. 

Клас
14
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2