— Увесну 2017 года ўзнікла думка: а што калі пачаць калекцыянаваць апараты? Проста сам сабе кінуў выклік — змагу ці не? Да гэтага часу не магу адказаць на пытанне, чаму менавіта гэтую марку абраў. Усё адбылося зусім спантанна.

Першай мадэллю стала Nokia 7710, яе Сяргей знайшоў у інтэрнэце і набыў за невялікія па тагачасных мерках грошы. Тэлефон зацікавіў яго сваім вонкавым выглядам: гэта быў адзін з першых серыйных сэнсарных апаратаў фінскай кампаніі. Для 2005 года літаральна прарыў. Да таго ж пашанцавала з якасцю.

— У нашых краях складана знайсці яго ў выдатным або добрым стане, звычайна сур'ёзная ступень зносу. А гэты хоць і быў ужо ў карыстанні, але рабочы, без бачных пашкоджанняў — ідэальны па вонкавых і ўнутраных характарыстыках. Гэтым я і адрозніваюся ад прафесійных калекцыянераў — яны звычайна шукаюць новыя апараты з арыгінальным камплектам, упакоўкай. Для мяне ж дастаткова, каб тэлефон працаваў і выглядаў годна.

Далей калекцыянер пачаў шукаць і набываць мадэлі па такім жа прынцыпе. Хутка з'явіліся новыя знаёмствы. Сябры з энтузіязмам успрынялі хобі Сяргея і пачалі дапамагаць у пошуку, перадаваць яму ўсё больш тэлефонаў Nokia.

— З некаторымі пасябраваў настолькі, што яны сталі дасылаць мне іх пачкамі. За гэты час знаёмыя з Масквы адправілі каля ста мадэляў. Ёсць тэлефоны з Расіі, Эстоніі, ЗША, іншых краін.

Чым глыбей Сяргей Хадановіч пагружаўся ў тэму, тым больш даведваўся аб кампаніі Nokia. Высветлілася, што брэнд з'явіўся ў сярэдзіне XIX стагоддзя, першапачаткова фірма займалася дрэваапрацоўкай і вытворчасцю вырабаў з гумы: шынаў, абутку, процівагазаў…

У гамяльчаніна ёсць асобнік тых часоў: распыляльнік парашкападобных рэчываў, выраблены ў першай палове XX стагоддзя, гэта самы стары прадмет калекцыі. Выраб нагадвае клізму, але з металічным наканечнікам іншай формы, у выглядзе сетачкі, праз якую можна распыляць тальк. Ёсць на паліцы Сяргея і процівагаз, які быў на ўзбраенні фінскай арміі. А яшчэ абутак: гумовыя боты, туфлі, кеды. І сувенірная прадукцыя: значкі, памятныя жэтоны. Мара доктара — здабыць паперу Nokia для капіравальнай тэхнікі.

На гэты момант самым дарагім асобнікам сваёй калекцыі збіральнік лічыць смартфон N92. Ён не прызначаўся для продажу на постсавецкай прасторы, апарат не русіфікаваны. Затое ў ім ёсць свая фішка — падтрымка мабільнага тэлебачання, што для сярэдзіны 2000-х было эксклюзівам. Экран круціцца, падвойная клавіятура, камера фіксуецца — рэдкасць, адным словам.

З цікавага таксама мадэль 9300i — нешта накшталт міні-камп'ютара з функцыяй Wi-Fi, раскоша для 2005 года нябачаная.

Nokia 9300i

Nokia 9300i

Культавая мадэль 8910 з тытанавым корпусам была тэлефонам класа люкс, яна таксама займае асаблівае месца ў калекцыі Сяргея. Высокая цана на апарат і цяпер — усё ж матэрыял не самы стандартны для вытворчасці мабільніка. Таксама адметны

Nokia 8910

Nokia 8910

Nokia 8110, так званы «банан», многія памятаюць яго па фільме «Матрыца».

Nokia 8110

Nokia 8110

У ліку любімых у гамяльчаніна мадэль 770 Internet Tablet — правобраз сучаснага планшэта, N-Gage — гульнявая прыстаўка і смартфон у адным корпусе.

Nokia 770 Internet Tablet

Nokia 770 Internet Tablet

Ва ўсе мадэлі ўстаўлены сімкі, кожны тэлефон можна ўключыць і выкарыстоўваць па прызначэнні.

— Для працы ў мяне iPhone, а астатняе для душы. Але часам у якасці асноўнага тэлефона выкарыстоўваю нешта з калекцыі. Паглядзіце на іх, яны ўсе розныя! У гэтым таксама свая цікавасць. А зараз што? Безаблічныя прамавугольнікі. Раней быў палёт інжынернай думкі і свой фірмовы почырк, стыль, — дзеліцца збіральнік. — Адзіная праблема ў найбольш старажытных апаратаў — батарэі. На некаторыя мадэлі жудасны дэфіцыт. І немалаважна: іх трэба захоўваць асобна, але не ўсе гэта ведаюць. Батарэя можа раздзьмуцца, лопнуць, пашкодзіць апарат і сапсавацца сама. Я захоўваю іх у асобнай скрыні. Плюс Nokia ва ўзаемазамяняльнасці элементаў сілкавання — некаторыя тыпы іх акумулятараў падыходзяць прыкладна да некалькіх дзясяткаў мадэляў.

Тых, хто збірае прадукцыю Nokia ў Беларусі ў такім маштабе, Сяргей не сустракаў. Ёсць тыя, хто калекцыянуе мадэлі іншых марак, хтосьці толькі рэдкія ці найбольш каштоўныя. Для сувязі ў аматараў рэтра-тэхнікі ёсць група ў вайберы.

— Я цвёрда вырашыў, што ні пры якіх абставінах прадаваць экзэмпляры сваёй калекцыі не буду. Хіба што паўтараюцца мадэлі, і то імкнуся іх вымяняць на нешта рэдкае, — прызнаецца доктар.

Дарэчы, Сяргей у свой час набыў таксама пэйджар і нэтбук брэнда Nokia, і гэта таксама частка калекцыі. Галоўнае пытанне — дзе ўсё гэта размясціць. Асобнікі спакаваныя і чакаюць свайго часу. Збіральнік плануе абсталяваць спецыяльнае памяшканне, каб арганізаваць невялікі музей. А пакуль можна зазірнуць на віртуальную выставу проста ў інстаграм-акаўнце ўладальніка апаратаў пад нікам @narkozist_nokia.

Фота: Іван Кузмянкоў і з архіва Сяргея Хадановіча

Фота: Іван Кузмянкоў і з архіва Сяргея Хадановіча

Клас
43
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
2