Пасля развалу СССР і здабыцця незалежнасці ў Беларусі некалькі гадоў працягвалі выдаваць савецкія пашпарты ўзору 1974 года.

Свой пашпарт у беларусаў з'явіўся толькі ў 1993 годзе. Гэта быў пашпарт сіняга колеру з афіцыйным тады гербам «Пагоня» на вокладцы. Словы «Рэспубліка Беларусь» і «Пашпарт» на ім былі напісаныя толькі на беларускай і англійскай мовах.

Пры гэтым пашпарты савецкага ўзору працягвалі выдаваць нават у 1994 годзе. Аб прыналежнасці былога грамадзяніна СССР да незалежнай Беларусі сведчыў штамп на адной са старонак з адпаведным надпісам: «Грамадзянін Рэспублікі Беларусь», выкананым на беларускай і англійскай мовах.

Пашпарты грамадзяніна РБ узору 1993 года выдавалі да 1996-га. Новы пашпарт захаваў ранейшы колер, на вокладцы з'явіліся надпісы на рускай мове, герб «Пагоня» быў заменены на цяперашні. Унутранае афармленне асноўнага дакумента таксама значна змянілася.

Жыць з «чырвоным» пашпартам можна было і праз 10 гадоў пасля развалу СССР. Больш за тое, у 1999 годзе ўладальнікі савецкага пашпарта маглі выязджаць за мяжу. Праўда, для гэтага ў тыя часы трэба было паставіць адпаведны штамп з інфармацыяй, што «пашпарт прыгодны для шматразовых выездаў ва ўсе краіны свету». 

Дакумент быў выведзены з афіцыйнага абароту толькі ў канцы 2002 года, калі 29 кастрычніка Савет Міністраў прыняў пастанову № 1492 «Аб абмежаванні тэрміну дзеяння пашпарта грамадзяніна СССР узору 1974 года і пашпарта грамадзяніна РБ узору 1993 года». Разам з савецкім пашпартам адмянілі і пашпарт з «Пагоняй».

За чвэрцьвекавую гісторыю пашпарт узору 1996 года перажыў некалькі нязначных мадыфікацый.

Дзейны ўзор пашпарта быў зацверджаны ў 2010 годзе. У 2021 годзе быў уведзены ў абарачэнне біяметрычны пашпарт і ID-карта.

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі працуюць над тым, каб беларусы, якія жывуць за мяжой і не могуць вярнуцца ці звярнуцца ў консульства, маглі атрымаць новыя пашпарты.

Палітыкі сцвярджаюць, што сам дакумент ужо распрацаваны і адпавядае стандартам ICAO — Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі.

Заставачнае фота: Анатоль Лябедзька

Чытайце таксама: Калі дэмсілы плануюць выпусціць новы беларускі пашпарт, дзе ён будзе дзейнічаць і хто яго будзе выдаваць

Клас
39
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
3