Фота: Мінлясгас

Фота: Мінлясгас

Гандлёвую пляцоўку Мінлясгаса пад назвай «Лясная хатка» на Лагойскім тракце ў Мінску 16 сакавіка 2023 года наведаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Ён азнаёміўся з узорамі выстаўленых тут жылых драўляных дамоў, якія складаюцца са зруба і драбёсту пад дах.

«Хочам адрадзіць драўлянае дойлідства. Сёння кожная вобласць прадставіла свой варыянт зрубаў», — паведаміў пры гэтай нагодзе міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.

Паводле слоў Куліка, зруб дома на гандлёвай пляцоўцы будзе каштаваць ад 55 да 100 тысяч рублёў. Пры гэтым «дом пад ключ» ставіцца на гатовы падмурак. «Гэта вокны, дзверы, дах, застаецца толькі аддзелка. Людзі ўжо тэлефануюць і цікавяцца», — сказаў ён.

Праўда, падчас прэзентацыі хат Галоўчанку паказалі толькі зрубы з кроквамі і бэлькамі, але без дахавага пакрыцця. Для таго, каб здаваць дамы «пад ключ», лясгасам трэба наладжваць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі сумежных галін.

Фота: Мінлясгас

Фота: Мінлясгас

Аляксандр Кулік паведаміў, што цяпер у Беларусі працуе восем фірменных крам Мінлясгаса. У найбліжэйшыя два тыдні такая пляцоўка адкрыецца ў Смалявічах, а да 1 ліпеня 2023 абяцанае адкрыццё яшчэ сямі пунктаў, уключаючы пляцоўкі ў Лідзе, Пінску, Оршы, Бабруйску і Полацку.

Клас
8
Панылы сорам
6
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
0
Абуральна
2