Група даследчыкаў на чале з Трыстанам Бегам прааналізавала пасмы валасоў Бетховена, якія захоўваліся ў прыватных калекцыях (усяго пасмаў было 8, але аўтэнтычнымі былі прызнаныя толькі 5), і на аснове геннай секвенцыі прыйшла да высновы аб тым, ад якіх захворваннвў пакутаваў кампазітар.

Бетховен нарадзіўся ў Боне ў 1770 годзе і да 30 гадоў пачаў губляць слых, а ва ўзросце 48 гадоў страціў яго амаль цалкам. Пры гэтым ён працягваў складаць музыку, аднак граць на фартэпіяна ўжо не мог.

Кампазітар памёр у Вене ў 1827 годзе ва ўзросце 56 гадоў.

Аб прычынах смерці пачалі спрачацца практычна адразу пасля яго смерці, аднак за два стагоддзі прыйсці да адназначнай высновы так і не ўдалося.

Не змаглі гэта з поўнай упэўненасцю зрабіць і навукоўцы з Кембрыджа, аднак яны высветлілі, што ў Бетховена была генетычная схільнасць да захворванняў печані (гэта пагаршалася прыхільнасцю да алкаголю), а ў канцы жыцця ён быў інфікаваны гепатытам B.

Па словах Трыстана Бега, вывучыўшы запісы кампазітара ў апошнія 10 гадоў яго жыцця, навукоўцы прыйшлі да высновы, што Бетховен рэгулярна ўжываў алкаголь, але аб'ёмы спажывання ацаніць складана.

«Хоць большасць яго сучаснікаў сцвярджае, што па стандартах Вены пачатку XIX стагоддзя яго спажыванне было ўмераным, хутчэй за ўсё, гаворка ішла аб дозах алкаголю, якія сёння лічацца шкоднымі для печані», — сказаў ён.

«Калі спажыванне алкаголю было значным на працягу доўгага перыяду часу, то ў сукупнасці з генетычнай схільнасцю гэта магло стаць прычынай цырозу».

Пры гэтым генетычны аналіз узораў валасоў кампазітара не праліў святло на прычыны яго глухаты.

Навукоўцы мяркуюць, што рэальнай прычынай смерці магла стаць сукупнасць фактараў, і больш дакладна гэта змогуць паказаць далейшыя даследаванні.

Чытайце таксама:

Мінкульт адмяніў кінафестываль «Нефільтраванае кіно» за два дні да пачатку

З'явіўся трэйлер расійскага серыяла пра Уладзіміра Мулявіна

Міхаіл Савіцкі сплагіяціў сюжэт для карціны «Партызаны»?

Клас
9
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
0