«Сфера культуры адчувае неабходнасць у абнаўленні кадраў. Сурʼёзнае пытанне з рэзервам кадраў. Мы павінны працу выбудаваць на іншым узроўні, каб у выпадку неабходнасці была лаўка запасных — тых, хто зможа ў любы час прыйсці і далей прасоўваць ідэі ў сферы культуры і выконваць якасна свае прафесійныя абавязкі.

Гэта закон для кожнай сферы, і сфера культуры не зʼяўляецца тут нейкім выключэннем», — лічыць міністр культуры Анатоль Маркевіч.

Паводле яго, менавіта таму мінкультуры сабрала «нашых самых аўтарытэтных супрацоўнікаў, работнікаў сферы культуры, вынеслі пытанне на абмеркаванне».

Маркевіч лічыць, што самае галоўнае — выпрацаваць тыя механізмы, якія дазволяць і ў кароткатэрміновай, і ў доўгатэрміновай перспектыве вырашаць праблемы ў кадравым забеспячэнні, якія паступова наспелі.

«У нас ёсць шэраг навучальных устаноў, якія паспяхова працуюць, ёсць Інстытут павышэння кваліфікацыі. Гэта значыць, вельмі шмат тых структур, якія закліканыя ў сваёй дзейнасці, выконваючы свае функцыі, вырашаць надзённыя праблемы. Наколькі гэта атрымліваецца — трэба сурʼёзна абмеркаваць і зрабіць высновы», — дапоўніў міністр, не ўдакладняючы, чаму ў Беларусі раптам востра стала кадравая праблема.

У савет па культуры пры Мінкульце ўваходзяць «заслужаныя дзеячы сферы культуры Беларусі, дэпутаты, работнікі выканкамаў, кіраўнікі ўстаноў культуры, грамадскіх абʼяднанняў».

Пасля пратэстаў 2020 года шмат творчых людзей пакінула краіну, многіх нелаяльных «вычысцілі» прымусова, некаторыя ўстановы, як, напрыклад, Купалаўскі тэатр, у кадравым сэнсе, былі практычна знішчаныя.

Чытайце таксама:

«У Купалаўскім цяпер працуюць людзі, якія раней казалі: навошта гэта беларуская мова?» Вялікая гутарка з Паўлам Харланчуком

Міністр культуры назваў сярэднія заробкі ў сваёй сферы. Лічба ўражвае

«Складана толькі са словамі, якія падобныя да рускіх, і сачыць за Ч і Г». Што за расіяне працуюць цяпер у Купалаўскім?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
8
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1