Парад у Маскве. Фота: РИА «Новости» / kremlin.ru

Парад у Маскве. Фота: РИА «Новости» / kremlin.ru

— Бывае, здаецца, што пад акном хтосьці ходзіць, або прадметы рухаюцца. Альбо нехта сядзіць на мне, — апісвае свой стан Маргарыта. — Пастаянна сны нейкія кашмарныя і панічныя атакі. Яны дыягназ нейкі паставілі, я не памятаю так, без паперкі. Сказалі, што паўгода спатрэбіцца на тое, каб ачуняць. Мне адной заставацца нельга, хаця вельмі хочацца зачыніцца ад усіх у пакоі. Але нават калі я не адна і нечым займаюся, у мяне ўсё роўна перад вачыма стаіць увесь гэты жах.

Па словах Маргарыты, калі яна была на вайне, то не заўважала зменаў, якія адбыліся, а, вярнуўшыся ў Расію, зразумела, што псіхіка ў яе цалкам надламаная. Пра тое, што бачыла і перажыла, яна расказвае спакойным роўным голасам, але ад гэтага гісторыі пра здзекі і прымусы да сэксуальных сувязяў замужніх жанчын з медыцынскай роты гучаць яшчэ страшней. Саму Маргарыту зламаць і «падкласці» пад кагосьці так і не змаглі, хаця і спрабавалі з першага дня.

«Палкан на цябе вока паклаў»

Заключыць кантракт Маргарыце прапанавалі летам 2022 года, калі яна прыйшла ў ваенкамат па даведку для банка аб тым, што зʼяўляецца вайсковай пенсіянеркай. У 2017-м, пасля адзінаццаці гадоў службы ў войску, яна выйшла на пенсію і пераехала ў Белгарад, але нармальнай працы за пяць гадоў знайсці так і не змагла. Таму і вырашыла паехаць добраахвотніцай на так званую «спецаперацыю».

— У мяне дзеці хворыя, хоць і дарослыя ўжо. Яны на мне, і я адна ў іх. Плюс крэдыты. Так я пагадзілася, — кажа Маргарыта. — Па спецыяльнасці, сувязістам, яны мяне не ўзялі, узялі ў медроту санітарам шпітальнага аддзялення. Прыйшлося ўсяму гэтаму хутка вучыцца, таму што часу думаць не было.

Але ў медыцынскай роце Маргарыта аказалася не адразу. Паводле яе слоў, палкоўнік, якому яна спадабалася, прызначыў яе ў штаб.

— Калі я толькі прыбыла ў Ніжні Ноўгарад, у Навасмоліна, мяне на пастраенні гэты палкоўнік адразу ж заўважыў. Ён камандуе 10-м танкавым палком. Ён сказаў: «Марго, падыдзі, да мяне». Спытаў, чаму я не апранутая, у мяне яшчэ формы тады не было. Я сказала, што наша прафслужба вельмі дрэнна працуе, і на мяне памеру няма. Ён распарадзіўся, каб мяне апранулі і сказаў, што я заўтра выходжу ў штаб працаваць. Я спачатку не зразумела, я быццам бы ў медроту прыехала, і мне медыцынскай справе трэба вучыцца.

А калі выйшла ўжо ў штаб на працу і стала з аддзелам кадраў бліжэй кантактаваць, яны мне сказалі: «Палкан на цябе вока паклаў. Будзеш палявой жонкай, мусіць». Я спытала, як гэта, а яны адказалі: гатаваць, мыць і ўлагоджваць.

Праз месяц сфармаваны полк адправілі «за нуль» (ва Украіну. — СР). Там Маргарыта спадзявалася адбіцца ад дамаганняў высокапастаўленага афіцэра, якія станавіліся ўсё больш дакучлівымі. Яна апынулася пасярод сапраўднага кашмару, дзе дзейнічаў толькі адзін закон — слова палкоўніка. Зразумеўшы, што добраахвотна станавіцца палявой жонкай Маргарыта не збіраецца, ён загадаў стварыць для яе невыносныя ўмовы, якія прымусілі б яе пагадзіцца на гэта.

— Калі мы прыехалі за нуль, і я нарэшце трапіла ў медроту, яе камандзір сказаў мне, што палкан загадаў мяне жорстка пакараць, — расказвае Маргарыта. — Месяц я проста жыла на вуліцы. Калі іншыя начавалі ў намётах і хатках, я спала на зямлі, каля дарогі, у маленькім лясочку. Разам з мышамі-палёўкамі. Спрабавала неяк сябе сагрэць, вядома. Але, калі ты змерз, ты не заснеш ніколі. Маглі і галоднай пакінуць. Зламаць хацелі, увогуле, каб я пагадзілася з ім спаць.

Але я вытрымала, і калі ён зразумеў гэта, мяне адразу ж закінулі ў артылерыю, таксама па яго загадзе. У чырвоную зону, на самы перадок. Мо думаў, што я там здохну.

А раптам цяжарнай вярнуся?

У медроце, па словах Маргарыты, разам з ёй было сем жанчын ва ўзросце ад 23 да 38 гадоў, і кожную спрабавалі «падкласці» пад афіцэраў-узводнікаў (камандзіры ўзводаў. — СР).

— Адну ў разведку, другую да танкістаў, трэцюю ў пяхоту. Калі мы туды заходзілі, ніхто, канешне, не ведаў, што там адбываецца. А калі мы ўсё зразумелі, назад ужо дарогі не было, — кажа Маргарыта.

— Я на свае вочы бачыла, як афіцэр-узводнік падстрэліў «сваю» дзяўчыну, Святлану. Перапілі яны там, ці рэўнасць нейкая была, не ведаю. А абставілі так, нібыта гэта ўкраінцы зрабілі. Ён сабе руку прастрэліў, як быццам яе абараняў, і тыдні праз тры недзе вярнуўся назад са шпіталя.

Пасля атрыманага ранення Святлана выжыла, але засталася інвалідам. У яе ўжо было пяць аперацый, і на чарзе шостая.

— Яе спачатку адправілі ў Валнаваху, але там нічога не зрабілі. Потым у Растоў, і потым толькі ў Маскву, дзе яна праляжала месяцы два.

Ёй усё выдалілі. Раненне было не скразное, куля там усярэдзіне разгулялася добра і затрымалася. Усё ёй раздзярбаніла проста. Цяпер яна дома, у сябе ў Бураціі, але ў сакавіку ёй зноў у Маскву вяртацца на чарговую аперацыю. Будуць сшываць рэшту кішэчніка.

У яе дзесьці ў лютым кантракт павінен быў скончыцца, мы мабілізаваліся амаль адначасова, але яна паспела адслужыць толькі верасень і кастрычнік, — распавядае Маргарыта.

Перад тым, як усё здарылася, камандзір узвода з пазыўным «Акацыя», які стрэліў у Святлану, збіваў яе прыкладам, былі сведкі гэтых збіванняў. Маргарыта кажа, што тое, што адбылося, абрынула яе ў абсалютны шок. Усе жанчыны-вайскоўкі былі замужам, але пра тое, што іх прымушаюць спаць з афіцэрамі, мужу расказала толькі Святлана.

— Яна адна патэлефанавала і прызналася. Таму што раптам цяжарнай вернецца — і што тады казаць? Муж з ёй на сувязь не выходзіў пару тыдняў, а потым патэлефанаваў і сказаў, што дараваў і будзе чакаць, абы жывая прыехала. Я тады не вытрымала, сказала, што маўчаць не буду. Вы тут сваіх мочыце! Начмед дывізіі, таксама жанчына, палкоўнік, была абураная гэтым усім, але яна знайсці нас ніколі не магла. Наша медрота заўсёды знаходзілася чорт ведае дзе — калі астатнія жылі ўжо ў хатках. Няхай у закінутых, але ў хатках, а мы жылі ў лесе. Ніводная гуманітарка ніколі да нас не даходзіла, хаця я шмат разоў замаўляла, мы ў гэтай гуманітарцы вельмі мелі патрэбу.

У выніку амаль усіх дзяўчат, пагрозамі ці здзекамі, якія робяць жыццё невыносным, зламалі і прымусілі аказваць сэксуальныя паслугі. Нехта з іх, паводле слоў Маргарыты, спаў нават з некалькімі мужчынамі. Але іх у такім становішчы ніхто не асуджаў, паколькі трэба было проста неяк выжыць.

— Аліну аддалі яшчэ ў верасні. Проста паставілі перад фактам — будзеш вось з гэтым, ты яму спадабалася. Яна таксама з майго горада. У мяне там быў чалавек, кіроўца, які ўвесь час рухаўся разам са мной, побач быў. Ён яе знайшоў потым, і я паразмаўляла з ёй. Спытала, ці ўсё ў яе ў парадку. Калі нас раскідвалі па ўзводніках, то ўсіх збіралі потым, — распавядае Маргарыта. — А яе ў медроту не вярталі назад. Ну, і яна проста сказала, што ў яе ўсё нармальна.

Мне потым па сакрэце вадзіцель шапнуў, што яе проста зацягалі там канкрэтна, і таму яе палкан не адпраўляе, там усё зручна. Дзяўчынка пайшла на гэта. Ды і ў асноўным дзяўчаты змірыліся. Вырашылі, што лепш жыць у раі на гэтай вайне — накормленай і з цыгарэтамі.

Мне неяк адзін афіцэр сказаў: «Алінку мы прадалі, а давай і цябе прададзім!» Але я на яго так паглядзела, мабыць, што ён тут жа дадаў: «Добра, жартую».

Уцячы ў Расію жанчыны не спрабавалі, таму што праз мяжу проста б не прапусцілі, кажа Маргарыта. Ды і свае ж, паводле яе слоў, маглі б за такое лёгка прыстрэліць.

Жанчыны на вайне

Пецярбуржанка Марына Зайцава — адстаўны прапаршчык, з 2001 па 2006 год праходзіла службу ў Чачні. Цяпер яна б, хутчэй за ўсё, таксама апынулася на вайне, але ў 2019 годзе звольнілася са службы. Па словах Зайцавай, так званыя «палявыя жонкі» ў войску існуюць даўно. І жанчыны, якія згаджаюцца на гэтую ролю, могуць пераходзіць ад аднаго вайскоўца да іншага ў выпадку, калі «муж», напрыклад, кудысьці пераводзіцца. Такія выпадкі былі, калі яна служыла. Але «палявыя жонкі» — гэта, як правіла, адзінокія жанчыны, і з афіцэрамі яны жывуць па добрай волі.

— Мы калі былі на чачэнскай вайне, памятаю, сядзім за сталом усе разам: афіцэры, сяржанты, прапаршчыкі. Выпраўляем адну партыю і сустракаем іншую, — распавядае Марына. — І адна жанчына за сталом скардзіцца, што вось «мой» тыпу зʼехаў. Дахаты зʼехаў, да жонкі, да сямʼі. А другая ёй спачувае, што давядзецца табе, маўляў, новы «дах» шукаць. Тут розныя сітуацыі бываюць. Усё ад жанчыны залежыць, вядома. Ад таго, як яна сябе паставіць. Нехта можа за сябе пастаяць сам, а нехта дах шукае. Я вось змагла.

Марына кажа, што жанчынам у войску і на вайне сапраўды цяжка, але большай часткай гэта звязана з прасоўваннем па службе. Яна прыгадвае, як падчас чачэнскай вайны адзін з афіцэраў вымагаў у яе грошы за пасаду. У выніку вымагальніку — начальніку штаба прыйшлося нават «урэзаць прама ў зубы». Зрабіць гэта, па словах Марыны, марылі многія падначаленыя афіцэры, і аб сваім учынку яна не шкадуе. А калегі пасля здарэння нават «ціснулі ёй руку».

У войска Зайцава прыйшла, калі ёй было 34, і, азіраючыся на досвед уласнай службы, яна кажа, што маладым дзяўчатам, якім крыху за 20, ісці ва ўзброеныя сілы сапраўды не варта: у расійскім грамадстве існуе стэрэатып, што жанчына на вайне — прастытутка. І гэта вельмі сумна.

Дамагаліся да кожнай чацвёртай

Дацэнт ВШЭ ў Санкт-Пецярбургу Максім Арзамасцаў у сваёй навуковай працы, прысвечанай сэксуальным дамаганням, прыводзіць статыстыку, паводле якой кожная чацвёртая жанчына-вайскоўка ў расійскай арміі ў той ці іншай форме падвяргалася сэксуальным дамаганням. 

Псіхолаг Ігар Селіванаў, які вывучае адносіны ў воінскіх калектывах, узгадвае гісторыю пра тое, як падчас чачэнскай кампаніі ў адной з частак нампаліту даводзілася літаральна хаваць незамужніх жанчын-кантрактніц ад афіцэраў, якія прыязджалі ў частку з праверкай. 

Сакратар Камітэта салдацкіх маці Расіі Валянціна Мельнікава кажа, што за ўсю гісторыю яе праваабарончай дзейнасці, якая пачалася яшчэ ў СССР, выпадкі звароту жанчын наконт сэксуальных дамаганняў ці згвалтаванняў з боку таварышаў па службе адзінкавыя. Як правіла, жанчыны аб такіх рэчах аддаюць перавагу не заяўляць.

— Да таго часу, пакуль яны маўчаць, гэта так і будзе працягвацца. Чаму маўчаць і чаму пакорліва ўсё гэта церпяць, я не ведаю. Гэта трэба з псіхолагамі абмяркоўваць, — кажа Мельнікава.

— Гэта адбываецца ж не толькі на ўзроўні ўзвода і роты. Па штабах усё тое ж самае робіцца. Не скардзяцца ў большасці выпадкаў нават тады, калі размова ідзе аб адсутнасці нейкіх выплат, напрыклад, або аб тым, што ў водпуск не адпускаюць. Не кажучы ўжо пра згвалтаванні ці дамаганні. Гэта такая псіхалагічная гісторыя. Ды і ўладкавана ў нас усё рэальна так, што ніхто не жадае ні шукаць, ні караць кагосьці.

Паводле слоў Мельнікавай, сексуальным дамаганням у расійскім войску падвяргаюцца не толькі жанчыны, але і мужчыны, паколькі ў воінскіх часцях «на ўзроўні капітанаў і маёраў» ёсць асобы з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй, такія скаргі ад салдат паступаюць. І праблема гомасэксуальных адносін у вайсковых шэрагах існавала яшчэ ў савецкі час.

— У савецкім войску гандлявалі ўсім, у тым ліку і людзьмі. Салдатамі гандлявалі направа і налева, — кажа Мельнікава. — Мы ж (Саюз салдацкіх маці. — СР ) працуем з 1989 года. Пры Гарбачове была створана камісія па расследаванні прычын гібелі і траўматызму ў арміі. І я ў ёй працавала. За час яе існавання да нас прыйшло амаль чатыры тысячы чалавек. І сярод іх былі хлопцы, якія ўцякалі з частак, бо не вытрымлівалі. Але ўсё гэта было закаркавана ўнутры, а потым, калі пачало стварацца расійскае войска, адкрылася. Пачалося ўсё са справы Сакалаўскаса, які падвяргаўся здзекам таварышаў па службе пры неўмяшанні начальства, і ў выніку забіў некалькі чалавек. Яно было першым.

Тое, што пʼяны афіцэр ва Украіне мог стрэліць у дзяўчыну, з якой спаў, не дзіўна, лічыць Мельнікава, аналагічныя гісторыі былі і падчас вайны ў Чачні.

— У нас у перыяд другой чачэнскай кампаніі былі выпадкі, калі на якіх-небудзь святах афіцэры напіваліся і стралялі ў сваіх падначаленых, — кажа праваабаронца. — І былі вельмі цяжкія выпадкі. Аднаго хлопца-афіцэра нават адпраўлялі ў Нямеччыну на аперацыю і рэабілітацыю, — сцвярджае суразмоўніца Север.Рэаліі.

* Ва ўмовах вайны і ваеннай цэнзуры ў Расіі прамых пацверджанняў звестак, атрыманых ад Маргарыты, атрымаць немагчыма. Аднак, дадае рэдакцыя, у іх няма падстаў не давяраць сваім крыніцам.

Клас
29
Панылы сорам
28
Ха-ха
27
Ого
14
Сумна
29
Абуральна
78