Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель. Фота: БелТА
«Прыадкрыю вам сакрэт: намі затрыманая некаторая колькасць грамадзян Польшчы пры ажыццяўленні актыўных аперацый па агентурнай сувязі на нашай тэрыторыі. Затрыманыя здраднікі, з якімі яны працавалі на нашай тэрыторыі», — сказаў Церцель.
Акрамя таго, расказаў кіраўнік КДБ, у Беларусі затрыманыя «дзясяткі грамадзян Украіны» за спробы «ўчынення тэрактаў, разведвальна-падрыўную і шпіёнскую дзейнасць».
Сярод затрыманых «за правядзенне на тэрыторыі Беларусі агентурных аперацый» ёсць і грамадзяне краін Балтыі, адзначыў Церцель.
Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.
Церцель мяркуе, што «варта чакаць сурʼёзнай эскалацыі абстаноўкі ў нашым рэгіёне».
Ён сцвярджае, што на «тэрыторыі Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Чэхіі існуюць лагеры па падрыхтоўцы баевікоў».
«Мы ведаем канкрэтна вербавальныя пункты, ведаем, хто гэтым займаецца. Мы ведаем лагеры па іх падрыхтоўцы, ведаем персанальна інструктараў, хто ў гэтым дачыненніх і на якіх этапах праходзіць падрыхтоўку», — заявіў кіраўнік КДБ.
Па яго словах, з вясны гэтыя сілы плануюць актывізацыю сваёй дзейнасці на тэрыторыі Беларусі.
У той жа час Церцель заявіў, што ніхто з затрыманых у Польшчы беларусаў не мае дачынення да спецслужбаў.
15 сакавіка Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы заявіла, што ліквідавала шпіёнскую сетку, якая працавала на Расію і павінна была рыхтавацца да дыверсійнай дзейнасці ў Польшчы.
Сярод іх тры беларусы — 41-гадовы Мікалай Маскаленка, 28-гадовы Уладзіслаў Пасміцюха і яго дзяўчына — 18-гадовая Марыя Мядзведзева.
Лукашэнка 22 сакавіка заявіў, што Захад прапаноўваў яму абмяняць беларусаў, затрыманых у Польшчы за шпіянаж на карысць Расіі.
Чытайце таксама:
Лукашэнка адказаў, на каго гатовы абмяняць палітвязня Пачобута
Латушка заявіў пра гатоўнасць на прапанаваны Лукашэнкам абмен. Але з трохі змененымі ўмовамі





