Boeing 737-800 авіякампаніі «Победа». Фота: Wikimedia Commons
Пра гэта піша Wall Street Journal. На канец 2022 года з 969 самалётаў, якія эксплуатуюцца грамадзянскай авіяцыяй Расіі, 77% складалі самалёты тыпу Boing і Airbus SE.
На заходнія мадэлі самалётаў прыйшлося 97 % усіх пасажырскіх перавозак, якія склалі за мінулы год амаль 95 мільёнаў пасажыраў. І гэта насуперак санкцыям, якія былі ўведзены пасля пачатку вайны з Украінай.
Падобна, што цяпер наступіла крытычная пара. Сотні расійскіх самалётаў дасягнулі этапу тэхнічнага абслугоўвання. За 2023 год гэтая лічба яшчэ павялічыцца на некалькі соцень.
Тэхнічнае абслугоўванне звычайна бывае двух тыпаў («С» і «D»). Праверка па тыпе «С» адбываецца прыкладна кожныя два гады. Яна патрабуе вываду самалёта з эксплуатацыі на перыяд да аднаго месяца.
Значна больш складаная праверка тыпу «D». Яна займае некалькі месяцаў і праводзіцца раз на 6—10 гадоў. Пры ёй разбіраецца амаль увесь самалёт і ацэньваецца на наяўнасць пашкоджанняў і карозіі.
Толькі ў 2022 годзе праверку тыпу «С» павінна было прайсці каля 170 расійскіх самалётаў і 55 — праверку «D». У 2023 годзе — адпаведна 159 і 85 самалётаў.
Ва ўмовах санкцый расійскі бок самастойна выконвае крытычныя праверкі, якія раней праводзіліся замежнымі кампаніямі. Апошнім часам стаў адчувальным дэфіцыт запасных частак. Яшчэ ў снежні 2022 года генеральны дырэктар кампаніі «Аэрафлот — Расійскія авіялініі» заяўляў, што ў кампаніі дастаткова запчастак на найбліжэйшыя два-шэсць месяцаў. З той пары прайшло больш за тры месяцы.
Да гэтага трэба дадаць страту доступу да анлайн-інструкцый і дакументацыі па ліквідацыі непаладак, абнаўленняў ПЗ, якімі вытворцы даюць магчымасць карыстацца сваім парнёрам па падпісцы.
Санкцыйныя патрабаванні строга выконваюцца як Airbus, так і Boeing. Любы пастаўшчык, авіякампанія або фірма па тэхнічным абслугоўванні, якія паставяць дэталі гэтых вытворцаў у Расію, будуць выключаны са спіса кліентаў.
Значна абмежаванай стала магчымасць правядзення праверак за мяжою. Шмат якія краіны (у тым ліку Кітай) адмовіліся ад гэтага з-за страху страціць бізнэс з дзвюма вядучымі кампаніямі-вытворцамі.
Расія не апублікавала статыстыку авіябяспекі за 2022 год. Пры гэтым не было ніводнага паведамлення ў прэсе аб ахвярах аварый камерцыйных самалётаў.
Ва ўмовах адсутнасці афіцыйных звестак ад Расіі Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі панізіла рэйтынг авіяцыйнага сектара да пазіцыі «ўяўляе значную занепакоенасць бяспекай».
У такіх умовах расійскі бок звяртаўся да пастаўшчыкоў запчастак з Ірана і Турцыі. У студзені гэтага года Вашынгтон папярэдзіў афіцыйных асоб у Турцыі, што аказанне такіх паслуг, як запраўка палівам і продаж запасных частак для самалётаў амерыканскай вытворчасці, якія прылятаюць з Расіі і Беларусі, можа прывесці да турэмнага зняволення, штрафаў, страты экспартных прывілеяў і іншых мер. У выніку ў сакавіку Турцыя адмовілася ад абслугоўвання самалётаў з Беларусі і Расіі.
Як бачым, для расійскай авіяцыі надыходзяць цяжкія часы. Шмат будзе залежаць ад таго, ці здолее Расія знайсці партнёраў у трэціх краінах (за межамі так званага Захаду).
Чытайце яшчэ:
Борт Лукашэнкі, які трапіў пад санкцыі ЗША, прадалі Ірану?
Тры былыя барты «Белавіі» цяпер лётаюць на рэйсах паўднёваафрыканскай авіякампаніі





