Новая скульптура агрэсіўнага льва ў Магілёве. Фота: сацсеткі

Новая скульптура агрэсіўнага льва ў Магілёве. Фота: сацсеткі

Скульптуру паставілі на пляцоўцы перад будынкам адміністрацыі Ленінскага раёна. На ёй жывёла з разяўленай пашчай, дэманструе свае іклы. Вобраз агрэсіўнага льва не падобны да папярэднікаў — спакойных і нават лірычных.

«Гэта дзіўны і непрыгожы леў. Чорная грыва была толькі ў вымерлага капскага льва. А леў з разяўленай пашчай — гэта наогул матыў крымінальнай татуіроўкі», — выказваецца пра скульптуру мясцовы знаўца.

Паводле яго, на татуіроўках крымінальнікаў дэманстрацыя львоў з паказанымі ікламі і разяўленай пашчай — знак агрэсіі і гатоўнасці разбірацца з апанентамі жорсткімі метадамі. Такое тату паказвае, што яго ўладальнік кепска кантралюе свае эмацыйныя парывы. Такога персанажа лепей абыходзіць.

Помнік «вымерламу капскаму льву» ў Магілёве. Фота: сацсеткі

Помнік «вымерламу капскаму льву» ў Магілёве. Фота: сацсеткі

Гэты помнік са львом стаіць ужо тры месяцы і яго паспелі праславіць як грознага звера. Вырабілі скульптуру на заводзе «Магілёўліфтмаш» да 60-гадовага юбілея Ленінскага раёна. Шматгадовым кіраўніком раённай адміністрацыі быў Уладзімір Цумараў, закладальнік традыцыі ставіць у Магілёве львоў. Цумараў кіраўніком гарадской адміністрацыі быў дзевяць гадоў. У кастрычніку 2022 года яго адправілі ў адстаўку.

Адкуль пайшла мода на львоў у горадзе

Мода на скульптуры з ільвамі захапіла Магілёў з 2016 года. Тады на адноўленым Яшынскім мосце цераз Дняпро паставілі чатыры бронзавыя жывёліны на мармуровыя пастаменты.

Да гэтага гарвыканкам абвяшчаў конкурсы на пошук брэнда горада. Адзначалася, што ён павінен папулярызаваць гісторыю і культуру Магілёва, а таксама стымуляваць развіццё творчай і грамадскай актыўнасці насельніцтва.

Як вынікала, гарадскому гербу з «Пагоняю» шукалася альтэрнатыва альбо яго было замала.

Адзін з ахоўнікаў моста цераз Дняпро ў Магілёве. Фота: БелаПан

Адзін з ахоўнікаў моста цераз Дняпро ў Магілёве. Фота: БелаПан

Калі ж ільвы зʼявіліся на мосце, то пра іх сталі казаць як пра асноўны гарадскі сімвал.

Заяўлялася, што аўтар задумы скульптур са львамі — старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў, а ажыццявіў чыноўніцкую мару мясцовы скульптар Андрэй Вераб’ёў. На таблічцы з аўтарствам адразу быў пазначаны і Цумараў, але, як выявілася, ён паспяшаўся ўвекавечыць сябе, і пазней яго імя зашліфавалі.

Шыльда скульптур на мосце. Справа з імёнамі аўтараў, злева без іх. Фота: svaboda.org

Шыльда скульптур на мосце. Справа з імёнамі аўтараў, злева без іх. Фота: svaboda.org

«Ільвіная тэма для Магілёва не такая ўжо і дрэнная, хоць нямала людзей сумняваецца, ці магілёўская яна, — казаў у адным з інтэрвʼю стваральнік першых скульптур ільвоў Андрэй Вераб’ёў. — Зрэшты, помнікі з ільвамі ўжо стаяць, і цяпер Магілёў смела можна лічыць горадам ільвоў. Магілёўскі леў — гэта міф, і мы яго ствараем, як стваралі яго да нас. Кожны з нас успрымае яго па-свойму і перажывае па-свойму».

Андрэй Вераб'ёў на зробленай ім жа скульптуры льва на мосце цераз Дняпро. Фота: vestnikmogileva.by

Андрэй Вераб'ёў на зробленай ім жа скульптуры льва на мосце цераз Дняпро. Фота: vestnikmogileva.by

Са з'яўленнем ільвоў мост пазбавіўся савецкай атрыбутыкі. Замест накладак са сцягамі на агароджы прымацавалі гарадскія гербы з мордамі львоў.

Колькі львоў у Магілёве

Некаторыя магілёўцы кажуць, што скуптур ільвоў можа быць да некалькіх дзясяткаў.

Гараджане згадваюць чатыры скульптуры на Яшынскім мосце.

Скульптура «Лёва з Магілёва». Фота: vestnikmogileva.by

Скульптура «Лёва з Магілёва». Фота: vestnikmogileva.by

Не прамінаюць сімпатычнае львяня насупраць офіса аператара МТС, што на вуліцы Міронава. Гэту львіную скульптуру паставілі ў горадзе першай у 2014 годзе, і тады ніхто не мог уявіць, што з яе пачнецца вялікая магілёўская эпапея з помнікамі львам. Сімпатычнае львяня з мабілкай наогул не падобна да сваіх вялікіх суродзічаў з розных куткоў горада.

Схаваная ад вачэй паблізу гасцініцы, неўпадабаная скульптура льва. Фота: vestnikmogileva.by

Схаваная ад вачэй паблізу гасцініцы, неўпадабаная скульптура льва. Фота: vestnikmogileva.by

Паблізу гасцініцы «Магілёў» стаіць дарослы леў. Яго галава з грывай высечаная з граніту. Гэта скульптура павандравала. Спачатку ёй знайшлі месца на ўездзе ў горад з боку Мінска. Але там леў не прыжыўся, і яго схавалі ў нізінку ля гатэля.

Магілёўцы не забыліся пра льва са штучнай травы, якога паставілі ля мемарыяльнай аркі на мінскай шашы. Яе набыў «Магілёўзелянгас» у 2019 годзе за 3 тысячы рублёў.

Пасялілі львоў і ў Падмікольскім парку. Там яны вырабленыя з лазы і выгляд у іх далёка не звярыны.

Ільвы ў Падмікольскім парку Магілёва. З лазы і не страшныя. Фота: masheka.by

Ільвы ў Падмікольскім парку Магілёва. З лазы і не страшныя. Фота: masheka.by

Некаторыя суразмоўцы звярнулі ўвагу, што выявы львоў бачылі на скульптуры, выстаўленай на замчышчы. Там жывёлы палююць па стромкіх схілах Замкавай гары. Яе ў горадзе называюць магілаю льва. Магілёўская легенда пра мясцовага Робіна Гуда натхніла Янку Купалу на напісанне паэмы «Магіла льва».

Свае львы ёсць у працаўнікоў завода «Ліфтмаш» і ў камунальнікаў Задняпроўя.

Леў магілёўскіх камунальнікаў (злева) і ліфтабудаўнікоў (справа). Фота: vestnikmogileva.by

Леў магілёўскіх камунальнікаў (злева) і ліфтабудаўнікоў (справа). Фота: vestnikmogileva.by

Помнікі звярам ёсць, знаным беларусам — няма 

Скульптуры з ільвамі ў Магілёве не толькі ставяць, але і экспартуюць. Адну са скульптур аддалі ў Клічаў. Гэта быў падарунак райцэнтру на Дажынкі. Яе спачатку паставілі ля ўваходу ў гасцініцу «Магілёў», але яна не спадабалася кіраўніцтву і быў знойдзены варыянт адправіць ільва ў глыбінку.

Адпраўлены з Магілёва ў Клічаў леў. Цяпер ён у райцэнтры ўпрыгожвае магілёўскі падворак. Фота: zviazda.by

Адпраўлены з Магілёва ў Клічаў леў. Цяпер ён у райцэнтры ўпрыгожвае магілёўскі падворак. Фота: zviazda.by

У 2021 годзе магілёўская мастачка Аксана Еўдакіменка прыдумала праект з сімпатычнымі скульптурамі львоў. Іх нязвыкла расфарбавалі яе калегі з Магілёва, Мінска і Брэста. Выстава з дзясяткам нястрашных звяроў пару месяцаў упрыгожвала пляц перад ратушай. А потым яны зніклі. Надышоў іншы час з іншымі характарамі львоў. 

Весела расфарбаваныя львы з праекта мастачкі Аксаны Еўдакіменка. Фота: mogilev.in

Весела расфарбаваныя львы з праекта мастачкі Аксаны Еўдакіменка. Фота: mogilev.in

Дарэчы, у Магілёве няма помніка Янку Купалу, які прысвяціў гораду твор і ім праславіў яго. Вуліца Купалы з дзясяткам прыватных дамоў заціснутая шматпавярховікамі ў адным са спальных раёнаў горада. Няма помнікаў і іншым знаным беларускім творцам. Ільвам жа паставілі.

Глядзіце таксама:

У Мінску ўсталёўваюць незвычайную скульптуру

Скульптура смажанкі можа з'явіцца ў Кіраўску. Там са смажанкамі творыцца рэальна нешта неймавернае

У Шчучыне паставілі помнік Шарлю дэ Голю ФОТА

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?