Скрын з серыяла: Андрэй Кашперскі

Скрын з серыяла: Андрэй Кашперскі

Серыял ужо праславіўся тым, што трапіў пад самацэнзуру праз наяўнасць у ім непажаданых для ўлады артыстаў. Пацярпелі кадры з акцёрамі Дзмітрыем Есяневічам і Георгіем Пятрэнкам, якія гралі чальцоў гурта. Непрыемную сітуацыю заўважыў тэлеграм-канал «Священный Белавуд».

Рэч у тым, што Есяневіч — былы акцёр Купалаўскага тэатра, які звольніўся з яго пасля выбараў 2020-га года і далучыўся да «вольных купалаўцаў». Потым Дзмітрый трапіў у «чорны спіс» Мінкульта, а зараз з’яўляецца адным з персанажаў на сатырычным ютуб-канале «Чынчынчэнэл». Што да Георгія Пятрэнкі, паведамляецца, што яго, як і Есяневіча, прыбралі з афішы серыяла, сцэны з удзелам гэтых акцёраў максімальна перамантавалі.

Але цікавы не толькі гэты бэкграўнд. Стужку аналізуе кінакрытык Тарас Тарналіцкі.

«Тое, што аўтары зрабілі акцэнт на гісторыі з вершам Купалы, робіць «За паўгадзіны да вясны» вельмі беларускім»

Тарас называе «За паўгадзіны да вясны» якасным серыялам і кажа, што твор на 70—80% адпавядае рэальным фактам. На яго думку, гэта найлепшы зроблены беларускі серыял, які ён бачыў. Крытык тлумачыць, што на «Беларусьфільме» перыядычна робяць серыялы на Расію накшталт «Мамачак» ці «Аўташколы», і гэта дрэнныя працы, але гэты серыял не такі. Бачна, што выдаткавалі вялікія грошы, глядзець гэты серыял не сорамна — і ў тэхнічным плане, і ў плане сцэнаграфіі.

Буйны план забароненага Дзмітрыя Есяневіча ў серыяле выглядае так. Скрын: Андрэй Кашперскі

Буйны план забароненага Дзмітрыя Есяневіча ў серыяле выглядае так. Скрын: Андрэй Кашперскі

З іншага боку, Тарналіцкі лічыць стужку дужа неактуальнай: «Гэта серыял, які існуе ў наратыве папулярызацыі гісторыі СССР. Гэта было актуальна ў 2010-я гады, калі стваралася шмат кантэнту ў гэтым рэчышчы. Зараз расіяне здымаюць пра гэта з больш радыкальных поглядаў, а тады яны казалі так: магчыма, дзяржава была не вельмі, але былі музыкі і спартоўцы, якімі можна было ганарыцца. Аднак пасля 2020 года ўсё кардынальна змянілася, і такія кампрамісы з дзяржавай, на мой погляд, выглядаюць зусім неактуальнымі».

У серыяле, кажа крытык, зроблены акцэнт не на ўсіх «Песнярах», а на Уладзіміру Мулявіну, і расказваецца, што ён ідзе на кампраміс з дзяржавай. У першай серыі Мулявін паказаны вельмі скрупулёзным чалавекам, які сочыць за ўсімі дэталямі працы калектыву і не дазваляе запісваць канцэрт «Песняроў» на няякасны магнітафон. Мулявін выключае запіс, а потым улады прымушаюць яго падпісаць пакаяльны ліст. З аднаго боку, гэта вельмі нагадвае беларускую і расійскую сучаснасць, але выглядае, што сама ідэя дужа састарэла.

Аднак Тарас лічыць важным падкрэсліць, што «За паўгадзіны да вясны» — беларускі прадукт, і беларускі ў першую чаргу праз сцэнар:

«Там разглядаецца эпізод, калі Мулявін хоча стварыць першую беларускую рок-оперу на лірыку Янкі Купалы «Песня пра долю», і ў ёй распавядаецца пра гаротнае жыццё простага беларуса. У серыяле гэта не надта акцэнтавана, але, на мой погляд, купалаўскі верш-першакрыніца і ў савецкія часы быў на мяжы цэнзуры, а цяпер і ўвогуле вельмі актуальны.

Тое, што аўтары зрабілі на гэтым акцэнт, робіць «За паўгадзіны да вясны» вельмі беларускім. Часам яго называюць расійскім серыялам, але ў сутнасным плане гэта не так, ён дэманструе творчасць «Песняроў» менавіта з беларускага пункту гледжання.

Калі б гэта рабілі расіяне, думаю, яны б абышліся без акцэнтаў на беларускім, а хутчэй знялі б, напрыклад, як «Песняры» ездзілі ў вялікі тур па ЗША».

Скрын: Андрэй Кашперскі

Скрын: Андрэй Кашперскі

У камандзе серыяла ёсць беларусы: гэта і акцёры, у тым ліку і купалаўцы, хаця і не на першых ролях, і людзі, якія працавалі над сцэнаром, правяралі факты, шукалі інфармацыю. Серыял здымалі на тэрыторыі Беларусі, яго бюджэт, можа, больш чым напалову складаецца з грошай з беларускага дзяржбюджэту, то-бок гэта падаткі беларускіх грамадзян. Таму называць гэты праект расійскім не варта.

Калі гэта і не нацыянальны праект, ён усё роўна належыць да беларускай культуры, лічыць Тарналіцкі.

«Праекту проста не пашанцавала, яго пачалі рабіць занадта рана»

Даўно беларускі кінапрадукт не абмяркоўвалі гэтак жа актыўна, як «За паўгадзіны да вясны». 

«У беларускім кіно ўвогуле адбываецца не вельмі шмат падзей, таму значным праектам надаецца багата ўвагі. Ніякай увагі да серыяла не ўзнікла б, калі б не было відавочных фактаў цэнзуры. Гэта зусім не новая гісторыя, бо цэнзура існуе з пачатку ўлады Лукашэнкі, але цяпер яна стала зусім відавочнай. Некаторыя фільмы накшталт «Купалы» ці «Авантураў Пранціша Вырвіча» проста кладуць на паліцу. Гэты серыял на паліцу не паклалі, але надта знявечылі: заблюрылі акцёра Есяневіча, парэзалі сцэны з яго ўдзелам.

То-бок хайп звязаны не з самім серыялам, а ў першую чаргу з тым, што чыняць беларускія ўлады. Сам Дзмітрый Есяневіч назваў гэта самацэнзурай, але я з ім не вельмі пагаджуся. Можна было казаць пра самацэнзуру раней, бо калі раней стваральнікі нешта самі выразалі з кантэнту, яны не былі ўпэўненыя, пройдзе прадукт без гэтага цэнзуру ці не. А зараз гэта, лічу, цэнзура, бо калі б Есяневіча не выразалі з серыяла, ён бы наўрад ці трапіў у пракат», — тлумачыць Тарналіцкі.

На заднім плане — «забаронены» акцёр Дзмітрый Есяневіч. Скрын: Андрэй Кашперскі

На заднім плане — «забаронены» акцёр Дзмітрый Есяневіч. Скрын: Андрэй Кашперскі

На «Кінапошуку» Тарас паставіў бы серыялу пра «Песняроў» 6 з 10 балаў.

Тэхнічна гэта неблагі прадукт, сапраўдны прарыў у сэнсе якасці. Але ў сэнсе ідэі і мэсэджаў ён стары. Цяпер шмат фільмаў, якія не паспяваюць па часе, бо адбыўся злом у грамадстве, і тое, з чым раней можна было пагаджацца, цяпер выглядае зусім непрымальна.

«Гэты серыял пачалі абмяркоўваць у сярэдзіне 2010-х, але грошы на яго вылучылі толькі ў 2020 годзе, то-бок праекту проста не пашанцавала, яго пачалі рабіць занадта рана. Прычым ён неактуальны як для грамадства, так і для дзяржавы. Неактуальны для дзяржавы, бо там ёсць забароненыя артысты, і таму, што як у Расіі, так і ў Беларусі ўсіх заахвочваюць актыўна падтрымоўваць уладу.

Напэўна, для дзяржавы таксама неактуальныя мэсэджы накшталт гісторыі пра кампраміс Мулявіна, бо ўладзе трэба тыя людзі, якія будуць адназначна за яе, сапраўдныя ябацькі ці пуціністы, якія будуць тапіць за рускі свет ці аднаўленне СССР. Свет стаў чорна-белым, і тыя шэрыя мэсэджы, якія ёсць у серыяле, кажуць не пра сучаснасць», — тлумачыць Тарналіцкі.

Купалавец Дзмітрый Есяневіч арыгінальна пракаментаваў заблюраныя кадры ў серыяле пра «Песняроў» са сваім удзелам

У серыяле пра «Песняроў» заблюрылі сцэны з акцёрам-купалаўцам. Проста паглядзіце на гэтыя кадры

З афішы фільма пра «Песняроў» прыбралі акцёра-купалаўца

Клас
17
Панылы сорам
9
Ха-ха
6
Ого
6
Сумна
9
Абуральна
22