36-гадовую жанчыну і 39-гадовага мужчыну з агнястрэльнымі раненнямі без прыкмет жыцця праваахоўнікі знайшлі ў прыватным сектары.

Міліцыю выклікаў сам падазраваны і чакаў іх на месцы здарэння. Целы забітых знаходзіліся на вуліцы.

Мясцовыя жыхары характарызуюць сямʼю станоўча. Муж і жонка працавалі, выхоўвалі дзяцей. Усё як ва ўсіх…

— Зразумела, што дробныя праблемы і нейкія сваркі могуць быць у любой сямʼі. Гэта жыццё. Але так, каб забіваць… нават самыя сур'ёзныя прычыны не нагода, каб пазбавіць чалавека жыцця, — упэўненая крупчанка Алеся.

Па яе словах, падазраваны быў паляўнічым, таму, відаць, у яго і была стрэльба.

— Наогул, ён спакойны хлопец. Што на яго найшло, незразумела. Мабыць, моцна кахаў сваю жонку, але наступіла мяжа. Ён ужо дараваў ёй і папярэджваў… — кажа яна.

— Яна хацела ад яго сысці, — кажа яшчэ адна жыхарка Крупак Марына. — І калі яму пра гэта сказала, напэўна, ён і сарваўся.

Паехаў на разборкі. Яго жонка таксама паехала туды. А гэты мужчына (сябар яго жонкі) знаходзіўся ў сваіх бацькоў. Відаць, спачатку была бойка… У яго машыне была зброя. Застрэліў ён іх якраз непадалёку ад дома бацькоў загінулага.

Крупкі — невялікае мястэчка, усе адзін аднаго ведаюць. Таму гэтая трагедыя прымусіла перажываць шмат каго, бо ў абедзвюх семʼях засталіся дзеці.

— Горш за ўсё, што пацярпелі дзеці. У загінулай жанчыны засталося двое дзяцей. Маці на могілках, бацька — за краты. Які цяпер чакае іх лёс? І ў загінулага мужчыны засталося двое непаўналетніх дзяцей. Яны ў чым вінаватыя? Вось гэта самае страшнае, — дадала жанчына.

Як паведамілі ў СК, следчыя правялі агляд месца здарэння, канфіскавалі зброю, а таксама дапыталі падазраванага і сведак. Акрамя таго, назначаны шэраг экспертных даследаванняў.

У дачыненні да 36-гадовага мужчыны распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт.139 Крымінальнага кодэкса (забойства дзвюх асоб). Ён затрыманы. Праводзяцца следчыя дзеянні.

Клас
8
Панылы сорам
9
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
26
Абуральна
14