Гэтыя інтэрв'ю з бізнэсоўцам Дзмітрыем Богушам (злева) і рэпетытарам Яўгенам Лівянтам зняты, меркавана, у адным з кабінетаў ГУБАЗіКа. Скрыны відэа БТ і АНТ

Гэтыя інтэрв'ю з бізнэсоўцам Дзмітрыем Богушам (злева) і рэпетытарам Яўгенам Лівянтам зняты, меркавана, у адным з кабінетаў ГУБАЗіКа. Скрыны відэа БТ і АНТ

Кіраўнік «Байпола» Аляксандр Азараў кажа, што да 2020 года сілавыя структуры не запісвалі масава відэа з затрыманымі. Гэтую тэхналогію прыдумалі ў 3-м упраўленні ГУБАЗіКа пад кіраўніцтвам Міхаіла Бедункевіча для дыскрэдытацыі пратэстаў.

Такія фільмы меліся паказаць, што пратэстоўцы — баязліўцы, якія лёгка адмаўляюцца ад сваіх поглядаў ды раскайваюцца ва ўчыненым. Гэта мела давесці, што «трэба падтрымліваць Лукашэнку, а не пратэсты».

Большасць відэаролікаў з застрашанымі людзьмі здымаюцца на фоне дзвярэй, часам дадаецца фон горада ці прадпрыемства. Пішуцца яны і ў кабінетах. 

«На допыце чалавек прызнаецца, падпісвае пратакол і тады яму заяўляюць, што трэба яшчэ зняць відэа, каб мець шансы выйсці на свабоду. Калі допыт вядзе следчы КДБ, то запісваць відэа можа опер КДБ. Калі следчы Следчага камітэта, то можа здымаць і супрацоўнік ГУБАЗіК. Калі допыт адбываецца ў ГУБАЗіКу, то пасля допыту, які нярэдка суправаджаецца збіццём, прыніжэннем і псіхалагічнымі катаваннямі, здымае відэа супрацоўнік гэтай арганізацыі», — патлумачыў «Нашай Ніве» былы афіцэр Міністэрства ўнутраных спраў, які цяпер знаходзіцца за мяжою.

Аляксандр Азараў кажа, што на першых відэа з затрыманымі ён пазнаў свой былы службовы кабінет. Цяпер у ім сядзіць начальнік аддзела 3-га ўпраўлення Ігар Луневіч, які раней быў яго падначаленым.

Кіраўнік «Байпола» дапускае, што гэтыя відэа з затрыманымі прыдумаў менавіта Луневіч.

Інтэрв'ю з рэпетытарам Яўгенам Лівянтам і бізнэсоўцам Дзмітрыем Богушам таксама магло здымацца ў губазікаўскім кабінеце, не выключае Азараў.

Прапагандыстка Лебедзева запісвала інтэрв'ю з затрыманымі журналісткамі Tut.by, меркавана, у тэхнічным кабінеце спецслужбы. Скрын відэа БТ

Прапагандыстка Лебедзева запісвала інтэрв'ю з затрыманымі журналісткамі Tut.by, меркавана, у тэхнічным кабінеце спецслужбы. Скрын відэа БТ

Памяшканне, дзе запісвалі інтэрв'ю з затрыманымі журналісткамі Tut.by, па назіраннях кіраўніка «Байпола», падобнае да тэхнічнага кабінета нейкай спецслужбы. На тое ўказвае шафа і папкі ў ёй.

На яшчэ адным відэа, з былой адміністратаркай сеткі чатаў «97%» Таццянай Курылінай, дапускае Аляксандр Азараў, можа быць прыёмная намесніка міністра ўнутраных справаў. Аб тым сведчыць антураж са скуранымі фатэлямі.

«Гэта азначае, што зняволенага вазілі на гутарку да намесніка міністра ці нават самога міністра. Значыць, арыштаваная валодае важнымі звесткамі і таму яе прывезлі, каб расказала. Везлі не для відэа. Яго здымалі, найхутчэй, пасля гутаркі з міністэрскімі», — мяркуе Аляксандр Азараў.

Інтэрв'ю, меркавана, у прыёмнай намесніка міністра МУС. Скрын відэа БТ

Інтэрв'ю, меркавана, у прыёмнай намесніка міністра МУС. Скрын відэа БТ

За перыяд масавых рэпрэсій у тэлеграм-каналах сілавікоў выстаўлена мноства відэа з затрыманымі.

У першыя месяцы ў сеціва трапіла нямала відэа са слядамі катаванняў. Так выглядаў на відэа левы актывіст Мікола Дзядок.

З часамі лукашысты сталі больш асцярожнымі, фільтруюць кантэнт. Сілавікі здымаюць разгубленых пасля вобшукаў людзей. З нагаворанага на камеру выразаюць патрэбныя выказванні. Людзей прымушаюць абгаворваць сябе, часам ставячы перад неабходнасцю змагацца за бяспеку сваю і родных.

Відэа з затрыманымі здымаюць не толькі сілавікі, але і прапагандысты.

Так, падчас пратэстаў у 2020-м людзей на камеру дапытвала Людміла Гладкая з «СБ. Беларусь сегодня». У СІЗА ездзілі Ксенія Лебедзева і Настасся Бенедзясюк з БТ. Некаторых палітвязняў адпраўляюць на інтэрв'ю да кіраўніка АНТ Марата Маркава — магчыма, запіс такога відэа ставіцца ўмовай вызвалення.

Telegram перыядычна блакуе прапагандысцкія каналы, у тым ліку, губазікаўскія, дзе публікуюцца такія відэа, а таксама відэа брутальных затрыманняў ды пагромы кватэр апазіцыйна настроеных людзей. 

У той жа час архіў такіх відэа можа стаць важным сведчаннем пры расследаванні масавых палітычных рэпрэсій.

Глядзіце таксама:

Як пасварыліся прапагандыст СБ, вядучая канала ГУБАЗіКа і сакратарка «Белай Русі»

Новая фэйкавая «рассылка ад «Байпола». Прапануюць праверыць, ці ёсць ты ў базе ГУБАЗіКа, а насамрэч збіраюць вашы даныя

Кіраўнік БРСМ пахваліў ГУБАЗіК за прыніжальныя відэа і сказаў, што гатовы разглядаць звароты ахвотных вярнуцца

Клас
7
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
7
Абуральна
36