Urszula Szubzda

Аўтарка кнігі «Бацькаўшчына колеру зямлі» Уршуля Шубзда

Сакольшчына — гэта цікавы мікрарэгіён на паўночны ўсход ад Беластока. Этнаграфічна гэта самы захад беларускай тэрыторыі. На пачатку ХХ стагоддзя гэта быў суцэльна беларускамоўны раён, па-беларуску там гаварылі як каталікі, так і праваслаўныя. Сакольшчына дала шматлікіх беларускіх дзеячоў розных палітычных кірункаў: ад хрысціянскага дэмакрата доктара Баляслава Грабінскага да камуніста-тэрарыста Сяргея Прытыцкага, імем якога названыя вуліцы ў Мінску і Гродне.

А найбольш, відаць, вядомы ў свеце ўраджэнец гэтай мясцовасці — ксёндз-пакутнік Ежы Папялушка, сям'я якога таксама ў побыце карысталася беларускай мовай, а ў дзяцінстве на ёй размаўляў і ён сам.

У 1944 годзе раён адышоў Польшчы. У адрозненне ад ваколіц Бельска і Гайнаўкі, пад Саколкай у другой палове ХХ стагоддзя не працавалі беларускія школы, таму што большасць беларускамоўных тут былі каталікамі, а не праваслаўнымі, якія мацней адчувалі сваю адрознасць. Але дагэтуль некаторыя людзі там гавораць па-беларуску ці, хутчэй, на польска-беларускай трасянцы — асцярожна адзначаючы, што яны размаўляюць «папросту». 

Вось пра гэты край, Сакольшчыну, выйшла незвычайная кніга — па-беларуску кірыліцай і лацінкай. Напісала яе Уршуля Шубзда, якая сама родам з-пад Саколкі. Сваю кнігу 19 красавіка яна прэзентавала ў Беластоку на пасяджэнні гістарычнага клуба Beer & History.

«Я не пыталася, кім яны сябе лічаць: палякамі, беларусамі ці чарнарусамі. Такой мэты ў мяне не было. Для іх саміх гэта не надта важна», — казала аўтарка кнігі на яе прэзентацыі.

Кніга Уршулі Шубзда «Бацькаўшчына колеру зямлі»

Кніга Уршулі Шубзда «Бацькаўшчына колеру зямлі»

Шубзда кажа, што мясцовае насельніцтва ўспрымае сябе, хутчэй, тутэйшымі і пазбягае ўласнай класіфікацыі з гледзішча цяперашніх нацыянальных катэгорый. 

Сама Уршуля з тых жа мясцін, пра якія піша. Яна вырасла ў вялікай сям’і, але толькі яна і яе брат захавалі ўменне гаварыць на роднай мове.

На прэзентацыі кнігі «Бацькаўшчына колеру зямлі»

На прэзентацыі кнігі «Бацькаўшчына колеру зямлі»

«Мая беларуская мова не выдатная, але з маіх родных толькі мяне яна зацягнула. Брат, які застаўся на вёсцы, на гаспадарцы, ведае беларускую настолькі, наколькі яе ведаў бацька. Але, вядома, лексічны запас у яго абмежаваны. Дзед і бацька гаварылі па-свойму, па-простаму. Але яны ніколі не казалі, што іхная гаворка беларуская, і самі сябе не лічылі беларусамі, можа таму і лічылі сябе свабаднейшымі», — заўважыла Уршуля.

Журналістка спадзяецца, што гаворка жыхароў «Чорнай Русі» яшчэ працягне існаваць, бо тутэйшая пальшчызна не падобная да яе класічнага варыянту.

«Гэта як Чорная Русь — невядома, што гэта, але ўплывае на падсвядомасць. І тутэйшая гаворка прыцягвае маладое пакаленне, бо ёю яны адметныя. Гэта іх роднае, і ў іх няма патрэбы яго адракацца», — мяркуе Шубзда.

На Сакольшчыне праваслаўныя захавалі беларускую мову нашмат лепш, чым каталікі, між якіх працэс асіміляцыі пайшоў шпарчэй.

Уршуля Шубзда

Чорнай Руссю некалькі стагоддзяў называлі паўночна-заходнюю Беларусь: раёны Горадні, Ваўкавыска, Супрасля. Такую назву прыдумалі географы, і спачатку яна была выключна кніжная, але з часам, праз краязнаўцаў і святароў, пайшла ў народ. Па беларускі бок мяжы яе ўжо забыліся: беларусы і беларусы. А на Сакольшчыне, як бачым, яна захавалася ў свядомасці, бо дазваляе людзям вытлумачыць сваю «іншасць».

Ад Саколкі да польска-беларускай мяжы 16 кіламетраў. У горадзе жыве больш за 22 тысячы чалавек.

У летапісах Саколка ўпершыню згадваецца ў 1524 годзе. 10 студзеня 1609 года яна атрымала Магдэбургскае права.

У даўнія часы гэта было балта-славянскае памежжа, беларуская мова стагоддзямі наступала, балты паступова славянізаваліся. У гэтым сэнсе цікавае прозвішча аўтаркі. Šiugždėti па-літоўску значыць шамацець, šiūbyti — трэсціся, дрыжаць. «Шубзда» можа паходзіць ад аднаго з гэтых слоў, у кожным разе гэта яўны балтызм.

У 1921 годзе, паводле Рыжскага мірнага дагавора, Саколка апынулася ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы. З лістапада 1939 года яна была ў складзе Беларускай ССР, з 1940 года год з'яўлялася цэнтрам Сакольскага раёна Беластоцкай вобласці. Па Другой сусветнай вайне, 16 жніўня 1945, улады СССР перадалі Саколку Польскай Народнай Рэспубліцы.

Героі гісторый з кнігі Уршулі Шубзды згадваюць Горадню як колішні цэнтр свайго былога жыццёвага сусвету. Тое было да Другой сусветнай вайны, калі мясцовых беларусаў яшчэ не падзяляла мяжа.

Адзін з мужчын расказаў журналістцы, як ягоны бацька, які выбраў жыць у Польшчы, а не ў СССР, на польскім баку пасяліўся ў вёсцы, з якой была відаць яго родная сяліба, што засталася за мяжой.

«Ëн штодня падыходзіў і глядзеў, як марнеюць будынкі, узведзеныя яшчэ ягоным бацькам. Хадзіў, пакуль на граніцы не паставілі агароджу», — расказвае Уршуля Шубзда.

Кніга «Бацькаўшчына колеру зямлі»

Кніга «Бацькаўшчына колеру зямлі»

Спакойнае жыццё Сакольшчыны трохі збаламуціў мігранцкі крызіс 2021 года, але нават гэтыя жарсці істотна не змянілі будзённасці.

«Жывучы там, яны акружаныя прыроднай прыгажосцю. Яны яе цэняць, і не развучыліся ёю захапляцца. Там нават тэлевізар не ўсе глядзяць. А хто глядзіць, той глядзіць і беларускія, і польскія каналы. Маюць дзве крыніцы інфармацыі і робяць высновы пра жыццё ў сябе і за мяжой», — расказвае Шубзда.

Адна з ілюстрацый з кнігі «Бацькаўшчына колеру зямлі»

Адна з ілюстрацый з кнігі «Бацькаўшчына колеру зямлі»

У кніжцы расказваецца таксама пра жанчыну, якая пераехала ў Польшчу з Латвіі, а ў Саколцы ўладкавалася кіраваць мясцовым домам культуры. Дык вось, тамтэйшы люд не ўспрымае яе як свайго, успрымае як чужога чалавека.

«Яна пажыла ў Варшаве, там ёй надакучыла. Пераехала на Падляшша. Падляшша цяпер як прытулак для збянтэжаных, стомленых жыццём, — разважае журналістка. — Але паколькі яна кіруе Домам культуры, то давер да яе ўсё ж ёсць».

На прэзентацыі кнігі «Бацькаўшчына колеру зямлі»

На прэзентацыі кнігі «Бацькаўшчына колеру зямлі»

Кніга Уршулі Шубзда напісана беларускай кірыліцай і лацінкай. 

Аб існаванні беларускай лацінкі аўтарка даведалася з часопіса міжваеннай пары «Chryścijanskaja dumka». Яго падшыўку захаваў жыхар Саколкі і перадаў журналістцы.

Уршуля, акрамя журналістыкі, настаўнічае. Яна выпускніца Беластоцкага ўніверсітэта, дзе вывучала беларускую філалогію. У беластоцкім ліцэі №3 вучыць дзяцей польскай мове. Сярод вучняў дзеці — беларускіх эмігрантаў.

Уршуля кажа, што ў беларускасць яе ўцягнула Зоська Верас. Першай яе кніжкай на беларускай мове былі ўспаміны пісьменніцы, выдадзеныя ў адной з бібліятэк Падляшша. Прачытаўшы іх, яна зразумела, што «простая мова» насамрэч беларуская і яна заслугоўвае выкарыстання ў публічнай прасторы.

У кніжцы Уршулі расказваецца пра розных герояў, з рознымі перакананнямі, але якія не варагуюць паміж сабой.

У адной з гісторый журналістка апавядае пра мужчыну, які аднаўляе і габрэйскія могілкі, і пахаванні савецкіх салдат. А ў хаце ў яго на сцяне вісяць партрэты і Папы Францішка, і Пуціна.

«Гэта вельмі прыемны чалавек. А ў хаце ў яго не толькі Папа Францішак і Пуцін вісяць, якія, відаць, дапаўняюць адзін аднаго, — іранізуе Шубзда, — а таксама карціны з лебедзямі і прыгожымі жанчынамі з шэльмаўскімі ўсмешкамі. Ён у Супраслі [прыгожы гарадок на Падляшшы са старым манастыром] прадае квас, можаце пад’ехаць да яго і запытаць, як у яго ўсё гэта спалучаецца ў галаве…» — жартуе Уршуля.

Пабывала журналістка і ў родных мясцінах Кастуся Каліноўскага, у вёсцы Мастаўляны, што пры мяжы з Беларуссю. Там ведаюць, хто гэта такі, але дужа абачлівыя ў выказваннях.

«Яны дужа асцярожныя, хоць чытаюць інтэрнэт. Яны шмат ведаюць, але нічога не скажуць», — заўважала Уршуля пад смех аўдыторыі.

«Шмат ведаюць і нічога не скажуць — гэта нацыянальная ідэя Чорнай Русі», — адрэагаваў на выказванне журналісткі вядоўца сустрэчы і матор клуба Beer & History Алесь Кіркевіч.

Глядзіце таксама:

Праваслаўны ў касцёле. Як разьбяр з Беларусі працуе ў каталіцкім храме ў Польшчы

«Нічога ў нас не будзе, калі не будзе беларускай мовы». Рэпартаж з Дня Волі ў Беластоку

«Немцы лічылі нас Сібір'ю». Гісторыя беларускай эмігранткі, якую жыццё на чужыне навучыла іначай успрымаць свет

Клас
19
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
0