Палітык быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове па справе аб «захопе ўлады». Яго абвінавацілі паводле арт. 357 КК — «змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

5 верасня 2022 года суд прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым і прысудзіў яму 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Напрыканцы мінулага года Міністэрства ўнутраных спраў дадало палітыка ў спіс асоб, «якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Адбывае пакаранне Рыгор Кастусёў у папраўчай калоніі №22 у Івацэвічах, якая вядома пад назвай «Воўчыя норы».

«У СІЗА ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем — у прыватнасці, выявілася анкалагічнае захворванне, — распавялі «Народнай Волі» паплечнікі і сябры палітыка. — Настойлівыя звароты адвакатаў з просьбай забяспечыць зняволенаму належнае медыцынскае абследаванне не маюць плёну да гэтага часу.

З незразумелых прычын Рыгора пазбавілі спатканняў са сваякамі — апошняе здарылася ў СІЗА КДБ адразу пасля суда. Акрамя таго, яму істотна зменшылі суму атаваркі ў мясцовай краме.

Калі з ізалятараў лісты да жонкі даходзілі без моцных затрымак, то цяпер з гэтым праблемы. Няма дакладных звестак наконт таго, ці не намагаюцца яго прыцягваць да лагерных работ — асабліва з улікам пенсіённага ўзросту і медыцынскіх абмежаванняў.

Гэтак жа няма пэўнасці адносна фізічнага стану вязня. Нібыта ўжо з калоніі павінны былі адправіць на абследаванне ў лякарню, аднак, як вынікае з папярэдніх спробаў, вынікі агляду адміністрацыя папраўчай установы нікому не паведамляе».

Вадзім Саранчукоў, які выконвае абавязкі кіраўніка Партыі БНФ, дадае, што ні ў яго, ні ў сяброў партыі таксама няма ніякіх наўпроставых кантактаў з Рыгорам Кастусёвым.

«Лісты, якія дасылаюць яму паплечнікі ў вялікай колькасці, як мы разумеем, не даходзяць, — кажа Вадзім Саранчукоў. — Таму любое атрыманне інфармацыі з таго боку ці наадварот, да яго, вельмі абмежаванае.

Але ў нас атрымліваецца перадаваць лекі. Аб’ектыўнай інфармацыі няма, таму сказаць, у якім стане ён знаходзіцца, зараз вельмі складана…».

Чытайце таксама:

«Настойваю на поўнай невінаватасці». Рыгор Кастусёў напісаў Лукашэнку адкрыты ліст

«Мама прасіла тату сысці з палітыкі». Дачка Рыгора Кастусёва пра бацькаву няволю ды трывожныя навіны з-за кратаў

«Волі сцяг шчэ залунае, каб свабодзе, праўдзе быць». Рыгор Кастусёў даслаў верш з-за кратаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
7
Абуральна
7