Спявачка Кэці Пэры. Фота з яе інстаграма

Спявачка Кэці Пэры. Фота з яе інстаграма

Цяперашняе разбіральніцтва пачалося ў 2019 годзе, калі дызайнерка адзення Кэці Тэйлар, якая выкарыстоўвае сваё дзявочае прозвішча Пэры ў назве сваёй невялікай кампаніі Katie Perry, падала ў суд на спявачку, абвінаваціўшы яе ў парушэнні капірайту, паведамляе Бі-бі-сі.

Спявачка падала іск у адказ, патрабуючы цалкам ануляваць аўстралійскую марку адзення Katie Perry. Іск спявачкі суддзя адхіліла.

Іск дызайнеркі тычыўся імяннога мерчу спявачкі — талстовак, футболак, шалікаў і спартыўных штаноў яе брэнда Kitty Purry, якія прадаваліся ў крамах і анлайн падчас аўстралійскіх турнэ выканаўцы ў 2014 і 2018 гадах.

У выніку федэральная суддзя Брыджыт Маркавіч прыйшла да высновы, што кампанія спявачкі, прадаючы і рэкламуючы тавары праз сацсеткі, часткова парушыла правы на аўстралійскі таварны знак Katie Perry, пад якім дызайнерка Кэці Тэйлар прадае сваю вопратку ў інтэрнэце.

«Гэтая гісторыя — пра дзвюх жанчын, дзве падлеткавыя мары і адно імя», — напісала ў сваім вердыкце суддзя. «Падлеткавая мара» (Teenage Dream) — вядомая песня Кэці Пэры.

Суддзя пастанавіла, што спявачка, народжаная Катрын Хадсан, выкарыстала псеўданім Кэці Пэры ў Аўстраліі без злога намеру і не павінна выплачваць дызайнерцы асабістай кампенсацыі, аднак кампанію Kitty Purry суддзя Маркавіч абавязала пакрыць аўстралійскаму брэнду прычыненую шкоду, памер якой будзе вызначаны ў маі.

Дызайнерка Кэці Тэйлар пачала прадаваць вопратку пад брэндам Katie Perry ў 2007 годзе, і на наступны год зарэгістравала яго як гандлёвую марку ў Аўстраліі.

Спявачка Кэці Хадсан пад псеўданімам Кэці Пэры выпусціла сінгл «I Kissed A Girl», які стаў яе першым сусветным хітом, у 2008 годзе.

У 2009 годзе, калі Тэйлар адкрыла сваю першую гандлёва-выставачную залу, ёй прыйшло апавяшчэнне ад адвакатаў спявачкі аб тым, што яны будуць дамагацца адмены яе гандлёвай маркі, але пасля яны адмовіліся ад гэтых дзеянняў.

Каментуючы вынік цяперашняй судовай бітвы, дызайнерка Кэці Тэйлар, якая з часоў пандэміі Covid-19 займаецца сваёй справай з дому ў Сіднэі, параўнала яго з перамогай Давіда над Галіяфам.

«Я змагалася не толькі за сябе, але ў цэлым за малы бізнэс у гэтай краіне. Многія з гэтых кампаній заснаваныя жанчынамі, і яны могуць апынуцца ўцягнутымі ў сутычку з замежнымі арганізацыямі, у якіх нашмат больш фінансавай моцы, чым у нас», — напісала Тэйлар на сваім сайце.

Прадстаўнікі спявачкі ніяк не пракаментавалі рашэнне суда.

Чытайце таксама:

Спявак Ілля Сільчукоў, звольнены з мінскага Опернага за ўдзел у пратэстах, дэбютуе ў La Scala

Паўднёвакарэйскі дзявочы гурт устанавіў абсалютны рэкорд па праглядах на Youtube. 30 мільярдаў!

Колькасць праглядаў Despacito дасягнула 8 мільярдаў. Гэта больш, чым насельніцтва Зямлі

Клас
15
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
1