Без павышэння столі (максімальна дазволенага памеру доўгу) улады ЗША не змогуць атрымліваць новыя пазыкі.
У панядзелак Елен заклікала Кангрэс як мага хутчэй падняць ліміт, які цяпер усталяваны на ўзроўні 31,4 трыльёна даляраў.
У той жа дзень Упраўленне амерыканскага кангрэса па бюджэце папярэдзіла аб «значнай рызыцы таго, што да пачатку чэрвеня ў Мінфіна скончацца сродкі». «Разам з тым, застаецца незразумелым, калі менавіта фонды могуць скончыцца, так як у найбліжэйшыя тыдні цяжка прадказаць аб'ём выдаткаў, а таксама час і памеры падатковых паступленняў», — сказана ў дакладзе.
Да канца квартала, гэта значыць да чэрвеня, Мінфін плануе павялічыць свае запазычанні прыкладна на 449 млрд даляраў у параўнанні з папярэднімі планамі. Такім чынам, іх сума складзе блізу 726 млрд даляраў.
Амерыканскія чыноўнікі кажуць, што ім даводзіцца займаць больш сродкаў, бо паступленні ад падатку на прыбытак аказаліся меншыя за чаканыя, а выдаткі ўрада, наадварот, перавысілі запланаваныя паказчыкі. Акрамя таго, па стане на пачатак квартала на ўрадавых рахунках аказалася менш сродкаў, чым меркавалася.
Павышэнне столі дзяржаўнага доўгу — працэдура для ЗША даволі звычайная: з 1960 года гэта адбывалася ўжо 78 разоў.
Аднак цяпер рэспубліканцы, якія кантралююць Палату прадстаўнікоў, пярэчаць праграме выдаткаў, абвешчанай прэзідэнтам-дэмакратам Джо Байдэнам. У абмен на дазвол павысіць максімальны памер пазык яны запатрабавалі рэзкага скарачэння дзяржаўных выдаткаў і адмены некаторых вельмі важных для Белага дома рашэнняў, у тым ліку праграмы прабачэння студэнцкіх даўгоў і падатковых крэдытаў для экалагічных тэхналогій.
У сваю чаргу супраць такіх патрабаванняў выступілі дэмакраты, у якіх большасць у Сенаце — верхняй палаце Кангрэса. Прэзідэнт Байдэн на мінулым тыдні заявіў, што па гэтых пытаннях «перамоваў быць не можа».
Пагроза дэфолту
Аднак на кіраўніка Белага дома аказваецца ўсё большы ціск з тым, каб ён пагадзіўся абмеркаваць рэспубліканскія прапановы.
У адваротным выпадку над ЗША можа навіснуць пагроза дэфолту, гэта значыць фармальнай няздольнасці ўрада абслугоўваць свае даўгі. Падобнае развіццё падзей можа абрынуць сусветныя фінансавыя рынкі і разбурыць веру ў ЗША як у надзейнага гульца.
Эксперты папярэджваюць, што дэфолт таксама можа прывесці да рэцэсіі і павышэння беспрацоўя.
У выпадку, калі ва ўрада ЗША скончацца сродкі, ён не зможа займаць грошы для выплаты заработнай платы супрацоўнікам дзяржаўных структур і вайскоўцам, таксама пад пагрозай акажуцца сацыяльныя выплаты грамадзянам і іншыя абавязацельствы ўладаў, напрыклад, аплата паслуг пастаўшчыкоў Міністэрства абароны.
Пацярпець могуць нават прагнозы надвор'я на тэлебачанні, бо многія тэлекампаніі карыстаюцца данымі Нацыянальнай метэаралагічнай службы, якая фінансуецца з федэральнага бюджэту.
«Па вопыце мінулых тупіковых сітуацый з даўгавым лімітам нам вядома, што, калі чакаць павелічэння або прыпынення пазыковай столі да самага апошняга моманту, гэта можа прывесці да сур'ёзнай шкоды для дзелавой і спажывецкай упэўненасці, павысіць кароткачасовы кошт пазык для падаткаплацельшчыкаў і негатыўна адбіцца на крэдытным рэйтынгу ЗША», — напісала кангрэсменам Елен у аўторак.
Яна дадала, што не можа прадказаць, калі менавіта ва ўрада ЗША могуць скончыцца сродкі.
У іншым лісце, адпраўленым у Кангрэс у студзені, Елен паведамляла, што Мінфін пачаў рэалізоўваць «экстранныя меры», каб пазбегнуць дэфолту.
Чытаць таксама:
Каб расплаціцца з доўгам, Шры-Ланка перадасць Кітаю 100 тысяч макак. Але для чаго?