…Дзень нараджэння (калі я асэнсаваў, што ён зусім скора [Андрэю Скурко 12 сакавіка споўнілася 45 гадоў]) выклікаў змяшаныя пачуцці, нават трохі панічныя. Але потым я падумаў, што мы ж настройваемся на 90+:) Таму 45 — гэта яшчэ цалкам нармальна. Галоўнае — быць у тонусе фізічна і разумова, а лічба вялікага значэння не мае (я кажу пра сябе, для малодшых зайцоў мае, канечне). Так радасна будзе нам разам адзначаць усе святы! Ды і без святаў будзе проста радасна разам.

…Гэта сапраўды вельмі адносная катэгорыя — час. Вунь Юпітэр абыходзіць вакол Сонца за 12 гадоў — так што па яго мерках мне ўсяго трохі болей год, чым Тамашу.

…Вітанні і падзякі ўсім-усім, хто віншаваў! [З днём нараджэння] Я ў гэты дзень вырашыў не замарочвацца [вырабам крэму з какавы]: купіў вафлі з цвёрдай шакаладнай начынкай — да кавы, малака (да яе ж), смятаны. А ў 15:00 паеў сала з цыбуляй:) У цэлым, я ж пісаў, — святы мае ўсе будуць з вамі, і незалежна ад дат. Але прыемна было, што і вы пасвяткавалі (сінхронна), і атрымалі віншаванні.

…Наконт серыяла пра «Песняроў» падумаў, што ў сучаснай масавай культуры гэта ў тым ліку спосаб пашырэння гістарычных ведаў (ці псеўдагістарычных уяўленняў). І тыя ноты фальшы, якія заўважыла ты, многія ўспрымуць як аб’ектыўныя факты…

Хоць Есяневіч на ролю Дзямешкі — ідэальны выбар. [Андрэй яшчэ не знае, што твар акцёра-купалаўца ў серыяле заблюрылі] Дзямешка пасля эміграваў у Ізраіль, калі я не памыляюся.

А пра Мулявіна, яго жонку і афіцыёз я таксама ведаю гісторыю. Мулявін быў невялікага росту, шчуплы, і яны з жонкай мелі супольны гардэроб. І вось аднойчы яго тэрмінова выклікалі ў ЦК. Мулявін усцягнуў нейкія жончыны штонікі-клёш у абліпку і ўжо быў гатовы паскакаць, але жонка яго злавіла, зладзіла скандал, прымусіла адзець касцюм.

Яшчэ Мулявін плакаў на пахаванні Зюка (яны, відаць, зналіся па лініі Мінкульта БССР і па нейкіх «супольных праектах» тых часоў) [Зюк — Андрэеў стрыечны дзядуля, літаратар Іосіф Скурко].

…Днямі быў год ад суда — я выпадкова ўспомніў.

Неяк гэтыя даты не адкладаюцца зусім, не набываюць, так бы мовіць, сакральнага значэння. І ўвогуле наконт часу, таго, што ён ідзе, і як мы не маладзеем (мне падалося, ты трохі перажываеш з гэтай нагоды.

У сям'і ж людзі глядзяць адно на аднаго зусім не так, як на старонніх, малазнаёмых (а нават і добра знаёмых). Бо чым бліжэйшы чалавек, тым менш «фатаграфічна» яго ўспрымаеш. Не як выяву ў пэўны момант часу і ў пэўным пункце прасторы, а — эмацыйна.

Гэта ў Курта Вонегута ў фантастычным рамане іншапланецяне бачылі людзей ва ўсе моманты іх жыцця ад самага нараджэння — у выглядзе даўжэзнай мнаганожкі.

Душа не старэе, як казала бабуля Вера, а мы душамі адно аднаго бачым. А фізічнай формы проста будзем старацца трымацца адпаведнай.

Ты не пэўная, што варта цяпер перавыдаваць Фіцджэральда, Рэмарка, Хэмінгуэя і г. д. А мне падаецца, не лішняе.

У мінулым лісце сумняваўся, што буду чытаць Рэмарка — ты знаеш, атрымаў вялікае задавальненне: і сюжэты, і гумар, і дыялогі, і высновы, і актуальнасць. Гэта раман пра ўцекачоў у Амерыцы ў 1940-я. 

Сумнае чытво, канечне, але я нават адпачыў з ім эмацыйна неяк. Цяпер, канечне, пішуць іначай, але анахранічным не выглядае. 

…Наконт Маркеса: нядаўна ўсвядоміў нечакана, што прозвішча сям'і, гісторыя якой апісваецца ў «Сто год адзіноты», — Буэндыя — з іспанскай перакладаецца накшталт «Дабрыдзень».

Адразу паменела адчужанасці:)

Чытайце таксама:

Андрэй Скурко: Мы зразумелі вартасць звычайных, здавалася б, рэчаў і з’яў

«Як раней не будзе. Будзе лепей». Выйшаў мерч з натхняльнымі цытатамі Андрэя Скурко

Андрэй Скурко сустракае юбілей за кратамі. Яго разважанні ў лістах дапамагаюць зразумець людзей і наш час

Тарас Шаўчэнка найбольшым сваім дасягненнем лічыў тое, што за дзесяць год салдатчыны ні на кроплю не змяніўся

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
2