Дзмітрый Лазар. Фота: spring96.org
У судзе Маладзечанскага раёна 2 сакавіка яго асудзілі паводле арт. 391 (абраза суддзі або народнага засядацеля), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) КК. Суд прызначыў Дзмітрыю 2,5 года калоніі і штраф памерам у 100 базавых велічынь (3700 рублёў).
Стала вядома, што 10 мая ў Ваўкавыску адбудзецца чарговы суд над палітвязнем. Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 391 КК (абраза суддзі). Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Талашка.
Дзмітрыя Лазара затрымалі 11 лістапада 2022 года і змясцілі пад варту. Яго абвінавацілі ў тым, што ў студзені 2022 года ён у тэлеграм-чаце пакінуў абразлівыя каментарыі ў дачыненні да мінскай пракуроркі Жанны Баранавай, капітана мінскай міліцыі ДАІ Пакладка, капітана бабрускай міліцыі АМАП Быкава, суддзі суда Ленінскага раёна Гродна Мікалая Сяргейкі, маёра міліцыі, намесніка начальніка аховы правапарадку і прафілактыкі РУУС Фрунзенскага раёна Мінска Марцуля, сяржантаў міліцыі АМАП Магілёўскага абласнога УУС Саратаса і Малафея.
У якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды пракурорка Жанна Баранава папрасіла суд спагнаць з Дзмітрыя 2000 рублёў, якія намервалася пералічыць на карысць дзіцячага дома. Марцуль запрасіў 1500 рублёў. Заяўленыя сумы кампенсацыі Дзмітрый пагасіў адразу пасля абвяшчэння.
Баранава і Марцуль пасля кампенсацыі маральнай шкоды адазвалі свае іскі супраць Лазара.
Мужчына цалкам прызнаў віну.
Дзяржабвінавачанне запрасіла для Дзмітрыя чатыры гады калоніі. Суддзя прыняў рашэнне асудзіць мужчыну на два з паловай гады пазбаўлення волі.
Дзмітрыю Лазару 38 гадоў. Мужчына мае вышэйшую адукацыю і працуе кіроўцам у прыватнай фірме.
Падтрымаць палітвязня можна лістамі і тэлеграмамі: ІЧУ Ваўкавыскага РАУС. 231900, Гродзенская вобласць, г. Ваўкавыск, вул. Савецкая, 46, Дзмітрыю Уладзіміравічу Лазару.





