Asparagus

Свежая спаржа. Фота: Pixabay

У спаржы мала калорый, але шмат клятчаткі, фоліевай кіслаты, а таксама вітаміну D, які ўдзельнічае ў працэсе згортвання крыві і падтрымлівае здароўе костак. Плюс вітаміны А, С, Е і групы В. А яшчэ спаржа — гэта крыніца калію, медзі, цынку, селену і фосфару.

Гэтая гародніна дапамагае падтрымліваць здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракту і ўзбагачае арганізм антыаксідантамі. Яна таксама стымулюе працу нырак.

Як выбраць добрую спаржу

Спаржу добра купляць у сезон — у траўні—чэрвені, пазней яе сцябліны становяцца больш сухімі і жорсткімі. Галоўны сакрэт добрай спаржы — яна павінна ўтрымліваць шмат вады.

Візуальна гэта выяўляцца ў роўным смарагдавым колеры і прыгожых, не сухіх кончыках, тактыльна — у пругкасці гародніны.

Вы можаце звярнуць увагу на тое месца, дзе спаржа была замацаваная гумкай: калі бачныя сляды, значыць, парасткі ўжо страцілі шмат вады і не вельмі свежыя.

Добрая навіна ў тым, што нават завялую спаржу можна выратаваць. Проста адарвіце канцы і пакладзіце гародніну ў посуд з халоднай вадой. Праз адну-дзве гадзіны парасткі адновяць сваю пругкасць.

Што прыгатаваць са спаржы

Асноўнае правіла пры апрацоўцы свежай спаржы, як і любой свежай гародніны, — для захавання карысных уласцівасцяў яе лепш тэрмічна апрацоўваць мінімальную колькасць часу. Ёсць рэцэпты, калі спаржу можна ўжываць зусім без апрацоўкі. Найлепшы варыянт — злёгку адварыць, можна прыгатаваць на пары.

Каб запячы спаржу, духоўку трэба разагрэць прыкладна да 200℃. Далей гародніну трэба прыправіць невялікай колькасцю аліўкавага алею і спецый і запякаць хвілін 10-15. Можна абсмажыць і на патэльні — прыкладна 15 хвілін на сярэднім агні.

Спаржу падаюць у якасці гарніру, асноўнай стравы, дадаюць у салаты (напрыклад, салата са спаржай, зелянінай і памідорамі чэры або салата са спаржай, арэхамі і сырам фета), таксама з яе атрымліваецца смачны суп-пюрэ.

Asparagus and pasta

Спаржа і макарона. Фота: Караліна Грабоўска / Pexels

Onet.pl прапануе два з магчымых рэцэптаў:

Паста з курыцай і спаржай

  • 2-3 філе курынай грудкі,
  • 1 пучок свежай зялёнай спаржы,
  • 125 мл вяршкоў 18%,
  • 125 г любой макароны,
  • 1 сталовая лыжка аліўкавага алею.

Для соусу песта:

  • 1 зубчык часнаку,
  • 10 г цёртага пармезану,
  • 70 мл алею,
  • 25 г свежага лісця базіліку,
  • 2 сталовыя лыжкі кедравых арэхаў,
  • соль,
  • перац.

Як гатаваць:

  1. Пачнём з прыгатавання соусу песта. Старанна прамыйце лісце базіліку пад праточнай вадой. Кедравыя арэшкі трохі абсмажце на сухой патэльні да залацістага колеру. Змясціце ўсе інгрэдыенты ў ступку і ператрыце да аднастайнасці.
  2. Курынае філе ачысціце, вымыйце, абсушыце папяровым ручніком і нарэжце невялікімі кубікамі. Пасыпце соллю і перцам. Перакладзіце ў міску і пастаўце ў прахалоднае месца.
  3. Пастаўце макарону варыцца да стану аль дэнтэ ў злёгку падсоленай вадзе. Прамыйце спаржу і адрэжце жорсткія канцы. Нарэжце сцябліны спаржы тонкімі лустачкамі. Кіньце іх у ваду з макаронай недзе за 2 хвіліны да заканчэння часу яе варэння. Зліце ваду.
  4. Нагрэйце алей у вялікай патэльні. Дадайце нарэзаную і прыпраўленую курыцу. Нядоўга абсмажце з кожнага боку, пакуль мяса не падрумяніцца. Дадайце асушаныя макароны са спаржай і соусам песта. Змяшайце ўсё.
  5. Запраўце страву смятанай, соллю і перцам — як вам падабаецца. Падавайце падагрэтай.

Крэм-суп з зялёнай спаржы

  • 2 пучкі зялёнай спаржы,
  • 1 цыбуліна,
  • 2 зубкі часнаку,
  • 1 бульбіна,
  • 2 жмені свежага базіліку,
  • 1,5 літра агародніннага булёну,
  • 100 мл вяршкоў,
  • 1/2 галоўкі сыру камамбер,
  • 4 сталовыя лыжкі сметанковага масла,
  • 1/2 чайнай лыжкі мускатнага арэху,
  • соль,
  • перац.

Як гатаваць:

  1. Вымыйце спаржу і адрэжце жорсткія, больш светлыя канцы. Астатняе нарэжце невялікімі кавалачкамі.
  2. Цыбулю нарэжце кубікамі і абсмажце ў рондалі з разагрэтым сметанковым маслам, затым дадайце дробна нарэзаныя часнок і бульбу. Смажце каля 5 хвілін.
  3. Дадайце спаржу (некалькі галінак адкладзіце).
  4. Запраўце ўсе соллю, перцам і мускатным арэхам.
  5. Заліце змесціва рондаля булёнам і варыце яшчэ некалькі хвілін.
  6. Дадайце вяршкі, камамбер і базілік і ўзбіце суп ручным блэндарам да аднастайнай масы.
  7. Разліце крэм са спаржы па талерках, упрыгожце кожную некалькімі галінкамі спаржы або лісцем базіліку. Гатовы крэм са спаржы можна пасыпаць цёртым пармезанам, молатымі арэхамі ці смажанымі семачкамі. Таксама падыдуць маленькія хрумсткія тосты, што вельмі падабаюцца дзецям.

 

Вам таксама можа быць цікава:

Формула «ідэальнай ежы». Як з дапамогай персанальнай дыеты можна папярэдзіць ці нават вылечыць многія хранічныя захворванні

Тры рэцэпты макароны, якія варта дадаць у меню

Як прыгатаваць ідэальную брокалі?

Клас
16
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2