Justin Theroux and Woody Harrelson in White House Plumbers

Джасцін Тэру (у ролі Джорджа Лідзі) і Вудзі Харэльсан (у ролі Говарда Ханта) у серыяле «Сантэхнікі Белага дома». Фота: Філ Каруза / HВO

«Сантэхнікі Белага дома» — не першая спроба экранізаваць так званы «Уотэргейцкі скандал» — разбіральніцтва супрацьзаконнай спробы ўстанавіць прылады для праслухоўвання ў штаб-кватэры Дэмакратычнай партыі ў Вашынгтоне падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 1972 года. Самы вядомы фільм па гэтых падзеях — «Уся прэзідэнцкая раць» 1976 года, таксама ёсць некалькі дакументальных стужак, сярод якіх шасцісерыйны дакументальны серыял ад History Channel. Год таму выйшаў міні-серыял «Газліт» з Джуліяй Робертс.

Што ж здарылася? 17 чэрвеня 1972 года, у разгар выбарчай кампаніі паліцыя арыштавала пяць чалавек, якія праніклі ў памяшканне штаб-кватэры Дэмакратычнай партыі ў вашынгтонскім гасцінічным комплексе Watergate. Акрамя двух міні-мікрафонаў, пры іх быў набор адмычак і 5300 даляраў. Пазней стала вядома, што асобы, якія ўчынілі супрацьзаконныя дзеянні, звязаныя са штабам дзейнага на той момант прэзідэнта Рычарда Ніксана, які быў рэспубліканцам і канкураваў з прадстаўніком Дэмакратычнай партыі.

Аперацыю спланавалі і ажыццявілі Джордж Гордан Лідзі (агент ФБР і акцёр), яго падначалены Говард Хант (афіцэр разведкі і пісьменнік) і начальнік бяспекі Джэймс Маккорд, а таксама набраныя Лідзі і Хантам агенты — у асноўным амерыканскія кубінцы.

Далей быў шэраг няпростых разбіральніцтваў, які скончыўся арыштам вялікай колькасці людзей і адстаўкай прэзідэнта Ніксана — гэта адзіны за ўсю гісторыю ЗША выпадак, калі прэзідэнт прыжыццёва спыніў выкананне абавязкаў датэрмінова.

Усе фільмы, знятыя пра ўотэргейцкі скандал, прыцягваюць увагу да розных аспектаў гэтай падзеі (напрыклад, да публікацыі ў Washington Post, якая ўскалыхнула грамадскасць, на падставе даных ад тайнай крыніцы, або выкраданне жонкі генеральнага пракурора ЗША — у «Газліце» яе сыграла Джулія Робертс). Але «Сантэхнікі Белага дома» найперш гіпертрафуюць той факт, што выканаўцы справы, так званыя сантэхнікі (бо прадухіляюць уцечкі), завалілі аперацыю таму, што былі зусім для яе не прыдатныя. Гэтая непрыдатнасць разгорнецца перад гледачом у поўным аб'ёме.

Lena Headey plays Dorothy Hunt in White House Plumbers

Лена Хідзі (у ролі Дораці Хант, жонкі Говарда Ханта) у серыяле «Сантэхнікі Белага дома». Фота: Філ Каруза / HBO

Хант (Вудзі Харэльсан), выгнаны з ЦРУ пасля правалу аперацыі па звяржэнні Фідэля Кастра, якую ён курыраваў, піша бяздарныя шпіёнскія раманы пад псеўданімам і вяртаецца да сакрэтных спраў толькі таму, бо патрабуецца «сапраўдны адмарозак». А ўладальнік раскошных вусоў Лідзі (Джасцін Тэру) у вольны час слухае для натхнення пласцінку з запісамі выступаў Гітлера. Ясна, што каларытныя акцёры ў гэтых ролях будуць трымаць глядацкую ўвагу ўвесь серыял.

Аднак пры гэтым шматлікія крытыкі асудзілі шаблоннасць і схематычнасць, нават карыкатурнасць персанажаў Ханта і Лідзі — і другарадных персанажаў таксама — у прыватнасці, жонак галоўных герояў. Стэрэатыпнасць характараў так і не дае героям паўнавартасна раскрыцца — нават за пяцігадзінны серыял.

Яшчэ адзін недахоп — непераканаўчае балансаванне паміж жанрамі камедыі і драмы: так, нечаканы пераход у пятай серыі да драматычных падзей пасля чатырох серый сатырычнага вар’яцтва выглядае не вельмі натуральным, бо ў выніку серыял не выглядае ні па-сапраўднаму вострай сатырай, ні эмацыйна кранальнай драмай.

Гэта не значыць, што «Сантэхнікі Белага дома» не вартыя прагляду: усё ж вялікая колькасць добрых акцёраў не дае гэтаму шоу праваліцца, да таго ж гістарычныя інтэр'еры паказаныя вельмі дакладна, а большасць сцэн сыграна пераканаўча. Магчыма, серыял не стаў самай выбітнай гісторыяй пра ўотэргейцкі крызіс, але ён прапануе свежы погляд на гістарычныя падзеі — і гэта не сумны пераказ.

Рэйтынг серыяла на сайце рэцэнзій Rotten Tomatoes: 71% ад крытыкаў з сярэдняй ацэнкай 6,2/10 на аснове 31 рэцэнзіі, 71% ад гледачоў.

Партал Metacritic: 60 балаў з 100 на падставе 18 аглядаў.

Вам таксама можа быць цікава:

Silo («Сховішча»): Рэбека Фергюсан у змрочнай антыўтопіі пра чалавецтва, зачыненае ў бункеры

«Кроплі Бога»: хто б мог падумаць, што серыял пра дэгустацыю віна можа быць захапляльным

Рамантычная камедыя, музычны баёпік і гістарычная драма — тры самыя папулярныя фільмы на Netflix

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2