Пляцоўка пад жылы раён «Зялёны Бор» знаходзіцца за кальцавой дарогай, каля Калодзішчаў. Пад новае жыллёвае будаўніцтва пойдуць землі былога вайсковага палігона.
Гэтую тэрыторыю ўжо даўно ўключылі ў склад Партызанскага раёна — так што будучыя жыхары будуць мінчанамі.
Арганізатарам грамадскага абмеркавання выступае адміністрацыя Партызанскага раёна Мінска, заказчыкам — камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, распрацоўшчыкам — УП «Мінскграда».
Новы горадабудаўнічы праект тычыцца тэрыторыі ў 1916 гектараў. Участак мяжуе з сядзібнай забудовай у Калодзішчах, «Зялёнай Гаванню», а таксама — ляснымі масівамі.
Значную частку зямель былога палігона цяпер займаюць дрэвы і хмызнякі, таксама тут ёсць склады і гаспадарчыя пабудовы (яны будуць рэканструяваныя і захаваны). Пакуль што ў раёне няма ніякіх магістраляў, а таксама інжынернай інфраструктуры. Найбліжэйшыя дарогі — МКАД і праспект Незалежнасці.
На новых сталічных землях плануецца арганізацыя 11 раёнаў, аб'яднаных агульнай ландшафтна-рэкрэацыйнай зонай. У прэзентацыі гаворыцца, што «Зялёны Бор» стане новай брамай у Мінск з боку Нацыянальнага аэрапорта.
У перспектыве тут змогуць пражываць 105 тысяч чалавек (104 тысячы — у шматкватэрных дамах, 1 тысяча — у сядзібным фондзе). Жылыя дамы абяцаюць будаваць па індывідуальных праектах.
З інфраструктуры ў «Зялёным Бары» намечанае будаўніцтва школы, адразу 4 дзіцячых садкоў і 5 паліклінік, бальніцы, а таксама кінатэатра, бібліятэкі і іншых аб'ектаў.
Праект разбіты на 2 этапы. На першым этапе да 2030 года павінны быць асвоеныя планіровачныя раёны бліжэй да Калодзішчаў і Мінска. Жыллёвы фонд на першым этапе складзе 952 тысячы «квадратаў», а насельніцтва — 36,5 тысячы чалавек.
Другі этап прадугледжвае развіццё тэрыторыі пасля 2030 года. На гэтым этапе павінны быць дабудаваныя ўсе 11 планіровачных раёнаў і інфраструктура. Насельніцтва тады можа павялічыцца да 105 тысяч чалавек.
Грамадскае абмеркаванне будзе праходзіць з 22 мая па 5 чэрвеня.
Прэзентацыя праекта прадстаўленая ў электронным выглядзе на сайце УП «Мінскграда» і на афіцыйным сайце адміністрацыі Партызанскага раёна. Экспазіцыя праекта таксама будзе выстаўленая ў фае будынка адміністрацыі Партызанскага раёна.
Чытайце таксама:
Што не так з новай рэканструкцыяй будынка ў гістарычным цэнтры Брэста?
У Мінску зачынілася легендарная крама. Яна працавала каля паўстагоддзя і там унутры быў басейн





