Авечкі на полі з баршчэўнікам Sheep in a field with hogweed Овцы на поле с борщевником

Авечкі з задавальненнем ядуць баршчэўнік. Фота: старонка Scottish Invasive Species Initiative ў Facebook

Чым небяспечны баршчэўнік

Баршчэўнік Мантэгацы (лац. Heracléum mantegazziánum) — самы буйны прадстаўнік сямейства парасонавых. Натуральны арэал гэтай расліны знаходзіцца ў Карачаева-Чаркесіі і Краснадарскім краі Расіі, а таксама ў Грузіі.

У краінах Заходняй Еўропы пачынаючы з ХІХ стагоддзя баршчэўнік вырошчваўся як дэкаратыўная расліна. Але паступова ён здзічэў і выйшаў за межы гадавальнікаў. Сёння баршчэўнік Мантэгацы — адзін з найбольш шкодных інвазійных відаў у Еўропе.

Баршчэўнік — расліна, якая цвіце толькі адзін раз і пасля гэтага гіне на трэці-чацвёрты год жыцця. Такі ж прынцып размнажэння ўласцівы і моркве, якая ёсць яго далёкай сваячкай.

У першы год росту баршчэўнік фармуе лісце і назапашвае пажыўныя рэчывы ў каранях. Корань можа пранікаць у глебу на глыбіню каля двух метраў, а яго верхняя частка мае дыяметр прыкладна 5—8 см.

На другі год росту развіваецца моцнае сцябло вышынёй 3—4 метры. На гэтым сцябле зʼяўляецца мноства кветак, з якіх восенню ўтвараецца насенне. На адной расліне яго можа быць да 90 тысяч.

Насенне, якое трапіла ў глебу, можа захоўвацца там каля 5—10 гадоў. Працэнт прарастання складае да 90 працэнтаў. Зараснікі баршчэўніку выцясняюць усе найбліжэйшыя расліны, знішчаюць натуральную флору і фаўну.

Але баршчэўнік не проста злоснае пустазелле. Гэта расліна таксама вылучае таксічныя фуранакумарыны.

Кантакт скуры чалавека з сокам баршчэўніку Мантэгацы можа выклікаць фотадэрматыт — сурʼёзнае запаленне скуры, якое праяўляецца ў выглядзе пачырванення, пухліны, пухіроў і моцнага свербу. Пападанне соку ў вочы можа выклікаць апёк рагавіцы і запаленне вачэй.

Заражаную тэрыторыю неабходна паслядоўна апрацоўваць на працягу многіх гадоў (часам 10 і больш), каб цалкам вычарпаць банк насення. Звычайна распыляюць пестыцыды на лісце раслін і зразаюць квітучыя галоўкі, каб прадухіліць далейшае развіццё насення.

З часам такі метад дае чаканы вынік, аднак ён даволі працаёмкі, шкодны для навакольнага асяроддзя і дарагі.

Як праходзіў эксперымент

Людзі і жывёлы павінны трымацца далей ад баршчэўніку, але не для ўсіх ён атрутны. Агрэсіўны сок расліны не шкодны для авечак.

Таму ў 2019 годзе каманда шатландскай ініцыятывы па інвазійных відах у Абердзіншыры (Aberdeenshire) у партнёрстве з мясцовымі фермерамі і Абердзіншырскім універсітэтам агарадзіла ўчастак сем гектараў, заціснуты паміж палямі і ракой. Участак быў цалкам зарослы баршчэўнікам.

Для ацэнкі ўздзеяння выпасу на 42 участках маніторынгу баршчэўніку падлічвалі колькасць усходаў на ўчастку ў чэрвені і кастрычніку. Таксама назіранні праводзілі на ўчастку, дзе выпас не праводзіўся.

У красавіку 2019 года на ўчастак было запушчана 25 авечак. Але на працягу першага месяца нічога істотнага не назіралася. Толькі праз пару месяцаў авечкі па-сапраўднаму адчулі смак баршчэўніку.

За лета, як паказалі падлікі, колькасць раслін скарацілася на 54%. Пры гэтым скарацілася і колькасць участкаў, дзе ён рос. Калі ў чэрвені баршчэўнік прысутнічаў на 41 участку з 42, то ў кастрычніку — на 34.

Аднак разам з баршчэўнікам авечкі вельмі моцна паелі і навакольную расліннасць. Так працэнт аголенай зямлі вырас на 62%. Пад пагрозай аказалася біяразнастайнасць тэрыторыі.

На наступны год колькасць жывёл была паменшана прыкладна ўдвая. Але мяккая зіма і працяглыя перыяды моцнага дажджу спрыялі распаўсюджванню баршчэўніку на берагах рэк Шатландыі.

У той жа час авечкі па-ранейшаму эфектыўна паядалі гэтую расліну, і яе колькасць за лета зменшылася на 60%. Пры гэтым у параўнанні з 2019 годам да 22 скарацілася колькасць участкаў, на якіх восенню была заўважана расліна.

Таксама назіралася павелічэнне колькасці ўстойлівых да выпасу відаў, напрыклад, крапівы, якія засялілі голую зямлю, што ўтварылася з-за празмернага выпасу ў 2019 годзе. Некаторыя ўчасткі паказалі прыкметы аднаўлення расліннасці.

Але празмерны выпас усё ж быў заўважным, таму ў 2021 годзе на ўчастак выпусцілі толькі 12 авечак. У выніку, нягледзячы на тое, што авечак стала знача менш, зніжэнне колькасці раслін дасягнула рэкордных 82%. А восенню баршчэўнік рос толькі на 21 участку.

Вынікі

У справаздачы аб эксперыменце адзначаецца, што з году ў год назіралася павелічэнне сярэдняй вышыні расліннасці. Так, у 2019 годзе яна раўнялася 7 см у чэрвені і кастрычніку, у 2020-м — 22 см у чэрвені і 14 см у верасні. А ў 2021 годзе — 38 см у чэрвені і 28 см у верасні.

Гэта зʼявілася вынікам распаўсюджвання ўстойлівай да выпасу расліннасці (крапівы і ў меншай ступені асоту і папаратніку), якая каланізавала голую зямлю. Некаторыя месцы дэманстравалі абнадзейлівыя прыкметы аднаўлення расліннасці і пераходу ад гіганцкага баршчэўніку ды голай зямлі да разнатраўя.

У справаздачы адзначаецца, што было зафіксавана памяншэнне як колькасці ўчасткаў з наяўнасцю баршчэўніку, так і колькасці баршчэўніку на гэтых участках.

Маладыя расліны баршчэўніку па-ранейшаму ў той жа колькасці зʼяўляліся за межамі месца правядзення эксперымента (на кантрольным участку) у кастрычніку.

Гэта дадаткова сведчыць пра тое, што зніжэнне колькасці раслін на эксперыментальным участку зʼяўляецца не толькі вынікам сезоннага памяншэння росту. Відавочны вырашальны ўплыў на гэта пасьбы авечак.

Удзельнікі эксперымента выказваюць надзею, што іх ініцыятыва будзе падхоплена іншымі, бо гэты спосаб барацьбы з такой інвазійнай раслінай, як баршчэўнік Мантэгацы, самы экалагічны.

Чытайце яшчэ:

Трасца, горшая за баршчэўнік. Пра расліну, якая атручвае лясы па ўсёй Беларусі

Памятай пра іх у падарожжах і паходах. 10 самых атрутных раслін. Асцерагайся нават лісця

А можа не варта так часта касіць газон? Вось што пра гэта кажа навука

Крапіва, медуніца, макрыца ды іншае пустазелле, якое ўзбагаціць ваш стол

Клас
65
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
9
Сумна
4
Абуральна
11

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?