Кейка Агура, 85-гадовая жыхарка Японіі, якая ў дзяцінстве ацалела пры ядзерным выбуху ў Хірасіме. Фота: ABC News

Кейка Агура, 85-гадовая жыхарка Японіі, якая ў дзяцінстве ацалела пры ядзерным выбуху ў Хірасіме. Фота: ABC News

Тэлеканал ABC News 20 мая ўзяў інтэрв'ю ў Кейка Агуры — 85-гадовай жыхаркі Японіі, якая здолела выжыць пры ядзернай бамбардзіроўцы Хірасімы падчас Другой сусветнай. Жанчына падзялілася сваімі ўспамінамі, а таксама пракаментавала магчымае прымяненне ядзернай зброі з боку Расіі ў вайне супраць Украіны.

Кейка Агуры было ўсяго 8 гадоў, калі на Хірасіму ўпала амерыканская ядзерная бомба, якая забіла каля 140 тысяч чалавек. Па яе словах, яна выдатна памятае той страшны дзень і ўсё тое, што адбывалася навокал.

«Спачатку была яркая ўспышка, а потым я рэзка ўпала. Раздаўся моцны выбух, які суправаджаўся ўдарнай хваляй, падобнай на тайфун альбо тарнада. Ад выбуху мяне выштурхнула на вуліцу, дзе я адразу страціла прытомнасць. Калі я расплюшчыла вочы, усё было цёмна. Затым я паступова ўбачыла, што ўсё было ахоплена полымем», — распавядае Агура.

Па ўспамінах жанчыны, неўзабаве пасля гэтага пачаўся «чорны, забруджаны радыяцыяй» дождж, а ў яе раён сталі адусюль сцякацца людзі, з якіх жыўцом аблазіла скура. Яны былі падобныя да прывідаў ці зомбі, і яны пачалі масава паміраць на вачах Агуры.

«Калі я ўспамінаю тыя дні, мне адразу хочацца плакаць», — дзеліцца жанчына з ABC News.

Акрамя ўспамінаў, яна таксама выказала сваё меркаванне наконт падзей ва Украіне, якой рэгулярна пагражаюць ужываннем расійскай зброі масавага паражэння. 

Кейка Агура ўпэўненая, што Уладзімір Пуцін, выкарыстоўваючы падобныя пагрозы, не мае ніякага рэальнага паняцця аб сутнасці ядзернай зброі. 

«Ты не ведаеш, што такое ядзерная зброя і якія наступствы яе прымянення. Так што хадзі сюды і пераканайся сам», — кажа Агура ў сваім звароце да Пуціна.

На думку японкі, усяму свету трэба задумацца аб будучых пакаленнях і цалкам адмовіцца ад зла ў выглядзе ядзернай зброі.

Нагадаем, што цяпер у Японіі праходзіць чарговы саміт G7, адной з тэм якога таксама сталі планы Расіі па размяшчэнні сваёй ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Паводле заявы Пуціна, будаўніцтва сховішчаў у Беларусі для размяшчэння расійскай ядзернай зброі павінна скончыцца ўжо да 1 ліпеня.

Чытайце таксама:

«Нічога ў практычным сэнсе не было зроблена». Прадстаўнік Беларусі пры ААН расказаў, што цяпер адбываецца з размяшчэннем ядзернай зброі

Калі заўтра пачнецца ядзерная вайна, з якой імавернасцю вы выжывеце?

Топ культавых антываенных стужак, каб нагадаць сабе, наколькі каштоўны мір

Клас
40
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
8
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?