Валерый Зоркін прывёз Уладзіміру Пуціну карту, якая мае апраўдаць прэтэнзіі Масквы на Украіну. Фота: kremlin.ru

Валерый Зоркін прывёз Уладзіміру Пуціну карту, якая мае апраўдаць прэтэнзіі Масквы на Украіну. Фота: kremlin.ru

Старшыня Канстытуцыйнага суда Расіі Валерый Зоркін падарыў прэзідэнту старадаўнюю карту, «складзеную самімі французамі». 

«Выявілася, што ў нас у Канстытуцыйным судзе знайшлася копія карты XVII стагоддзя, складзеная пры Людовіку XIV, гэта значыць, гэта сярэдзіна, нават пачатак другой сярэдзіны XVII стагоддзя, складзеная самімі французамі.

Чаму я прывёз яе? Уладзімір Уладзіміравіч, Там няма Украіны!» — сказаў Валерый Зоркін.

«Чаму я ўсё ж рызыкнуў вам паказаць [карту]? Таму што шмат было спекуляцый наконт таго, дзе вытокі, дзе, як і што ўтварылася», — дадаў 80-гадовы старшыня Канстытуцыйнага суда, які займаў гэтую пасаду і пры прэзідэнце Ельцыну, і пры Пуціну.

Пуцін у адказ паўтарыў сваю думку з прамовы, з якой ён выступіў у ноч нападу на Украіну, што да стварэння УССР «ніякай Украіны не было ў гісторыі чалавецтва».

«Ну, мы ведаем, што гэтыя землі проста ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, а потым папрасіліся ў склад Маскоўскага Царства, вось і ўсё, і апынуліся ў складзе Маскоўскага Царства. А ўжо потым, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, пачалі ўтварацца ўсякія квазідзяржаўныя ўтварэнні, а

савецкая ўлада стварыла Савецкую Украіну. Гэта добра вядома ўсім. Да гэтага ніякай Украіны не было ў гісторыі чалавецтва», — сказаў Уладзімір Пуцін, які, напэўна, думае, што гэта апраўдвае ягоныя прэтэнзіі на тэрыторыю суверэннай дзяржавы.

Аднак, калі паглядзець на карту, створаную картографам Гіёмам Сансонам, Украіна там акурат-такі ёсць. Яна называецца Ukraine pays des cosaques, або «Украіна, зямля казакоў» у перакладзе з французскай. На той момант яна была часткай Рэчы Паспалітай.

Фота: Wikimedia Commons

Фота: Wikimedia Commons

Крым тады быў асобнай дзяржавай. Там знаходзілася Крымскае Ханства, крымскія татары і дагэтуль застаюцца карэнным народам паўвострава. А вось тэрыторыя, дзе пасля будзе размешчаны родны для Пуціна Пецярбург, пазначана як Інгрыя і належыць Швецыі. Не ўваходзіла тады ў склад Расіі і Сібір. Яе, як і Каўказ, Масковія каланізуе пазней.

Фота: Wikimedia Commons

Фота: Wikimedia Commons

Саму ж Расію аўтар карты называе «Землі цара Белай Русі, або вялікага князя маскоўскага».

Клас
10
Панылы сорам
12
Ха-ха
143
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1