Святлана Ціханоўская. Скрын відэазвароту

Святлана Ціханоўская. Скрын відэазвароту

«Яшчэ два месяцы таму дыктатары заяўлялі толькі пра намер размясціць у Беларусі расійскую ядзерную зброю — а ўжо сёння яны падпісалі пра гэта дакументы.

Ядзерная зброя — ніякі не «парасон», які абароніць ад небяспекі. Гэта ў першую чаргу мішэнь, цэль для ўдару ў адказ. Гэта наўпрост пагроза здароўю і жыццям беларусаў. Беларусаў, якія супраць размяшчэння ядзернай зброі ў сваёй краіне. Але дыктатары ж не пыталіся іх меркавання», — кажа ў звароце Святлана Ціханоўская.

Размяшчэнне ядзернай зброі ў нашай краіне ўзмоцніць і без таго велізарны кантроль Расіі над Беларуссю, падкрэслівае лідарка дэмакратычных сілаў.

«Гэту зброю складана будзе вывесці, яна можа стаць прадметам гандлю і агрэсіі з боку Расіі. Лукашэнка гэта разумее, але яму ўсё роўна, што будзе з нашай краінай у будучыні. Наступствы гэтага будуць гадамі разграбаць беларусы.

У 1990 гадах мы з вамі зрабілі свой выбар, адмовіўшыся ад ядзернай зброі і вывеўшы яе з нашай краіны — без якіх-небудзь умоў. Таму што беларусы вывучылі ўрокі гісторыі і не хочуць другога Чарнобыля на сваёй зямлі. Мы з вамі як ніхто ведаем цану міру і бяспекі. Ужо цяпер мір і бяспека кожнага з нас пад пагрозай».

Ціханоўская дадае, што галоўная мэта дэмакратычных сілаў — цалкам пазбавіць Беларусь ад расійскага ўплыву.

«Выйсці з АДКБ і Саюзнай дзяржавы — нам не патрэбныя саюзы, якія руйнуюць нашу краіну, супярэчаць нашым нацыянальным інтарэсам і ставяць пад пагрозу нашы жыцці. Беларусь павінна пазбавіцца ад такіх саюзаў і будаваць новыя, дзе шануецца жыццё, свабода і правы кожнага чалавека. Мы павінны дамагчыся вываду расійскіх войскаў і закрыцця іх вайсковых аб'ектаў на тэрыторыі сваёй краіны», — адзначыла яна. 

Чытайце таксама:

Лукашэнка заявіў, што пачалося перамяшчэнне ў Беларусь ядзерных боепрыпасаў

«Мы гаспадарлівыя». Лукашэнка супакойваў расіян, што з расійскай ядзернай зброяй ў Беларусі нічога не здарыцца

Кіраўнікі Мінабароны РФ і Беларусі падпісалі дакументы наконт нестратэгічнай ядзернай зброі РФ на тэрыторыі Беларусі. Кнопка будзе толькі ў Расіі

Клас
16
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
5