МЗС Расіі. Фота: «Наша Ніва»
Германія будзе вымушана звольніць і эвакуяваць звыш сотні сваіх дзяржслужачых з Расіі з-за ўстаноўленага ёю ліміту на дыпламатычную прысутнасць у краіне. Пра гэта 27 мая паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцу ў МЗС Германіі.
Сярод тых, хто трапіў у спіс на скарачэнне, ёсць дыпламаты, настаўнікі, супрацоўнікі культурных устаноў (напрыклад, з Інстытута Гётэ) і іншыя.
Сам ліміт на дыпламатычную прысутнасць у Расіі дакладна невядомы, аднак ён прадугледжвае высылку нямецкіх прадстаўнікоў ужо ў пачатку чэрвеня.
«Гэты ліміт, усталяваны Расіяй на пачатак чэрвеня, патрабуе сур'ёзнага скарачэння ўсіх напрамкаў нашай прысутнасці ў Расіі. Колькасць тых, хто трапіў пад гэта скарачэнне, складае звыш 100 чалавек», — заяўляе крыніца ў МЗС Германіі агенцтву Reuters.
Паводле інфармацыі крыніцы, у самім нямецкім МЗС палічылі падобны ліміт «аднабаковым, неапраўданым і незразумелым».
Нагадаем, што яшчэ ў мінулым месяцы Германія выслала 30 расійскіх дыпламатаў. Падобныя дыпламатычныя высылкі паміж Еўропай і Расіяй абвастрыліся з-за пачатку вайны ва Украіне, у якой Германія аказвае сур'ёзную палітычную, эканамічную і вайсковую дапамогу Кіеву ў барацьбе супраць расійскай экспансіі.
Чытайце таксама:
Шольц: Пуцін хоча зрабіць Украіну і Беларусь часткамі Расіі
Кіраўніца МЗС Германіі заклікала Кітай паўплываць на Расію для заканчэння вайны
Германія выканае патрабаванне Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Пуціна — міністр юстыцыі ФРГ





