Аляксандр Кушняроў
Мінскі гарадскі суд на гэтым тыдні разгледзіць крымінальную справу ў дачыненні да крымінальнага аўтарытэту Аляксандра Кушнярова, піша Sputnik.
Кушняроў вядомы як «крымінальны аўтарытэт» Саша Кушнер і адзін з ключавых удзельнікаў гомельскай «банды Марозава».
На гэты раз яго вінавацяць у падрыхтоўцы заказнога забойства. Гаворка ідзе пра помсту за сябра і самага вядомага азербайджанскага злодзея ў законе — Надзіра Саліфава па мянушцы Гулі.
Першае судовае пасяджэнне па гэтай крымінальнай справе прызначанае на 2 чэрвеня на 10:30, як паведамілі выданню ў панядзелак у Менскім гарадскім судзе.
Кушнярова абвінавачваюць у падрыхтоўцы да заказнога забойства дзвюх асоб.
Таксама яму выставілі абвінавачанне ў незаконным набыцці, перадачы ў валоданне, захоўванні, перавозцы, нашэнні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, што ўчынена паўторна.
Саша Кушнер быў затрыманы ўлетку 2022 года.
Дзеянні 56-гадовага раней неаднаразова судзімага Кушнярова кваліфікавалі па ч. 1 арт. 13, п. п. 1, 12, 15, 16 ч. 2 арт. 139 (падрыхтоўка да забойства, па найме, групай асоб, асобай, якая раней учыніла забойства), а таксама па ч. 3 арт. 295 (незаконныя набыццё, захоўванне, перавозка, перадача ў валоданне, нашэнне агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, што ўчынена паўторна) Крымінальнага кодэкса.
Кушнярову пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі.





