Сёлета сезон клубніц на рынках пачаўся адносна рана, а зараз і зусім набраў абароты, піша Tochka.by.

Калі яшчэ тыдзень таму цана была ў межах 15 рублёў, амаль усе ягады былі імпартныя, то цяпер у асноўным прадаюць мясцовыя.

На папулярным у Мінску Заходнім рынку амаль на ўсіх латках надпіс «Беларусь». Хтосьці для добрых таргоў дадае «бомба», «духмяныя», «смачныя і сакавітыя».

Лагічна, што ўсе беларускія клубніцы едуць у сталіцу з поўдня краіны.

«Яно ж відаць, што ягады нашы. Яны крыху меншыя, чым грэцкія, але затое сваё ўсё, яно чысцейшае, учора сарвалі з градкі, а сёння ўжо можна есці», — не губляе надзеі рэалізаваць тавар прадавец.

Беларускія клубніцы ёсць у некалькіх варыянтах: танней і даражэй. Тыя, што танней, будуць драбнейшыя. Каштуе кілаграм дзевяць рублёў.

«Сунічны гатунак. Ён больш да суніц падобны, нешта сярэдняе, мікс», — адзначае пакупніца, забіраючы з вагаў два кіло свежых ягад.

У палаткі з духмянай прадукцыяй паступова выстройваюцца чэргі. Але бяруць не толькі гатунак «Сунічны». Папулярны і звышранні гатунак «Альба».

Ягады вязуць з Драгічынскага раёна. Бывае прадукцыя са Століна.

«Гэтая ўжо буйнейшыя, будуць і больш салодкія, таму і даражэйшыя. За кілаграм «Альбы» просім 11 рублёў», — кажуць на рынку.

Клубніцы за дзень прадаюць амаль усе. Некаторыя наведвальнікі гандлёвага аб'екта бяруць тавар латкамі: па пяць і нават па 10 кіло.

«У асноўным па кіло, вядома. Але некаторыя закупляюцца на кампоты, на паесці, нешта можна і закатаць», — паўтараюць прадаўцы.

Дарэчы, гэта не самыя нізкія цэны на беларускія ягады. Можна знайсці варыянты і таннейшыя.

«Ды і бліжэй да канца працоўнага дня мы робім зніжкі. Усё, што прывезлі на рынак, трэба прадаць сёння, максімум з раніцы заўтра, інакш прападзе», — разводзіць рукамі дзяўчына.

У найбліжэйшыя тыдні будзе падзенне цаны на сезонную прадукцыю. І не толькі на клубніцы.

Пачым чарэшня на рынках

Дарэчы, прадаюць на Заходнім рынку і чарэшню. У асартыменце гэтых ягад стала менш.

«Ад'еліся людзі», — адзначаюць работнікі рынку.

Цана чарэшні не моцна змяняецца, кіло каштуе ва ўсіх прадаўцоў па-рознаму: дзесьці 17 рублёў, дзесьці і 20.

Як тлумачаць, адносна высокая цана трымаецца таму, што тавар прывезены.

«Узбекістан звычайна. Дарога, паліва, час, пасярэднікі. Але хутка будзе і наша — тады і цэны пойдуць уніз», — упэўненыя работнікі гандлю.

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0