Як піша «Еўрапейская праўда», з дакументам азнаёміўся брытанскі канал Sky News.

Калі гэты 16-старонкавы дакумент, датаваны 14 верасня 2022 года, аўтэнтычны, то ў ім гаворыцца пра ўзоры артылерыйскіх і танкавых снарадаў і ракет рознага памеру на агульную суму крыху больш за 1 млн даляраў.

Старонка кантракта, апублікаваная Sky News

Старонка кантракта, апублікаваная Sky News

Крыніца перадала тэлеканалу дакумент разам з пяццю старонкамі нібыта звязанага кантракта, які ўключае ў сябе ствалы для танка Т-72 і ствалы для гаўбіцы, а таксама снарады да яе. Гэтая здзелка каштавала каля 740 000 даляраў ЗША.

«Гэта кантракт паміж іранцамі і расіянамі па боепрыпасах… Мы лічым, што ён на 100% аўтэнтычны», — сцвярджае крыніца ў органах бяспекі Брытаніі.

Sky News паказаў дакументы прэм'еру Украіны Дзянісу Шмыгалю падчас яго візіту ў Вялікабрытанію ў маі, а таксама міністру замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймсу Клеверлі.

Кіеў і Лондан заявілі, што плануюць расследаваць праўдзівасць матэрыялу і будуць прымаць меры, калі будзе ўстаноўлена, што ён заслугоўвае даверу.

«Мы падазравалі, што адбываецца нешта падобнае. Як толькі мы праверым гэта належным чынам, мы зможам дзейнічаць адпаведна», — сказаў амбасадар Украіны ў Брытаніі Вадзім Прыстайка.

«Калі нам будзе перададзена інфармацыя, мы будзем спрабаваць ацаніць яе і пацвердзіць. І, вядома, мы будзем прымаць рашэнні на аснове гэтага», — адзначыў у сваю чаргу кіраўнік МЗС Брытаніі Джэймс Клеверлі.

Прыстайка таксама заявіў, што кантракт, калі ён сапраўдны, ёсць доказам таго, што ў Расіі заканчваюцца вайсковыя запасы.

«Тое, што яны кажуць пра такія простыя рэчы, як узбраенне, як боепрыпасы, сведчыць пра тое, што расійская пазіцыя сапраўды даволі складаная», — адзначыў ён.

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
4