Дзмітрый Сарокін
«Сёння з'явілася інфармацыя, што ў РАУС горада Ліды раптоўна памёр Дзмітрый Сарокін. Нам яшчэ невядомыя прычыны таго, чаму Дзмітрый знаходзіўся ў РАУС, але гэта ўжо не першы раз, калі сілавікі затрымліваюць яго.
Інфармацыі аб прычыне смерці 37-гадовага Дзмітрыя пакуль няма. Трагедыя адбылася яшчэ ў чацвер, 1 чэрвеня, а сілавікі па-ранейшаму ўсё хаваюць і спрабуюць «замяць» чарговае самавольства. Таму я прашу ўсіх, хто ведае нейкую інфармацыю пра смерць Змітра, паведаміць яе наўпрост сваякам, у незалежныя СМІ ці праваабаронцам. Мы павінны даведацца праўду.
Я хачу выказаць шчырыя спачуванні родным, блізкім і сябрам Дзмітрыя. Прама зараз мне б вельмі хацелася абняць вас, трымайцеся», — напісала ў тэлеграм-канале Ціханоўская.
Дзмітрый працаваў як дызайнер, маркетолаг, мастак-канструктар, мерчандайзер у розных кампаніях. Ён скончыў Лідскі тэхнічны каледж па спецыяльнасці «тэхнік-механік», а потым вучыўся ў Інстытуце прадпрымальніцтва і парламентарызму на дакументазнаўцу.
Пахаванне прызначана на аўторак.





