МУС не любіць расказваць грамадскасці пра выпадкі смерцяў і самагубстваў (ці іх спробаў) затрыманых і тых, хто адбывае пакаранне.

Аднак падобных інцыдэнтаў адбываецца да дзясятка ў год.

Прывядзём толькі некаторыя з іх.

21 мая 2002 года ўчастковы інспектар міліцыі і супрацоўнік крымінальнага вышуку даставілі ў Лідскі раёны аддзел міліцыі 26-гадовага мясцовага жыхара. Мужчына раней быў судзімы і быў у вышуку за ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе папраўчых работ. Праз паўтары гадзіны знаходжання ў кабінеце затрыманы выскачыў з акна кабінета супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, размешчанага на другім паверсе. Зламаў абедзве рукі, аднак застаўся жывы і пасля лячэння ў бальніцы адправіўся на «хімію». У дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі парушэнняў тады не знайшлі.

7 ліпеня 2002 года ў мінскім РУУС выскачыў з акна чацвёртага паверха і разбіўся 57-гадовы мінчук. Ён быў арыштаваны раней за сямейны скандал і адбываў у РУУСе 15 сутак. Па сведчаннях супрацоўнікаў міліцыі, непасрэдна перад самагубствам мужчына займаўся прыборкай. Праверка прыйшла да высновы, што самагубства выклікалі асабістыя прычыны.

Збегчы ад міліцыянтаў спрабаваў калісьці дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Маеўскі. Ён быў затрыманы 22 красавіка 2003 года разам з дырэктарам Лідскага малочна-кансервавага камбіната Лысухам (Маеўскі на камбінаце быў галоўным інжынерам). Мужчын падазравалі ў атрыманні хабару (арт. 430 ч. 2 КК).

Іх прывезлі ў гродзенскае абласное аддзяленне міліцыі. Маеўскі, даведаўшыся пра крымінальную справу, папрасіўся выйсці ў туалет на чацвёртым паверсе, а адтуль выскачыў праз адкрытае акно і разбіўся. На наступны дзень абласная пракуратура завяла крымінальную справу па арт. 145 ч. 1 КК — давядзенне да самагубства.

Па традыцыі факт пастараліся схаваць, грамадскасць не інфармавалі пра тое, чым скончылася скандальная справа.

19 снежня 2003 года ў Жлобінскі РАУС прывезлі бяздомнага, у якога пры сабе не было ніякіх дакументаў. Пакінуты без нагляду ў калідоры, мужчына адкрыў акно, выйшаў на дах пераходу, які злучае карпусы будынка, і саскочыў. Праз 20 хвілін, ужо ў бальніцы, мужчына памёр. Яго апазналі толькі праз тры дні. Гэта быў 35-гадовы гомельскі рабочы, раней яго судзілі за крадзеж. Як ён трапіў у Жлобін і чаму выглядаў абарванцам, ніхто высвятляць не стаў. Справу закрылі, палічыўшы, што мужчына сам прыняў рашэнне бегчы і няўдала рызыкнуў уласным жыццём.

У 2004 годзе быў інцыдэнт у Талачыне. З акна кабінета міліцыі на трэцім паверсе выкінуўся 21-гадовы жыхар вёскі Новае Сяло, які нідзе не працаваў. Было гэта 29 кастрычніка. Мужчына быў затрыманы за хуліганства. Са шматлікімі цяжкімі пераломамі і траўмамі яго даставілі ў талачынскую бальніцу, дзе ён праз два дні памёр. Праведзеная праверка не знайшла ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі парушэнняў.

У навагрудскім ІЧУ ў 2006 годзе засіліўся жыхар Баранавіч. Яму было 48 гадоў, арыштавалі яго за ўхіленне ад утрымання дзяцей. Мужчына павесіўся на тасьме ад майкі, замацаванай за выступ тынкоўкі сцяны. Адметна, што на міліцыянта, які дзяжурыў у ІЧУ, тады завялі крымінальную справу па арт. 428 ч. 2 КК — службовая халатнасць, якая пацягнула смерць чалавека. Чым скончылася справа, грамадскасці засталося невядома.

У 2007 годзе (22 студзеня) з акна на трэцім паверсе пінскай міліцыі выкінуўся 31-гадовы мясцовы жыхар. Мужчына загінуў. Раней яго судзілі за незаконны абарот наркотыкаў. Праверка вынесла вердыкт, што парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі няма, а мужчына здзейсніў самагубства самастойна, імаверна, з прычыны ўжывання наркотыкаў.

17 лістапада 2011 года ў Гродне супрацоўнікі крымінальнага вышуку і следства даставілі дадому для правядзення следчых дзеянняў 50-гадовага мясцовага жыхара. Раней мужчыну затрымалі па падазрэнні ў забойстве. У кватэры, якая была на 9-м паверсе, ён разагнаўся, выбег на балкон і саскочыў. Следства прыйшло да высновы, што мужчына вырашыў звесці рахункі з жыццём самастойна, без ціску з боку службовых асоб.

У 2013 годзе быў выпадак, калі мужчына павесіўся ў жодзінскай турме. Здарылася гэта 7 лістапада ў карцары. 25-гадовы мінчук, які засіліўся, быў арыштаваны за хуліганства.

Рэдкі выпадак, але праз дзесяць месяцаў пасля гэтага здарэння ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці завяло крымінальную справу за давядзенне да самагубства — на старшага па корпусным аддзяленні дзяжурнай службы турмы. Прапаршчыка затрымалі і змясцілі да суда ў СІЗА КДБ.

Але засталося невядомым, чым скончылася следства і ці былі прыцягнутыя да адказнасці службовыя асобы, датычныя да смерці ў турме мужчыны.

Гучны выпадак здарыўся на пачатку 2022 года. У навагоднюю ноч у Рэчыцы ў пастарунку памёр затрыманы Дзмітрый Усхопаў. І хоць СК заявіў, што прычынай сталі алкаголь і марыхуана, гэта версія выклікае пытанні. Блізкія казалі, што мужчыну моцна збілі. Родных і сведак затрымання пазней эвакуявалі з Беларусі.

Абставіны смерцяў і прычыны, як бачна, бываюць розныя.

Часам спроба самагубства для чалавека — крайні спосаб пратэсту затрыманага і прыцягнення ўвагі да парушэнняў з боку дзяржаўных органаў.

Так, актывістка руху «Маці-328» Марына Кісілевіч выпіла снатворнае пасля затрымання на знак пратэсту.

Частай формай пратэсту становіцца галадоўка. У выпадку, калі зняволены даводзіць сябе да крытычнага стану, яго кормяць прымусова: уводзяць катэтар праз нос або рот у насаглотку і ўліваюць харчовую вадкасць непасрэдна ў страўнік, а таксама ставяць кропельніцы з глюкозай, амінакіслотамі і вітамінамі. 

У новай гісторыі Беларусі невядома пра давядзенне сябе да смерці ва ўмовах зняволення пры дапамозе галадоўкі. Аднак многія са зняволеных — і асабліва палітычныя ў апошнія гады — выкарыстоўваюць галадоўку як адчайны спосаб барацьбы з несправядлівасцю.

За час пасля 2020 года за кратамі (у калоніі ці на «хіміі») памерлі трое палітычных вязняў: Вітольд Ашурак, Дзмітрый Дудойць, Мікалай Клімовіч. Была спроба самагубства ў калоніі ў Навасадах, тады з акна выкінуўся палітзняволены Уладзімір Іпатаў, але ён выжыў.

У жніўні 2020-га ў першыя дні пратэсту пасля збіцця і затрымання ў шпіталі памёр гамяльчук Аляксандр Віхор.

Чытайце таксама:

Колькі палітвязняў памерла ці звяло рахункі з жыццём праз невыносныя ўмовы за кратамі

З акна Ваўкавыскага РАУС выкінуўся хлопец у наручніках. Ëн разбіўся насмерць

У Лідскім РАУС памёр 37-гадовы паэт

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
4